13.09.2022
13.09.2022

Лагодны воўк (казка)

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі кажуць людзі: «Галодны, як воўк»,— мабыць, успамінаюць таго шэрага небараку, што ў цёмнай пушчы жыве. Пад кашлатай елкай стаіць яго пахілая хатка. А над дзвярамі шыльда прыбіта: «ВОЎК». І дабаўлена дробненька «...галодны».

І гэта чыстая праўда. Бо насуперак сваёй звярынай натуры, мае воўк жаласлівае сэрца. Іншыя яго браты на дзічыну палююць, а гэты грыбоў, ягад назбірае, зёлак насушыць — чай заварыць, п’е. Але для ваўка такая ежа не трывалая. Улетку яшчэ туды-сюды — лес корміць. А прыйдзе зіма — хоць ваўком вый. І вые, на месяц гледзячы, доўгімі зімовымі начамі. Перапрашае суседзяў за непакой, тлумачыць, што песні голад глушаць.

Адну зіму, другую трывалі суседзі, а пасля папікаць шэрага пачалі: «Ды што ты за воўк! Калі галодны — павінен быць злосным. А злосны — ідзі ды ўпалюй каго. І не цягні свае галодныя скаргі — галовы баляць іх слухаць!»

Воўк 1

І такім аблогам на ваўка пайшлі, што няма куды дзецца. Думаў-думаў воўк, патыліцу чухаў:

— І праўда, нікчэмны я, нікуды не варты. Браты мае шэрыя ядуць сыта, кажухі штогод спраўляюць новыя, песні спяваюць вясёлыя. А я...

І неяк бліжэй да вясны адважыўся — пайшоў здабычу шукаць. Галодны, як ніколі,— усе свае прыпасы падабраў. Халодны — бо ў кажусе дзюрка на дзюрцы. А на дварэ сцюдзёна — дарма, што вясна на парозе: мароз цісне, не здаецца.

На досвітку выйшаў воўк на ўзлесак. А там — хатка. Снегавой шапкай прыкрытая, марознымі фіранкамі шыбы завешаныя. Стаіць, дым з коміну пускае — топіцца. Дзверы ў хатцы рыпнулі — выйшла бабка, спраўляцца ў хляўчук пайшла. А на ваўка так смачна патыхнула цяплом ды водарам варанай капусты! Небарака ледзь не самлеў, за агароджай стаіўшыся. Так яго ў хату пацягнула зайсці! Але ж дзе там паткнешся да людзей... Адна ваўку дарога — схапіць якую худобу, раз наважыўся.

Прычакаў, пакуль гаспадыня ў хату вернецца,— і ў хляўчук.

Пашчасціла ваўку двойчы: сабака не брахаў, бо з гаспадаром раненька на кірмаш выправіўся. І ў загоне, адразу ля ўвахода, баранчык стаяў — беленькі, ладненькі, з вачыма, як поўня.

У ваўка ажно слёзы на вочы набеглі.

— А мой ты харошы, мой слаўненькі! Хадзі да мяне хутчэй! — І так ладна закінуў баранчыка на спіну, нібы ўсё жыццё толькі і рабіў, што па хлявах рабаваў.

Дабег да сваёй хаты — як на крылах даляцеў. Давай завіхацца, баранчыку стойла ў куту ладзіць, яселькі. Да стажка на палянцы збегаў, сена прынёс:

— Еш, малеча!

А што сам на баранчыку зубы збіраўся вайстрыць — і не помніць.

Баранчык паеў — і давай па хаце тупаць, падбрыкваць. Воўк цымбалы дастаў, ды як ударыць па струнах! Такое пачалося, што воўк і на голад забыўся. Цешыцца з баранчыка,— на душы ружы цвітуць.

Дзед і баба

Тым часам дзед вярнуўся з кірмашу. У хаце гора — баба бядуе, што баранчыка не ўпільнавала. І дзіўна абаім, што такі адчайны воўк трапіўся, у хлеў залез — па слядах на снезе яго пазналі.

Тут ужо дзед стрэльбу са сцяны зняў, сабаку свіснуў:

— Пайшлі злодзея шукаць!

Па следзе хутка да хаткі дайшлі. Дзед стрэльбу наставіў, да акна крадзецца. А ў хатцы баранчык скача, воўк у ладкі пляскае, баранчыка хваліць: і разумны, і штукар, і артыст.

Дзед ад здзіўлення знямеў, на стрэльбу забыўся, у дзверы пастукаў. Воўк, дзеда ўбачыўшы, ашчэрыўся:

— Высачыў-такі, прывалокся! А ты бачыш, што тут напісана,— тыцнуў ён лапай у шыльду: «Галодны воўк!» Вось вазьму і з’ем цябе зараз!

— Не такі я ўжо і смачны па старасці, суседзе,— смела адказаў дзед, бо таксама быў не лыкам шыты... — Ды і паваяваць мы заўсёды паспеем. Ты мне перш патлумач, зрабі ласку — чаму ты барана ўкраў, а не задраў?

Ад абурэння ў ваўка ажно дыханне перахапіла.

— А ты думаў, калі вы з бабай мяне разбойнікам завяце, я на барана адразу кідацца павінен? Ён жа такі... рахманы,— разлілася лагода па ўсёй воўчай постаці.— А можа, мне сумна! А можа, маркотна! — выгаворваў воўк збянтэжанаму дзеду.— Хто пра гэта падумаў? Ды праходзь ты, не стой у дзвярах, калі надта ведаць хочаш, што ў мяне на душы...

Лагодны воўк

І воўк пасунуў кажух, даўшы дзеду месца на лаве.

Хутка на агні ў воўчай хаце кіпела вада. Пра нешта напружана падумаўшы, воўк палез у шафу і дастаў слоік мёду — да чаю.

— На чорны дзень берагу. Мядзведзь летась пачаставаў — кашляю я,— патлумачыў ён дзеду.— Еш і ты — ліхому не даў бы. А ты слухаеш мяне, не стрэліў адразу. Можа, і нішто сабе чалавек...

Калі б хто мог той парой зазірнуць у воўчую хатку, нямала здзівіўся б з гэткай кампаніі: воўк з дзедам гарбату п’юць, а да іх баранчык лашчыцца.

А воўк, разамлеўшы ці ад зёлкавага адвару, ці ад дзедавай увагі, спавядаўся далей:

— Во ўжо пра нашага брата благога напрыдумлялі: «Колькі ваўка ні кармі, ён усё роўна ў лес глядзіць...» Не ты са сваёй бабай прыдумаў часам? Не? Ну, усё адно, мабыць, не раз казалі. А вы спрабавалі хоць раз ваўка накарміць? Пазачыняецеся ў сваіх хатах, капустку сёрбаеце... А я тут ад голаду ваўком выю! Завяце нас ліхімі — а скуль той дабрыні на бясконцае нашча брацца? Я ўжо нават вершы ў абарону ваўкоў пісаць пачаў. Слухай: «Дзе ж тут будзе воўк лагодны, калі вечна ён галодны»,— прачытаў воўк і зацягнуў тужліва: «Ау!»

Лагодны воўу 4

— Твая праўда, суседзе,— аж зніякавеў дзед ад воўчай шчырасці.— Збірайся, пойдзем да мяне ў госці!

— У госці?

— Бліноў у смятану памакаеш, поліўкі пасёрбаеш...

— А сабаку не нацкуеш? — насцярожыўся воўк і тут жа рассмяяўся: — Ат, была не была! Людзей баяцца — у госці не хадзіць.

Займаўся досвітак наступнага дня, калі новыя прыяцелі прыйшлі на дзедаву сядзібу.

Баба, якая ўжо вочы па дзеду паспела выплакаць, лішняга пытацца не стала. З ваўком дык з ваўком. Жывы, здаровы. І баранчыка прывёў.

На стол сабрала, усіх накарміла.

— Здымай,— кажа ваўку,— кажух. Зараз залаплю...

Пад вечар сыты, шчаслівы воўк подбегам кіраваў у пушчу. Кажух яго свяціўся новымі латкамі, а вочы — усмешкай.

— А няхай бы ты прыходзіў да нас статак пільнаваць,— сказала на развітанне ваўку баба.— Ад ваўкоў — не ўсе ж яны вершы пішуць...

І што вы думаеце? Воўк згадзіўся. Ад той пары пільнуе хлеў — будзь здароў! Баба корміць яго і аладкамі, і капустай. Не грэбуе воўк і бульбай з агуркамі...

Калі казаць праўду да канца, то ў лес ён да гэтай пары не толькі глядзіць, але і бегае. На пабыўку, каб не зусім адвыкнуць ад пушчанскага жыцця.

Лагодны воўк 5

 

Аднойчы дзед, завітаўшы да ваўка падчас яго вакацый, сказаў:

— Шыльду, дружа, змяніць трэба. Нагараваўся ты, набедаваўся. Але хоць і галодны быў, а лагодным заставаўся заўсёды.

Змайстравалі шыльду разам, прыбілі на дзверы. Суседзі спярша лапамі тыцкалі, бо надта ўжо дзіўна чыталася: «Лагодны воўк». Ды з часам абвыкліся, за смеласць паважаць пачалі, нават за парадамі да ваўка прыходзіць сталі.

Вы не верыце? А знайдзіце на ўскрайку лесу хатку, дзе жывуць дзед і баба. Можа, і вам пашчасціць убачыць, як там воўк гуляе — авечак сцеражэ. Павітайцеся з ім, пачастуйце лустай хлеба — і ён абавязкова раскажа, як бедаваў, пакуль не знайшоў чалавечага разумення.

Песенька Лагоднага ваўка

Сонца ў небе,

Бліны ў печы,

Куры ў агародзе –

Добра жыць на гэтым свеце

У любві і згодзе!

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця