01.02.2019
01.02.2019

Лячэбнае харчаванне: уся праўда пра тое, як кормяць у беларускіх бальніцах

logo
Лячэбнае харчаванне і дыеты
0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Аналізуючы дыскусіі ў сацыяльных сетках і на форумах, прыходзіш да высновы, што адна з найбольш папулярных тэм, якія абмяркоўваюцца – ахова здароўя. Асаблівы ўклад у забеспячэнне лячэбнага працэсу разам з урачамі-клініцыстамі ўносяць урачы-дыетолагі, медыцынскія сёстры па дыеталогіі. Праца гэтых спецыялістаў выклікае найбольш актыўныя дыскусіі ў інтэрнэце – ад падзякі да крытыкі.

Калі зазірнуць углыб стагоддзяў, то мы ўбачым, што лячэбнае харчаванне паўстала адначасова з першымі ведамі ў галіне медыцыны. Старажытнагрэчаскі лекар Гіпакрат казаў: мы тое, што мы ямо.

На досвітку савецкай улады, калі скончылася грамадзянская вайна, паўстала пытанне пра тое, як аднавіць здароўе рэвалюцыянераў. Пастановай урада быў створаны інстытут курорталогіі, адным з кіраўнікоў якога быў фізіёлаг і гастраэнтэролаг Мануіл Пеўзнер. Яму і належыць простая, але геніяльная ідэя – падзяліць усе вядомыя на той час назалагічныя формы захворванняў па групах. Для кожнай групы ён і яго калегі распрацавалі эфектыўную сістэму лячэбнага харчавання, якая праіснавала практычна да пачатку 21-га стагоддзя. Гэта тыя самыя знакамітыя сталы. Усяго іх было 15 з падгрупамі. Кожны стол характарызаваўся пэўнай каларыйнасцю, энергетычным балансам бялкоў, тлушчаў і вугляводаў, складам мінеральных рэчываў і вітамінаў.

Што ж такое лячэбнае дыетычнае харчаванне?

Гэта такое харчаванне, якое дазваляе папаўняць энергетычныя страты пры розных захворваннях, паўнавартасна харчавацца і падтрымліваць сілы. Калі чалавек трапляе ў бальніцу, то часам не здагадваецца, што ён ужо з першай хвіліны пачынае атрымліваць медыцынскія прызначэнні (акрамя медыкаментаў, працэдур, лабараторных даследаванняў), а менавіта: урач прыёмнага аддзялення, улічваючы анамнез, прызначае лячэбнае харчаванне. Раней гэта былі нумарныя сталы. Цяпер у адпаведнасці з пастановамі Міністэрства аховы здароўя аб арганізацыі лячэбнага харчавання дыетычнае харчаванне мае літарнае пазначэнне.

«Б» – базавае харчаванне. Прызначаецца пацыентам, якім не патрабуюцца якія-небудзь абмежаванні. Рацыён характарызуецца паўнавартаснай каларыйнасцю, умераным утрыманнем бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, мінеральных рэчываў і вітамінаў.

«П» – харчаванне для пацыентаў з паталогіяй сістэмы стрававання. Каларыйнасць, біяхімічны склад адпавядаюць базаваму харчаванню, але адрозніваюцца рэжымам прыгатавання страў – на пары.

«М» – рацыён з невялікім павелічэннем бялковага кампанента і ўмераным абмежаваннем солі. Такое харчаванне прызначана для людзей з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы.

«Н» – самы жорсткі варыянт дыетычнага харчавання. Рэзкае абмежаванне спажывання бялку (аж да поўнага выключэння) і солі. Гэтая дыета выкарыстоўваецца пры паталогіі нырачна-вылучальнай сістэмы.

«Т» – харчаванне для хворых на туберкулёз. Характэрная асаблівасць – павелічэнне сутачнай каларыйнасці рацыёну.

Пасля таго як пацыенту прызначана харчаванне, інфармацыя перадаецца ў харчблок тры разы на дзень і карэктуецца. І ўжо задача работнікаў прыгатаваць стравы згодна з патрабаваннямі дыеталогіі. Часта даводзіцца чытаць у каментарыях скаргі на харчаванне ў стацыянарах: маўляў, і не салёнае, і знешні выгляд не выклікае прыемных эмоцый, і садавіны няма, і агародніны замала. Але варта адзначыць, што нормы харчавання ў бальніцы разлічаны на фізіялагічныя патрэбы пацыента. Існуюць зацверджаныя «натуральныя нормы харчавання», дзе ў грамах паказана колькасць таго ці іншага прадукту і спосабы прыгатавання страў.

Так, нормамі ўсталяваны абавязковы пералік – гэта мяса, рыба, каўбасныя вырабы, крупы, агародніна, малочныя і кісламалочныя прадукты, хлеб, макаронныя вырабы. Сапраўды, у пералік не ўваходзяць садавіна, сокі, кандытарскія вырабы. Але і тут ёсць выключэнні. Дзеці, цяжарныя і парадзіхі, пацыенты з цукровым дыябетам і некаторыя іншыя катэгорыі атрымліваюць дадатковае харчаванне, куды ўключаны сокі і садавіна.

Урачамі-дыетолагамі распрацоўваецца перспектыўнае сямідзённае меню асобна для вяснова-летняга і асенне-зімовага перыяду, дзе пралічваецца кожная калорыя. За правільнасцю закладкі прадуктаў назірае бракеражная камісія, у якую ўваходзяць медыкі, прадстаўнікі адміністрацыі. Выхад гатовай прадукцыі кантралюецца як на вытворчасці, так і ў аддзяленнях. Штомесяц засядае рада па харчаванні, дзе вырашаюцца пытанні арганізацыі лячэбнага харчавання.

Якасць прадуктаў, якія паступаюць для прыгатавання лячэбнага харчавання, строга кантралюецца. Мясныя, рыбныя, малочныя прадукты дастаўляюць на харчаблок непасрэдна ад вытворцы практычна дзень у дзень. Так што паступленне няякаснай прадукцыі выключаецца. У вытворчасць ідзе сыравіна толькі вышэйшай якасці.

Прыкладны рацыён у бальніцы:

  • на сняданак – каша на малацэ, сыр ці яйка, амлет, масла сметанковае, хлеб, батон, чай/кававы напой з малаком/какава;
  • на абед гатуюць розныя першыя стравы (крупяныя супы, боршч, расольнік), на другое гарнір з мясной стравай і гароднінай;
  • на вячэру – гарнір з мясам або рыбай.

Не думаю, што ў хатніх умовах многія могуць дазволіць сабе такі рэжым харчавання. Гэтым і адрозніваецца лячэбнае харчаванне ад паўсядзённага. Менавіта насычанасцю і разнастайнасцю, хоць пацыенты не заўсёды задаволеныя. Аднак кашы – гэта вугляводы і клятчатка, якія лёгка засвойваюцца і не аказваюць шкоднага ўплыву на стрававальную сістэму.

Бальнічныя харчаблокі маюць сучаснае абсталяванне (шафу для смажання, параканвектаматы, паравыя катлы), якое дазваляе гатаваць стравы з найменшым працэнтам страт энергетычнай каштоўнасці, вітамінаў і мінеральных рэчываў. Так, выгляд паравога біточка, прыгатаванага ў параканвектамаце, і стэйка, запечанага на грылі, кардынальна адрозніваецца. Але карысць ад біточка значна вышэйшая, чым ад стэйка або шашлыка.

Асноўны метад падрыхтоўкі парцыённых страў – на пары. Біточкі, кнэлі, фрыкадэлькі гатуюцца ў параканвектаматах, рыбу адварваюць ці запякаюць. Для базавай дыеты дапускаюцца кулінарныя вырабы ў смажаным выглядзе, але не часцей двух-трох разоў на тыдзень. Мясныя стравы гатуюцца ў асноўным з ялавічыны, альбо катлетнага фаршу для прыгатавання біточкаў і тэфтэлі, альбо з лапатачнай ці тазасцёгнавай часткі для бефстроганаў, гуляшу, кнеляў. Два-тры разы на тыдзень пацыенты павінны атрымліваць птушку ў адварным выглядзе альбо ў выглядзе біточкаў.

Для дзяцей і пацыентаў з харчовай алергіяй часта гатуюць стравы з індычкі. З тварагу робяць запяканкі і пудынгі. Вялікай папулярнасцю карыстаецца амлет, які гатуецца ў параканвектамаце. Кашы для сняданку (геркулесавая, манная, прасяная) гатуюць на сумесі малака і воды. Грэцкая і пярловая крупы выкарыстоўваюцца для гарніраў. Большай частцы пацыентаў падабаецца пярловая каша, звараная ў паравым катле, кажуць, быццам з печкі.

Пра посуд у сталовых

Многія пацыенты расчараваныя, што даводзіцца есці з посуду, вырабленага з нержавеючай сталі. У гэтым ёсць практычны сэнс. Посуд з нержавейкі лёгка апрацоўваецца і не б'ецца – гэта плюс. Мінус – эстэтычны складнік. Фаянсавы посуд ёсць у кожнай буфетнай у аддзяленнях. Але такі посуд часта б'ецца, доўга не вытрымлівае тэрмічнай дэзінфекцыі, бо апрацоўваецца ў сухажаравых шафах пры высокай тэмпературы. Магчыма, будзе прынята рашэнне аб выкарыстанні аднаразовага посуду, але і тут можа паўстаць шмат пытанняў. Галоўны – утылізацыя. Мы і так выкарыстоўваем у сваім жыцці шмат пластыку, які не раскладаецца тысячагоддзямі. Так, можа, дзеля выратавання прыроды ад таксічных адходаў варта паступіцца эстэтыкай, знаходзячыся на лячэнні ў стацыянары?

Пасля выпіскі пацыентаў з бальніцы ўрачы рэкамендуюць выконваць пэўныя нормы дыетатэрапіі (у залежнасці ад захворвання). Выкарыстоўваць толькі свежыя і якасныя прадукты. Па магчымасці выключыць смажаныя, вэнджаныя, марынаваныя стравы. Абмежаваць колькасць солі і цукру. І не забываць: мы тое, што мы ямо.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 24

Урач-дыетолаг РНПЦ А і МР ім. М.М. Аляксандрава
Глядзіце таксама