04.07.2023
04.07.2023

Як спраўджваюцца мары? (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 81
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Маленькі хлопчык Іллюшык з татам і мамай прыехаў  у вёску да прабабулькі Лімы і прадзеда Сашы на лета, каб адпачыць на свежым гаючым паветры, набрацца сіл, а разам і дапамагчы ім па гаспадарцы. Іллюшка штодзень карміў курэй, глядзеў за козкамі, гуляўся з сабачкам Байкалам.

Калі дзед запрагаў коніка,  Іллюшык  аказваўся побач. І, калі Буян быў зацугляны,  заўсёды ўзбіраўся да дзеда на калені, а павозка рухалася па сена на луг ці па дровы ў лес. Конік бег шпаркай рыссю, але роўна, і ад гэтага толькі вецер свісцеў у вушах. А хлопчык ад задавальнення ажно вочкі зажмурваў і казаў дзеду:

– А-а, давай, дзед, давай яшчэ хутчэй!

Казка пра каня

Дзед злёгку кратаў лейчынаю, і Буян яшчэ дадаваў хуткасці, ажно пясок з-пад яго капытоў ляцеў на павозку.

Гэты занятак вельмі падабаўся Іллі, не менш за кніжкі. А яшчэ ён дужа любіў гойдацца на арэлях. І так у яго гэта спрытна атрымлівалася, што ўсе яму па-добраму зайздросцілі.

Узяць хаця б сівога коніка Буяна. Колькі год ён пражыў на гэтым свеце, а вось  на арэлях так ні разочку не давялося пагойдацца. А так хацелася шчэ з тых часоў, як быў маленькім жарабяткам. Але тады ён умеў лёгка скакаць і гарэзліва падбрыкваць. І яму было не так крыўдна, як сёстрам-козачкам Каці ды Ружы. А цяпер ужо не тое, развучыўся, пастарэў.

«Уверх-уніз, уверх-уніз! Уверх – да самага неба, уніз – да самай зямлі… Здорава!» – думаў ён.

– Байка-а-л, – спытаўся конь у свайго дваровага сябра, – а ці гойдаўся ты калі-небудзь на арэлях?

– Уа-аў-ў! А як жа! – адказаў Байкал. –Уа-аў-ў! Калі я быў маленькім, мяне Ксюша, Ільюшкіна мама, гойдала.

– Гэта, відаць, цудоўна… – уздыхнуў Буян.

– Уа-аў-ў-гр-р-р! Нічога цудоўнага, – буркнуў Байкал. – Ведаеш, як загойдвае?!

– А я не баюся, мяне б не загайдала! – сказаў конь. – Раней я скакаў рыссю і галопам, і нічагусенькі, толькі б тыя ўтрымаліся, хто на мне верхам ці на возе сядзяць.

– Э-э-й! Бегчы – гэта адно, а вось гойдацца – зусім іншая справа, – не пагаджаўся Байкал.

– Калі ляціш уніз, здаецца, унутры штосьці абрываецца!

– А ці чулі вы, сябры, што калі доўга гойдацца, можна нават на марскую хваробу захварэць?! – запыталася сваім лагодным галаском ластаўка, у якой было гняздо пад самым вільчыкам страхі дома.

– Так-так! З намі такое здаралася, – падхапілі козачкі-блізняткі Каця і Розачка.

– Глупства ўсё гэта, сябры! – уздыхнуў Буян.

– Я таксама хоць зараз магу пагойдацца на арэлях! – выхваляўся чорнай масці каток  Маркіз. – І ніякай марской хваробы ў мяне не будзе. Паверце.

Кот

– А ты паспрабуй! – уступіў яму Іллюшык.

Каток ускочыў на арэлі і пачаў разгойдвацца. Байкал хацеў сцягнуць яго. Ён ледзь стрымліваў сябе, калі Маркіз пачынаў выхваляцца, але тут заступіўся конік Буян.

– Ды не замінай яму, Байкал! Няхай сабе гойдаецца…

– Байкал, супакойся, не ты ж адзін такі ўвішны, – заступіўся Іллюша.

Ён сказаў так упэўнена і пераканаўча, што нават гарэза Байкал паслухаўся.

– Калі хочаце ведаць, я і на веласіпедзе катаўся! – працягваў выхваляцца коцік Маркіз, раскалыхваючыся ўсё вышэй і вышэй.

Казка

– На веласіпедзе? Сам? – здзівіліся  конік Буян і козачкі Каця і Роза.

– Ну, не зусім сам, – збянтэжыўся каток. – Але затое я ездзіў як на раме, так і на багажніку, і ніхто мяне не трымаў!

– Здорава! – усклікнуў конік. – А на арэлях усё ж лепш!

І так засмуціўся, што не захацеў больш размаўляць і адышоўся да плоту.   «О-о-о! Ніколі  ўжо мне не пагойдацца», – з сумам думаў ён.

На дварэ стаялі першыя восеньскія дзянькі, бо дрэвы пачыналі афарбоўвацца ў жаўтавата-карычневыя колеры. Хаця ўдзень было яшчэ вельмі цёпла, і ад таго, здавалася, лета яшчэ працягваецца. Тым часам маленькія павучкі адпраўляліся ў далёкія падарожжы на сваіх павуцінках.

Вы, дзеці, мабыць, таксама бачылі гэтыя дні, якія так і называюць – «бабіна лета». За тое, што вельмі цёпла, як улетку, і тых павучкоў ляціць незлічонае мноства. Калі  не бачылі іх, павучкоў, дык сеткі-павуцінкі чапляліся да вас не аднойчы. Памятаеце?!

Пауціна

Вось якраз у адзін з восеньскіх дзён такі павучок, пралятаючы паблізу двара, дзе былі ўсе хатнія сябры Іллюшыка, пачуў гэтую размову і пашкадаваў коніка Буяна. Ён зачапіўся павуцінкай за яго вуха, падцягнуўся бліжэй і сваім пісклявым галаском празвінеў:

– Ляцім з намі! Ты ж так марыў вольна крыляць у высі-і-і! Дзіва што на арэлях!

– Нішто не можа параўнацца з палётам, – пацвердзіла ластаўка. –

–  А як жа я палячу? – здзівіўся конік. – У мяне ж і крылаў няма.

– Не хвалюйся, у нас таксама няма крылаў, – сказаў няўрымслівы павучок. – Мы з табою падзелімся павуцінкамі. Спляцем з іх вялікі ветразь, і ты зможаш ляцець, як паветраны карабель.

– Паспрабуй! – угаворвала коніка і ластаўка. – Хто ніколі не лётаў, ніколі не даведаецца, як гэта цудоўна.

– Вось-вось, паспрабуй! – ускрыквалі козачкі Каця і Роза, матляючы сваімі куртатымі хвосцікамі. – Мы вунь без ветразя скачам як не з даху дзедавага хлеўчука. Рамантыка!

– О-о-о! Ляцець пад ветразем! Гэта і страшна, і захапляльна. Я згодны! – пагадзіўся конік.

Тады той самы няўрымслівы павучок адарваў ад сваёй павуцінкі ладны кавалачак і звязаў яго з другім такім жа кавалачкам, што пакінуў другі павучок, пралятаючы над імі. Раптам далучыліся і трэці, і чацвёрты, і пяты… Цэлае мноства павучкоў!

Яны звязвалі свае павуцінкі да тае пары, пакуль не атрымалася вялізная павуціна-ветразь. Тым часам іншыя павучкі сплялі са сваіх павуцінак моцную вяроўку, адзін канец якой прымацавалі да ветразя, а другім абвязалі коніка так, што ён адчуваў сябе як у касмічным скафандры, толькі празрыстым і лёгкім.

Наляцеў свавольнік вецер і надзьмуў той ветразь. Конік адчуў, што адрываецца ад зямлі і падымаецца ў паветра. «Няўжо, няўжо насамрэч і я лячу?!» – здзівіўся Буян.

Птушкі

Конік, ледзьве пагойдваючыся, павольна паплыў над анямелым ад здзіўлення сабачкам, над арэлямі, з якіх з перапуду саскочыў каток Маркіз і запішчэў так, што на ім поўсць уся дыбам узнялася, над козачкамі, над дахам дома, з якога выпырхнула ластаўка і паляцела побач з конікам. А ён уздымаўся ўсё вышэй і вышэй, толькі сівая грыва хвалямі  развявалася, дапамагаючы ветразю яшчэ хутчэй несці яго ў нязведаныя прасторы.

– Якая рамантыка! Усе такія маленькія, быццам мурашы! Гэта ж сапраўдны цуд! – усклікнуў Буян, захоплены палётам.

Ён узнімаўся ўсё вышэй і вышэй, і ўжо хутка быў ля самых аблокаў.

Павучкі засталіся далёка ззаду – дзе ім угнацца за такім паветраным караблём! Нават ластаўка і тая, узмахнуўшы на развітанне крылцамі, вярнулася да сваіх дзетак, якія трэніравалі сябе для далёкага вандравання.

Буян праляцеў над горадам, але ніхто яго не заўважыў. А калі б і заўважыў,  дык не паверыў, падумаў, што  падалося. Гэта ж якое дзіва: над горадам ляціць конь! Прычым ляціць пад ветразем!

А ён усё вышэй і вышэй узнімаўся ў неба, пакуль не ператварыўся ў сузор’е, якое назвалі Ветразем, бо яго разгледзець можна толькі ў самы моцны тэлескоп.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 81

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».