10.03.2020
10.03.2020

Колькасць вылечаных ад каранавіруснай інфекцыі ў Беларусі павялічылася да трох чалавек

logo
Навiны
0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя, трэці адмоўны вынік тэсту атрыманы ў студэнта з Ірана, які стаў першым, хто захварэў на каранавірус у нашай краіне. Яшчэ ў двух чалавек з кантактаў першага ўзроўню таксама атрыманыя адмоўныя вынікі тэстаў. Пацыенты будуць выпісаныя са стацыянара пасля завяршэння ўсіх мерапрыемстваў лабараторнага і клінічнага кантролю.

Стан усіх астатніх, у каго быў дыягнаставаны COVID-19, здавальняючы. Тэмпература нармальная, праводзяцца лабараторны кантроль і мерапрыемствы медыцынскага назірання. Усяго ў Беларусі пацверджаныя 9 выпадкаў каранавіруснай інфекцыі.

Нагадаем, што на прэс-канферэнцыі ў панядзелак, 9 сакавіка, міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік паведаміў, што ў выходныя дні былі атрыманыя тры станоўчыя тэсты ў людзей, якія блізка кантактавалі з захварэўшымі, што вярнуліся з Італіі. Да гэтага часу яны ўжо знаходзіліся ў медыцынскіх установах, што дазволіла звесці рызыку распаўсюджвання інфекцыі да мінімуму.

Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Сітуацыя ў рэспубліцы стабільная і кантралюемая. Мы яшчэ раз пераканаліся, што тактыка максімальна аператыўнай лакалізацыі кантактаў першага ўзроўню сапраўды найбольш апраўданая і накіраваная на папярэджанне распаўсюджвання інфекцыі. Мы працягнем санітарна-эпідэміялагічныя мерапрыемствы, медыцынскае назіранне і лячэнне пацыентаў з прыкметамі як каранавіруснай інфекцыі, так і іншых рэспіраторных інфекцый. Рэсурсаў дастаткова, і сітуацыю мы расцэньваем як здавальняючую.

Міністр адзначыў, што ўсе вынікі тэстаў праходзяць трайны кантроль ад трох незалежных вытворцаў. Гэта робіцца для таго, каб не засталося ніякіх сумненняў у дакладнасці вынікаў. Акрамя станоўчых тэстаў, падобную трайную экспертызу праходзіць і частка адмоўных вынікаў.

Калі тэст будзе станоўчым, дык на працягу сутак з гэтым чалавекам абавязкова звяжуцца. Калі на працягу гэтага часу з вамі ніхто на сувязь не выйшаў, вынік тыпавання лічыцца адмоўным, растлумачыў Уладзімір Каранік. Ён дадаў, што пад лабараторным кантролем на сёння знаходзяцца прыкладна 1200-1300 чалавек. Частка пацыентаў – у стацыянарах, частка – пад амбулаторным назіраннем.

Абмежаванні наведвання стацыянараў і правядзення планавых аперацый

Як распавяла начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, экспертызы, зваротаў грамадзянаў і юрыдычных асобаў Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан, у сувязі з тым, што зараз рэгіструецца сезонны ўздым захваральнасці на ВРІ, прыняты шэраг арганізацыйных мераў, якія тычацца абмежавання наведванняў стацыянарных устаноў аховы здароўя, а таксама выканання планавых хірургічных умяшанняў.

 
Алена Богдан
Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, экспертызы, зваротаў грамадзянаў і юрыдычных асобаў Міністэрства аховы здароўя
На штодзённым кантролі ў Міністэрстве аховы здароўя знаходзіцца сітуацыя па захваральнасці на ВРІ. У сувязі з гэтым прыняты шэраг арганізацыйных мераў, якія накіраваныя на абмежаванне наведванняў нашых медустаноў. Таксама праводзіцца перапрафіляванне ложкавага фонду пад ВРВІ і пнеўманіі. У нас на пастаянным кантролі – запас лекавых сродкаў, расходных матэрыялаў і сродкаў індывідуальнай абароны. Па розных пазіцыях лекавых сродкаў запас складае ад 4 да 11 месяцаў працы.

Таксама, адзначыла эксперт, прыпыненыя планавыя аператыўныя ўмяшанні. Выконваюцца толькі экстранныя і неадкладныя хірургічныя ўмяшанні. Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік дадаў, што падобная тактыка – традыцыйная і праводзіцца штогод у перыяд уздыму вострых рэспіраторных інфекцый. Усе гэтыя мерапрыемствы неабходныя, каб пазбегнуць вялікай колькасці выпадкаў ускладненняў.

Сітуацыя ў свеце

Прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў адзначыў, што агульная колькасць выпадкаў захворванняў на каранавірус у свеце перавысіла 100 тысяч. Разам з тым, нягледзячы на значны рост новых выпадкаў у некаторых краінах, на дадзеным этапе можна гаварыць пра тое, што ўсё яшчэ магчыма знізіць рызыку распаўсюджвання эпідэміі і нават павярнуць яе назад.

 
Батыр Бердыклычаў
Прадстаўнік СААЗ у Беларусі
У Беларусі добрая эпідэмічная сітуацыя – вынік напружанай прафілактычнай працы сістэмы аховы здароўя. Распаўсюджвання сярод насельніцтва няма. Рэкамендаваныя меры па абароне ад каранавіруса застаюцца ранейшымі: мерапрыемствы па эпідэміялагічнаму нагляду, выяўленне і ізаляцыя пацыентаў, аказанне медыцынскай дапамогі, адсочванне кантактаў. Усё гэта ў поўным аб'ёме выконваецца ў Беларусі.

Фота з прэс-цэнтра – Вольга Стружынская.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 24

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».