30.06.2019
30.06.2019

Лета коціцца з гары... Сустракайма ліпень!

logo
Думкі ўслых
0 57
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

А ўсё ідзе, як заўсёды апошнім часам. Пара б ужо і прывыкнуць да неверагоднай хуткасці жыцця, да пэўнага сціскання сутак ледзь не ў два разы (па адчуваннях)... Але штораз заўважаеш гэта – і шчыра дзівішся.

Як?! Сёння  – апошні дзень першага летняга месяца?! Пачакайце-пачакайце! Прабачце, а куды падзеўся чэрвень? Як гэта ён так прамільгнуў... хвастатай каметай?! Ужык – і няма... Пакуль мы імкнуліся схавацца ад пякучага сонца, аддыхацца дзесьці пад кандыцыянерамі, чэрвень ускочыў на свой электрычны самакат (ці нават монакола) – і панёсся. І ўжо не дагоніш, не вернеш... Эх... 30 дзён лета, дзе вы?! А ў адказ – цішыня.

І вось мы ўжо спяшаемся будаваць планы (блізкія і маштабныя) на ліпень, які сустракаем заўтра. І шчыра верым, што тут-то ўжо нічога не ўпусцім. Хопіць, навучаныя! Ды толькі зноў прагназуюць гарачыню, затым дажджы... І хацеў бы не залежаць ад капрызаў прыроды, ды ніяк. І зноўку думаем, як пражыць адзін спякотны дзень, а за ім – другі... Каб пасля, схамянуўшыся напрыканцы, чысла так 31-га, зноў схапіцца за галаву... Як?! Яшчэ трыццаці дзён... няма?! Эх, Лета-Лета!

А тым часам ліпень-хітрун ужо ціхенька схапіў з-пад павеці самакат (ці што там – монакола?!) старэйшага брата і прымяраецца... Трэніруецца, уяўляе, як будзе каціцца з горкі, арганізаванай Летам... Спыніся, ліпень! Не ляці! Дай пазахапляцца...

Цёплымі туманнымі альбо бадзёрымі роснымі світанкамі... Гуляннем рыбы на вадзе, калі разыходзяцца кругі – усё далей, далей... Першым зялёным (сваім!!!) агурочкам на градцы... Духмянай малінай, барвовай сакавітай вішняй, жоўтымі лісічкамі-сястрычкамі (грыбамі) у лесе...  Пры ўмове, што лясы тыя ўсё ж адчыняць для наведванняў у бліжэйшы час. Рознакаляровымі лілеямі, ярка-жоўтымі кветкамі рудбекіі на дачы...

А купанне ў чыстым вадаёме, калі вада так пяшчотна абдымае і лашчыць?! А танцы пад цёплым летнім дажджом?! А духмяны вечар, у якім сплялося хараство гукаў, водараў і суцэльнага замілавання малюнкамі прыроды?!

Дык прытармазі крыху, ліпень! Ты ж – сярэдзіна, макаўка лета! Менавіта ты шчодра дорыш нам адно з самых таемных народна-прыродных святаў – Купалле. І гараць у ноч з шостага на сёмае вогнішчы, і шукаем мы ў лесе папараць-кветку... Штогод марна, але штогод – упарта, наперад, на пошукі! А сёмага, назіраючы, як сонца грае, спяшаемся назбіраць розных лекавых траў, шчыра верачы, што ў свята яны набіраюць асаблівую сілу...

12-га ліпеня мы ўшаноўваем святых Пятра і Паўла. І толькі ў нашых сілах зрабіць гэты дзень незвычайным і запамінальным, напоўненым мудрасцю і верай. 14-га ліпеня – Кузьма і Дзям’ян (Касьма і Даміян). Свята кавалёў! Ёсць, ёсць у нас нашчадкі славутых волатаў, перад якімі скараецца нават жалеза, нават самы магутны сплаў! Паназіраць за тым, як з бясформеннага кавалка нараджаецца металічная кветка, уся ў іскрынках агню... Вось дзе чараўніцтва, вось дзе сапраўдная магія!

І як тут не прыгадаць тое народнае, заўважанае і складзенае назіральнымі мудрымі продкамі  пра гэты месяц, што дайшло і да нашых дзён: «Ліпень пякучы, але даручы», «Хто ў ліпені на полі пацее, таго ўзімку печка грэе», «У ліпені з касой мужык, а баба з сярпом, але ў хаце ладком», «Ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае», «Ліпень што спаліць агнямі, тое салье дажджамі».

Менавіта на гэты месяц мы звычайна ўскладаем вялікія надзеі, што атрымаецца адпачыць, хаця б падчас выхадных, пазагараць, пакупацца, пахадзіць басанож па расе... Папарыцца ў лазні карысным венікам ды з зёлкамі, папіць лекавай гарбаты... Аздаравіцца, каб надоўга хапіла. Ну што, заплануем усё гэта?! На ліпень?!:)

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 57

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".