25.03.2022
25.03.2022

Кніжная паліца. Што пачытаць дзеткам па-беларуску?

logo
Адукацыя і выхаванне
88 0115
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Алена Масла:

– У маёй хатняй бібліятэцы беларускія дзіцячыя кнігі займаюць ці не найбольш месца. Заўсёды шукала найцікавейшае сярод навінак, збірала ўпадабаныя кнігі класікаў – таму праблемы, што пачытаць дзецям па-беларуску, ніколі не мела. Набыткамі сваімі, упадабаннямі, ахвотна падзялюся ў рубрыцы «Кніжная паліца».

Пачну ж «рэвізію» сваёй кніжнай паліцы з кніг Васіля Віткі - пісьменніка, чыё імя значыцца сярод «Найлепшых казачнікаў свету». Гэтым тытулам пісьменнік уганараваны ў 1973 годзе - менавіта тады ён атрымаў прэстыжны і пачэсны Міжнародны дыплом імя Х.К. Андэрсэна.

Васіль Вітка

Васіль Вітка - класік беларускай дзіцячай літаратуры, першы рэдактар-стваральнік дзіцячага часопіса «Вясёлка» . Яго кнігі часта перавыдаюцца. Адно з самых арыгінальных выданняў здзейсніла сёлета выдавецтва «Коска»: выдала кнігу «Плыў па моры чамадан», праілюстраваную дзіцячымі малюнкамі, з прадмовай-расказам пра Васіля Вітку яго ўнучкі Юлі.

У маёй хатняй бібліятэцы захоўваюцца дзве кнігі Васіля Віткі, якімі я вельмі даражу. «Казкі» («Мастацкая літаратура», 1976) і «Ладачкі-ладкі» («Мастацкая літаратура», 1977).

Кнігі Васіля Віткі

Кніга «Казкі» – гэта некалькі твораў пад адной вокладкай. «ППШ», «Азбука Васі Вясёлкіна», «Вавёрчына гора», «Буслінае лета», «Казка пра цара-зубра»… Дарэчы, у «Бусліным леце» упершыню з'яўляецца герой Васіль, які ў «Казцы пра цара-зубра» атрымлівае прозвішча Вясёлкін – гэтага героя ведае не адно пакаленне беларусаў.

Казкі з гэтай кнігі не толькі цікавыя самі па сабе, яны даюць падставу пагаварыць пра навакольны свет – чаго вартыя толькі знаёмствы з птушкамі і насельнікамі пушчы! Яшчэ казкі могуць стаць падставай для размоў пра тэхнічны прагрэс, які адбыўся ад пары з'яўлення на свет твораў - па сённяшні дзень.

Сучасным карыстальнікам мудрагелістых гаджэтаў цікава будзе паназіраць, якія стасункі з тэхнікай былі ў землях – няхай сабе і казачных – палову стагоддя таму. Устаноўка антэны, знаходкі ляснога тэлевізара, размовы пра МАЗ… Адным словам, кніга дорыць цікавае чытво і падставу для размоў з дзецьмі.

Карціць падзяліцца цікавосткай: казка «Вавёрчына гора» – першы твор Васіля Віткі, напісаны для дзяцей. Цікавая гісторыя яе з’яўлення на свет. Пісьменнік ехаў да сваёй маці разам з васьмігадовым сынам. Ад Слуцка да вёскі Еўлічы трэба было ісці пешкі пятнаццаць кіламетраў. Каб лягчэй ішлося, бацька расказваў сыну казкі – і раптам пачаў складаць сваю: «Забалелі ў вавёрачкі зубкі, не можа раскусіць арэхавай шкарлупкі…»

Сын ажывіўся, слухаў з цікавасцю – гэта і была першая ўхвальная крытыка на казку, якую пісьменнік пазней занатаваў і назваў «Вавёрчына гора».

Кніга "Васіля Віткі"

Кнігу «Казкі» аздабляюць ілюстрацыі мастачкі Ларысы Зеневіч – жывапісца, графіка, аніматара. Нарадзілася яна ў Мінску, шлях мастака-мультыплікатара пачынала на «Беларусьфільме», пасля пераехала ў Маскву і зараз працуе ў анімацыйнай студыі легендарнага стваральніка мультфільма «Вожык у тумане» Юрыя Нарштэйна.

У 2021 годзе, у 110-ю гадавіну з дня нараджэння казачніка, выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выдала кнігі «Прыгоды Васі Вясёлкіна» і «Азбука Васі Вясёлкіна», выкарыстаўшы ў аздабленні ілюстрацыі Ларысы Зеневіч з выдання 1976 года.

У твораў Васіля Віткі жывая мова, багатая сакавітымі слоўцамі і трапным выразам – сама тое, каб замацоўваць веданне роднай мовы альбо пачынаць яе вывучаць! Падыходзіць і дзецям, і дарослым.

Казки Васіля Віткі

«Ладачкі-ладкі» (народныя калыханкі, пацешкі, гульні, лічылкі, складзеныя ў кнігу і апрацаваныя Васілём Віткам) – асаблівая ў гісторыі нашай сям’і кніга, бо гадуецца на ёй ужо трэцяе пакаленне дзяцей. «Ладачкі-ладкі» нарадзіліся ў адзін год з нашым малодшым братам Васільком, таму год выхаду назаву, прачнуўшыся сярод ночы  – 1977.

Назубок ад той пары ведаю і саму кнігу, бо мама з татам набылі яе, як толькі пабачылі ў кнігарні. Лёгкія, звонкія тэксты запаміналіся самі сабой, таму я і сястра Наташа – нянькі, на дзесяць і сем гадоў старэйшыя за малога брата – не мелі цяжкасцяў у паэтычным абжыванні свету разам з ім. Калі ж брат падрос, кнігу зацягаў і загледзеў да дзірак – бо прыгожая яна, вачэй не адвесці.

«Ладачкі-ладкі» мы ратавалі – падклейвалі старонкі, умацоўвалі карэньчык – і кніга дачакала пары, калі спатрэбілася ўжо нашым з Наталляй дзецям. Праўда, у іх шчырых абдымках рассыпалася ўжо беззваротна.

Засталася б гэтая кніга адно ў памяці, а не на кніжнай паліцы, каб у 2011 годзе лёс не падараваў мне шчаслівую сустрэчу з мастачкай Аленай Георгіеўнай Лось (яна разам з Уладзімірам Басалыгам і Наталляй Паплаўскай аздабляла «Ладачкі-ладкі»).

На замову аднаго дзіцячага часопіса я пісала пра ўлюбёную з дзяцінства мастачку, наведвалася да яе ў майстэрню. Паміж намі завязаліся цёплыя стасункі. Апошнія гады жыцця Алена Георгіеўна ахвотна малявала кветкі, якія вельмі любіла, і коцікаў. Некалькі прац мастачкі мы набылі ў сямейную калекцыю, а вось славутых сваіх «Паненак» – лялек з таўкачыкаў,  а таксама кнігу «Ладачкі-ладкі», захаваную з года выпуску, Алена Георгіеўна падаравала на памяць.

Казкі Васіля Віткі

Вось гэта скарб! У кватэры аформіўся куточак з творамі Алены Лось. Падораныя ж «Ладачкі-ладкі» дапамагаюць мне гадаваць ужо ўнучку! То бок, я маю магчымасць не толькі чытаць і завучваць з ёй на памяць лічылкі, калыханкі ды загадкі. Я бачу, як лёгка запамінае, ахвотна ўспрымае фальклорныя тэксты, апрацаваныя Васілём Віткам, сучаснае дзіця. Ёй весела і цікава – як было цікава і маленькаму брату, і маім дзецям.

Шчыра раю апрабіраваць кнігу ва ўласнай сям’і!

Дзе браць?

Спытаць у бібліятэцы. Можа здарыцца цуд, і вам з фондаў-запаснікоў пададуць менавіта «Ладачкі-ладкі» 1977 года выдання. Тое самае і з «Казкамі» 1976 года выдання.

Можна пашукаць названыя кнігі на інтэрнэт прасторах. Асабіста я не ўяўляю, як магчыма адарваць ад сэрца і пазбавіць такіх дзіцячых кніг ўласную бібліятэку, але абставіны і перавагі ў людзей бываюць розныя, таму час ад часу «Ладачкі-ладкі» і «Казкі» з’яўляюцца ў продажы на розных пляцоўках.

Калі ж не – у бібліятэцы і кнігарнях абавязкова знойдуцца іншыя выданні з творамі Васіля Віткі. Як згадвалася вышэй, мінулы год быў юбілейным, і шмат хто перавыдаваў творы цудоўнага казачніка.

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

88 0 115