29.03.2023
29.03.2023

Летапіс крывавых падзей. Выстаўку да 80-годдзя трагедыі ў Хатыні прадставілі ў Мінску

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Тры пакаленні мастакоў і больш за 30 твораў — летапіс крывавых падзей. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылі выстаўку «Хатынь. Да 80-годдзя трагедыі» з калекцыі музея і прыватных збораў. Некаторыя экспанаты былі прэзентаваны публіцы ўпершыню.

Трагедыя Хатыні — адна з самых крывавых старонак гітлераўскага генацыду часоў Вялікай Айчыннай вайны ў нашай краіне. За перыяд акупацыі 1941–1944 гадоў больш за 600 беларускіх вёсак, як і Хатынь, былі спалены разам з іх насельніцтвам, 216 вёсак ніколі больш не адрадзіліся з попелу. Трагедыю сотняў спаленых беларускіх вёсак, гібель тысяч мірных людзей немагчыма і нельга забыць.

Хатынь. Выстаўка да 80-годдзя трагедыі

Тры пакаленні беларускіх мастакоў адлюстравалі у творах мастацтва летапіс падзей Вялікай Айчыннай вайны. У экспазіцыю выстаўкі ўвайшло больш за 30 работ, прысвечаных трагедыі мірнага насельніцтва Беларусі. Гэта манументальная серыя каляровых літаграфій «Памяці вогненных вёсак» (1979–1985) народнага мастака Беларусі, прафесара Васіля Пятровіча Шаранговіча, створаная па кнізе А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесніка «Я з вогненнай вёскі…» (1975),  у якой сабраны сведчанні больш як 300 людзей, якія выпадкова выратаваліся і асабіста перажылі трагедыю знішчэння іх вёскі, родных і аднавяскоўцаў.

— Я сёння зайшла і ўбачыла работы свайго бацькі. Я памятаю, як яны ствараліся, памятаю, як ён перажываў гэтую трагедыю, — расказала на адкрыцці праекта першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Так, ён быў зусім маленькі, ён нарадзіўся ў 1939 годзе, тым не менш, вайну памятаў. У гэтай серыі ён адлюстраваў тое, што яму сапраўды запомнілася, калі ён разам з маці ездзіў па Мядзельшчыне, бачыў спаленыя вёскі, ён бачыў гэтыя чорныя трубы, целы, ён адчуваў жудасны салодкі пах. І гэта для яго было трагедыяй, якую ён запомніў на ўсё жыццё.

Работы Віталя Шаранговіча

Наталля Васільеўна падкрэсліла, што назірала з дзяцінства цяжкае ўспрыманне бацькам розныя трагедыі жыцця, але Хатынь — боль несканчаемы, боль, які не знікне ніколі:

— Для яго гэта былі балючыя ўспаміны. Ён ствараў серыю шэсць гадоў. Здаецца, што такое стварыць дзевяць аўталітаграфій? Але кожны раз — праз асабістыя адчуванні, асабістыя перажыванні. Гэта былі ўспаміны, якія немагчыма ўспрымаць без душы.

Серыя Васіля Шаранговіча

Таксама на выстаўцы прадстаўлены замалёўкі суровых ваенных будняў мастака-франтавіка Барыса Яўсеевіча Малкіна «Па слядах вайны» (1942–1944). Афорты серыі «Старая Рудзіца» (1982) Анатоля Александровіча, прысвечаныя трагедыі беларускай вёсачкі пад горадам Дзяржынскам, малой Радзімы сям'і Александровічаў, якую напаткаў лёс Хатыні. Маляўнічы дыптых «Вогненная вёска» (1984) Рыгора Таболіча.

Работа Фёдара Таболіча

Важнае месца ў экспазіцыі занялі і работы маладых аўтараў. Мастак Усевалад Швайба лічыць вялікім гонарам і вялізнай адказнасцю выстаўляць свае работы разам з экспанатамі такіх прафесійных майстроў. Ён прызнаўся, што тэма Хатыні, спаленых вёсак Беларусі кранае і яго асабіста, бо трагедыя закранула і ягоную сям'ю. Родных ягонай бабулі фашысты спалілі разам з іншымі жыхарамі вёскі. І яго бабуля да самай смерці плакала, успамінаючы сваю маму, якая загінула ад рук карнікаў. Ёй жа самой разам з чатырма братамі ўдалося выратавацца.

Графіка. Хатынь

На выстаўцы таксама прадстаўлены два планшэты з конкурснымі эскізамі 1966 года, якія архітэктары Градаў, Занковіч, Левін прадставілі на конкурс па стварэнні мемарыяла ў Хатыні.

Конкурсныя работы

— Калі сучасныя архітэктары, сучасныя гледачы прывыклі бачыць 3D-візуалізацыі на камп'ютары, то тут мы бачым вялікія планшэты. Гэта планшэты, зробленыя з фанеры, дрэва. Гэта простая, лаканічная графіка, — падкрэсліла на адкрыцці выстаўкі дачка архітэктара Леаніда Левіна Галіна Левіна. — Гэтыя два чорныя квадраты перавярнулі мысленне аб трагедыі вайны, якая адбылася, указаўшы на трагедыю мірнага чалавека.

 

На выстаўцы сабраны карціны з калекцый музея, а таксама з частых збораў. Асэнсаваць трагедыю Хатыні можна ў Нацыянальным мастацкім музеі да 24 красавіка.

https://bel.24health.by/chornaya-staronka-u-gistoryi-belarusi-80-gadou-tragedyi-u-xatyni/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама