Кадзіраванне — псіхатэрапеўтычны метад лячэння. Яго заснавальнікам быў савецкі псіхіятр-нарколаг Аляксандр Даўжэнка. У 80-я гады мінулага стагоддзя ён распрацаваў методыку пазбаўлення ад рознага кшталту залежнасцяў, заснаваную на стрэсавай (шокавай) тэрапіі.
Сутнасць метаду ў тым, што падчас сеанса псіхатэрапіі з элементамі гіпнозу пацыенту унушаецца агіда да алкаголю, даецца ўстаноўка на цвярозы лад жыцця. Адначасова праводзіцца псіхічнае праграмаванне (у падсвядомасць закладваецца код — адсюль і назва метаду «кадзіраванне») наступстваў у выпадку ўжывання алкаголю.
Дужа непрыемныя фізічныя адчуванні — ад млоснасці, галавакружэння, гіпатаніі да сутаргаў і страты прытомнасці — гэта псіхасаматычныя праявы, выкліканыя прыёмам алкаголю ў перыяд дзеяння кадзіравання.
Перавагі кадзіравання

- Па самых адважных заявах, эфектыўнасць кадзіравання дасягае 93%. Але бліжэй да рэальнасці лічба 50%. І тое, варта зрабіць заўвагу: метад, у прынцыпе, дзейсны толькі для людзей, якія маюць дакладнае і ўсвядомленае жаданне пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці, пачаць жыццё ў абсалютнай цвярозасці. Таксама вялікае значэнне маюць безумоўная вера ў выбраны метад лячэння і давер да ўрача.
- Кароткатэрміновасць працэдуры: сеанс доўжыцца максімум 4 гадзіны.
- Маментальны тэрапеўтычны эфект.
- Эфект кадзіравання захоўваецца на працягу 1 года. Можа быць падоўжаны да 3–5 гадоў. Гэтага цалкам дастаткова для пацыента, каб сфарміраваць звычку цвярозага жыцця.
- Кадзіраванне не проціпаказана цяжарным жанчынам.
- Метад мае зваротную сілу. Фактычна асобу можна «перапраграмаваць» пры дапамозе яшчэ аднаго сеансу псіхатэрапіі: зняць код, укласці ў падсвядомасць іншыя ўстаноўкі і г. д.
Недахопы кадзіравання

- Аўтар арыгінальнай методыкі для дасягнення гарантаванага поспеху кадзіравання патрабаваў захавання абсалютнай цвярозасці на працягу месяца перад сеансам. Аднак для людзей з сіндромам залежнасці ў большасці выпадкаў гэта непераадольны адрэзак часу.
- Ёсць шмат фактараў, якія зніжаюць эфектыўнасць псіхатэрапеўтычнага метаду лячэння. У першую чаргу, маюць значэнне індывідуальныя схільнасці чалавека. Ёсць катэгорыя людзей, на якіх метад унушэння практычна не дзейнічае. Акрамя таго, намаганні ўрача будуць зведзены на нішто нават пры найменшым сумневе пацыента ў сваім намеры цалкам адмовіцца ад алкаголю.
- Гэты метад не падыходзіць людзям, хвароба якіх дасягнула апошняй стадыі.
Супрацьпаказанні да кадзіравання
Псіхатэрапеўтычны метад лячэння ад алкагалізму проціпаказаны людзям з хваробамі псіхікі і сардэчна-сасудзістай сістэмы, а таксама ў перыяд абвастрэння хранічных захворванняў і пры алкагольным абстынентным сіндроме.
Кошт кадзіравання ад алкагалізму па краіне — ад 100 да 250 рублёў. Працэдура праводзіцца ў дзяржаўных спецыялізаваных клініках (наркалагічных дыспансерах) і прыватных медыцынскіх цэнтрах, якія маюць ліцэнзію Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь на адпаведную дзейнасць.
Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.
