30.12.2021
30.12.2021

Крыніца і святы абраз Маці Божай у Ракавічах

logo
Адметнасць беларусаў
0 67
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Аграгарадок Ракавічы знаходзіцца ў 15 км на паўднёвы захад ад Шчучына і ў 7 км ад чыгуначнай станцыі Ражанка. Дарога да крыніцы ідзе ад мураванай царквы ў цэнтры гарадка праз дарогу да месца старога храма, дзе штогод ставяць крыжы і ўніз з гары да каплічкі, дзе і знаходзіцца крыніца, узятая ў цымбравіну (бетонную трубу).

аграгарадок Ракавічы

Калі пералічваюць “сем цудаў” Шчучынскага краю, абавязкова ўзгадаюць Ракавіцкі абраз Божай Маці і гаючую крынічку побач, якія славяцца сваёй цудатворнай сілай, што лекуе людзей ад хвароб. Гэтая і многія іншыя беларускія святыні, на жаль, малавядомыя за межамі сваёй мясцовасці, але знаёмства з імі – важная задача для нашага духоўнага адраджэння.

Вёска Ракавічы упершыню згадваецца ў 1690 годзе. У гэты час тут ўжо была царква, а пад гарой крыніца. У сярэдзіне XVIII ст. побач існаваў маёнтак лідскага чашніка Антонія Макрэцкага. Паводле падання, Макрэцкаму неяк прысніўся дзівосны сон, дзе Багародзіца загадала яму раніцай выйсці да ракі Святкі. Ён так і зрабіў. На невялікай рэчцы шляхціц убачыў абраз, што плыў вертыкальна. Рака з часам высахла, засталая ручаінка, але на месцы, дзе з’явіўся абраз, прабілася крыніца. Абраз і вада з крыніцы сталі вядомыя сваімі цудатворнымі якасцямі і ацаленнямі хворых. Пагалоска разляцелася па наваколлі і прывабіла да Ракавічаў шмат паломнікаў. Тады вернікі зрабілі там купель, а ў ХХ ст. зладзілі калодзеж са святой вадой і ўсталявалі капліцу над ім.

Богородица

Макрэцкі ўласным коштам у падзяку Царыцы Нябеснай пабудаваў тут першы драўляны храм, які на пачатку ХХ ст. канчаткова прыйшоў у заняпад, і яго разабралі. Цяпер на ягоным месцы стаіць памятны крыж. Абраз спачатку захоўваўся ў драўлянай царкве, а пазней – у новым мураваным храме ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы, пабудаваным у 1876 годзе ў Ракавічах на сродкі царскага ўрада.

Пасля пабудовы новай мураванай царквы адбылося ўрачыстае перанясенне рэліквіі, якое сабрала каля трох тысяч мясцовых жыхароў, праваслаўных і каталікоў. Хутчэй за ўсё, святыня спачатку была грэка-каталіцкай (уніяцкай). І калі яна праславілася сваімі цудамі, то, згодна з традыцыяй заходняга хрысціянства, была каранаваная ў Рыме. Пасля пераводу ўніятаў у праваслаўе абраз Ракавіцкай Божай Маці зрабіўся праваслаўнай святыняй. Але гэта не перашкаджае беларусам усіх хрысціянскіх канфесій шанаваць яе.

Кажуць, праз некаторы час пасля свайго з’яўлення цудатворны абраз з пашанай адвезлі ў Вільню – тагачасны цэнтр епархіі. А там ужо мастак зрабіў з яе вялікі спіс-копію, якую ўпрыгожылі каштоўнай сярэбранай рызай з залачонымі німбамі і змясцілі ў Ракавіцкай Свята-Раства-Багародзіцкай царкве. Ён па сёння знаходзіцца ў праваслаўным храме і таксама праславіўся шматлікімі цудамі ацалення хворых і апантаных нячыстай сілай людзей. Святары, якія ў свой час служылі ў Ракавіцкай царкве, сцвярджалі, што існавала летапісная кніга, дзе занатоўваліся сведчанні пра ацаленні хворых пасля малітвы пры святым абразе.

Але гэты бясцэнны помнік, на вялікі жаль, быў згублены ў гады ліхалеццяў. Зрэшты, некаторыя вусныя сведчанні цудоўных ацаленняў вернікаў захаваліся да нашых дзён. Так, лекавая вада з крынічкі і шчырая малітва перад абразом Маці Божай дапамагае бяздзетным жанчынам зацяжарыць, вылекавацца хворым на неўроз (шаленства) і псіхічна няўстойлівым людзям, пазбавіцца немачы, знайсці душэўны спакой. Да таго ж, святыні дапамагаюць умацавацца фізічна і маральна пасля моцных захворванняў і складаных аперацый.

У наш час на ўшанаванне абраза і крыніцы ходзяць на ўсе тры Спасы: Мядовы (14 жніўня), Яблычны (19 жніўня) і Хлебны (28 жніўня). Але найбольшая колькасць вернікаў збіраецца 10 жніўня – у дзень Храмавага Свята. Штогод 9 і 10 жніўня паломнікі з усіх куточкаў Гродзеншчыны імкнуцца ў ракавічскі храм Раства Багародзіцы, дзе захоўваецца святыня, каб шчырымі малітвамі ўшанаваць Заступніцу, папрасіць яе дапамогі і апекі, духоўна ачысціцца, умацаваць сваю веру. Многія паломнікі, якія ідуць з Гродна, нясуць з сабой вялікі драўляны крыж.

Яны начуюць ў гарадку, потым а 7-й раніцы ўкопваюць крыж на месцы былой царквы насупраць сучаснага храма. Затым крочаць да крыніцы, дзе адбываецца вадасвяцце. А 9-й раніцы — служба ў храме. Апошнім часам святкаванні пачынаюцца ў шчучынскім храме Святога Арханёла Міхаіла. Вернікі ладзяць адтуль дзесяцікіламетровы хрэсны ход да храма ў Ракавічах.

У некаторыя гады на гэта свята адбываецца ўсяночнае дбанне ў царкве, потым раняшняе маленне і вадасвяцце на крыніцы. Лічыцца, што менавіта 10 жніўня крынічная вада набывае асаблівую лекавую сілу.

криница

Паводле старажытнай беларускай традыцыі, у падзяку за дапамогу паломнікі пакідаюць каля святыні вышытыя ручнікі, рознакаляровыя стужкі, хусткі і кветкі. Нават у звычайныя дні царква аздобленая жывымі кветкамі. Мясцовыя жыхары лічаць цудам, што Маці Божая не пакідала гэтыя мясціны ў часы ліхалеццяў – нават у перыяд змагання з рэлігіяй храм дзейнічаў, а цудадзейная крынічка бруілася і загойвала цялесныя і душэўныя раны людзей.

место силы

Мы ўсё жыццё ходзім да нашай крынічкі і ў храм, просім у Заступніцы здароўя для сябе і блізкіх, блаславення на ўсю нашу краіну”, — кажуць мясцовыя жыхары.

святые места

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 67

Глядзіце таксама