23.02.2022
23.02.2022

Твар поспеху: правілы догляду мужчынскай скуры

logo
Прыгажосць і догляд
0 93
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сярод усіх наведвальнікаў касметычных кабінетаў і салонаў у Беларусі толькі 20% мужчын.

Чаму мужчынам важна сачыць за  сваёй знешнасцю. Ці існуе мужчынская касметыка і якія працэдуры прыгажосці выбірае моцная палова чалавецтва.

Журналісту Слушна распавяла заснавальніца Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў эстэтыкі і масажу, касметолаг Наталля Антановіч.

Догляд за мужчынскай скурай

Мужчынскі догляд за скурай

Знайдзі адрозненні

Мужчынам, як і жанчынам, пры доглядзе твару неабходна ўлічваць некаторыя асаблівасці.

Наталля Антановіч
Касметолаг
Мужчынская скура больш шчыльная – таўшчыня эпідэрмісу ў мужчын на 20% больш, чым у жанчын. У мужчынскай скуры вышэйшае ўтрыманне калагену, які адказвае за яе пругкасць і эластычнасць. Па гэтай жа прычыне ў большасці мужчын няма праблем з целюлітам і расцяжкамі.

– Мужчынская скура выпрацоўвае больш скурнага себума. З аднаго боку, гэта з'яўляецца плюсам: скура мае ўласную ахоўную мантыю, якая перашкаджае агрэсіўнаму ўздзеянню навакольнага асяроддзя. З іншага боку, скурнае сала – спрыяльнае асяроддзе для размнажэння бактэрый, якія могуць стаць прычынай вугрыстай хваробы.

Пры гэтым у мужчын, як і ў жанчын, тып скуры фарміруецца з нараджэння і з узростам не мяняецца.

Мыла – для рук, а не для шчок

Большасць мужчын мыюцца звычайнай вадой, але ёсць і аматары памыцца шампунем, гелем для душа з серыі 3 у 1, а таксама мылам. На жаль, усе гэтыя варыянты не падыходзяць. Аднаго калагену мала, каб падтрымліваць скуру твару ў тонусе.

Наталля Антановіч
Касметолаг
Для догляду твару мужчыну абавязкова патрэбен ачышчальны гель альбо пенка. У нашых кватэрах жорсткая вада, пасля мыцця якой скура аднаўляецца тры-шэсць гадзін, калі мы не наносім на яе ніякіх доглядавых сродкаў. Выкарыстанне мыла або геля для душа парушае гідраліпідную мантыю і робіць скуру вельмі адчувальнай, бо яна надоўга застаецца без абароны.

– Паколькі ў мужчын ярка выяўленая сасудзістая сценка капіляраў, то няправільнае ачышчэнне скуры пагражае з'яўленнем на твары чырвоных плям – сасудзістай рэакцыі.

Каб такіх непрыемнасцей не здарылася, пасля мыцця з адмысловым сродкам варта працерці твар бесспіртавым тонікам і нанесці крэм для змякчэння скуры (ідэальна зрабіць гэта пасля галення).

Наталля Антановіч
Касметолаг
Мужчынам вельмі важна карыстацца і крэмам для павекаў, каб папярэдзіць з'яўленне маршчын. Скура вакол вачэй у мужчын па таўшчыні такая ж, як і ў жанчын. Бачныя маршчыны тут з'яўляюцца рана і яны вельмі глыбокія.

Па жаданні можна раз на тыдзень карыстацца скрабам, наносіць ачышчальныя маскі, а таксама купіць бальзам для вуснаў, каб абараніць іх ад лушчэння і з'яўлення трэшчынак.

Наталля Антановіч
Касметолаг
Маскі лепш выбіраць себарэгулюючыя, якія адсарбіруюць, з актываваным вуглём, якія адцягваюць на сябе забруджванні. Падыдуць мужчынам і маскі з каліем, аксідам цынку, порасужальныя, антыбактэрыяльныя.

Што тычыцца скрабаў, то падбіраць іх трэба па тыпе скуры. Да прыкладу, для тлустай патрэбныя з костачкамі абрыкоса, для сухой і адчувальнай – з дробнымі поліэтыленавымі грануламі.

Камфортнае галенне

Мабыць, галенне – адзіная доглядавая працэдура, якой ні цураецца ні адзін мужчына, больш за тое, лічыць сябе безумоўным экспертам у гэтай справе. Але і тут ёсць свае нюансы.

Догляд за скурай

Наталля Антановіч
Касметолаг
Перад галеннем, асабліва, калі скура на твары адчувальная, трэба нанесці спецыяльныя пену або гель і пакінуць іх на нейкі час. Гэта змякчыць скуру і валасінкі і зробіць галенне больш камфортным.

Пасля галення можна карыстацца звычайным крэмам для твару або выбраць адмысловы сродак.

Для кожнага ўзросту ён свой. Юнакі і маладыя мужчыны могуць смела выкарыстоўваць спіртавыя ласьёны, якія затым варта замяніць на змякчальныя крэмы і бальзамы.

Наталля Антановіч
Касметолаг
Выкарыстанне ласьёнаў у сталым узросце абязводжвае скуру, з-за чаго яна будзе хутчэй старэць.

Пах мае значэнне

Паколькі потавых залоз у мужчын больш і працуюць яны больш інтэнсіўна, варта надаваць належную ўвагу правільнаму выбару антыперспірантаў і дэзадарантаў.

Наталля Антановіч
Касметолаг
Дэзадаранты ў большай ступені адказваюць за водар і горш маскіруюць пах поту. Антыперспіранты абараняюць лепш. Аднак імі нельга карыстацца перад трэніроўкамі, таму што яны не будуць даваць выходзіць сакрэту потавых залоз, і гэта можа прывесці да запаленчых працэсаў.

Яшчэ адна «водарная» праблема мужчын звязана з патлівасцю стоп. Вырашыць яе дапамогуць спецыяльныя дэзадаранты для ног.

Наталля Антановіч
Касметолаг
Яны ліквідуюць пах на працягу 12-24 гадзін. Наносяцца нават зверху шкарпэтак і дзейнічаюць больш эфектыўна за крэмы з аналагічным прызначэннем.

Калі праблема такім шляхам не вырашаецца, то лепш паказацца ўрачу.

Гіпергідроз стоп можа быць звязаны з сур'ёзнымі парушэннямі абмену рэчываў.

Прыгажосць не вартая ахвяр?

Мужчыны дзеля прыгажосці не гатовыя да балючых адчуванняў падчас працэдур. «Перажыць» ін'екцыі, да прыкладу, антыўзроставую мезатэрапію, здольныя толькі 1-2% наведвальнікаў.

Наталля Антановіч
Касметолаг
Аднак мужчына пагодзіцца на любую працэдуру, калі касметолаг правільна данясе да яго інфармацыю пра яе эфект. Кліенты мужчынскага полу з асцярожнасцю выбіраюць спецыялістаў і больш патрабавальныя да іх навыкаў. Калі жанчыны ў першую чаргу звяртаюць увагу на абстаноўку – прыемны пах, заспакаяльную музыку, то мужчыну больш важна ведаць інгрэдыентны склад доглядавых сродкаў. Але калі ён знаходзіць «свайго» майстра, то становіцца пастаянным кліентам.

– Запыты мужчын, якія прыходзяць у салон прыгажосці, значна глыбей. Такі візіт для іх – не толькі пазбаўленне ад эстэтычных праблем, але і аднаўленне сіл. Мужчыны па жыцці – ваяры, а яшчэ старажытнарымскія салдаты прымалі ванны пасля бітваў.

І ўсё ж без некаторых непрыемных па адчуваннях маніпуляцый мужчынам, калі яны хочуць выглядаць выдатна, не абысціся. Так, абавязковымі для іх з'яўляюцца гігіенічныя чысткі твару. Калі скура тлустая або камбінаваная, то іх можна рабіць раз у месяц, калі нармальная – раз у два месяцы, калі сухая – раз у паўгода.

Наталля Антановіч
Касметолаг
Многія мужчыны лічаць, што догляд твару такі ж неабходны мінімум, як візіт да стаматолага. Твар – гэта частка яго знешняга выгляду. Гэта норма для паспяховага чалавека. Раней поспех мужчыны мог вымярацца таўшчынёй залатога ланцуга ў яго на шыі. Але цяпер паспяховы чалавек павінен выглядаць добра. Дагледжаны твар, прыгожая фігура, прыемны пах і правільна падабраная вопратка – вось новыя паказчыкі паспяховасці.

Па што мужчыны прыходзяць у салон?

Акрамя гігіенічных чыстак, салоны прыгажосці гатовыя прапанаваць мужчынам розныя доглядавыя працэдуры, абкручванні для фарміравання сілуэту цела, масаж твару і цела для падтрымання здароўя і паляпшэння абменных працэсаў.

Наталля Антановіч
Касметолаг
У мужчынскі мінімум ужо даўно ўваходзіць і манікюр. Бо скура на руках павінна быць не закарузлай, а гладкай, дагледжанай і прыемнай. Многія прыходзяць і на педыкюр, што таксама нармальна і правільна.

Цікава, што беларускія мужчыны звяртаюцца ў салоны і за карэкцыяй формы броваў, афарбоўкай павек.

Наталля Антановіч
Касметолаг
Форму броваў карэктуюць, каб зрабіць акцэнт на вачах. А афарбоўванне павек надае выразнасць погляду. Гэтыя працэдуры можна рабіць адзін раз у два-тры месяцы. Для гэтага выкарыстоўваецца тая ж фарба, што і для жанчын, але мужчынам больш пасуе графітавы пігмент, а не карычневы або чорны.

Яшчэ адна цікавая працэдура, на якую згаджаюцца мужчыны, дэпіляцыя падпахавых ямін гарачым воскам.

Догляд за скурай

 

Наталля Антановіч
Касметолаг
Выконваць яе можна раз у месяц. Гэта эстэтычна і гігіенічна, бо галенне станком часта выклікае раздражненне. Цікавіць мужчын і выдаленне лішніх валасоў на спіне і грудзях з дапамогай фота- і лазернай эпіляцыі.

Ці існуе мужчынская касметыка?

Прынцыповай розніцы паміж касметыкай для мужчын і жанчын няма. Гэта хутчэй маркетынгавы ход.

Наталля Антановіч
Касметолаг
Мужчынам больш падабаецца касметыка фармату «2 у 1», «3 у 1». І наогул яны за тое, каб у ваннай было менш цюбікаў і слоічкаў. Мужчыны любяць зручнасць – аддаюць перавагу касметыцы з дазатарамі, каб не наносіць яе рукамі ці лапатачкамі.

Па гэтых прычынах вытворцы імкнуцца звесці да мінімуму касметычныя лінейкі для мужчын, каб не ўскладняць ім выбар. Так што, калі са скурай усё ў парадку, можна смела браць першую ўпадабаную банку.

Наталля Антановіч
Касметолаг
Выбіраць сродкі для мыцця, крэм трэба па тыпе і стану скуры, а таксама ў адпаведнасці з узростам. Вялікая памылка – карыстацца дзіцячым крэмам або касметыкай для ўсіх тыпаў скуры. Такі варыянт падыдзе толькі ў выпадку нармальнай скуры, у астатніх тыпаў – свае патрэбы. А вось камбінаваныя сродкі – гэта добра. Напрыклад, сродак для мыцця можа быць два ў адным – чысціць і танізаваць адначасова.

Дарэчы, дапускаецца пазычыць патрэбны слоічак у жонкі або дзяўчыны. Пры ўмове, што ў пары адзін і той жа тып скуры.

Наталля Антановіч
Касметолаг
Для мужчын, аднак, маюць значэнне аддушкі. Ім больш падабаюцца травяныя і драўняныя ноткі, а не салодкі водар жаночых сродкаў. Тут усё ўпіраецца ў асабістыя перавагі.

Мужчыны любяць, каб іх даглядалі. Так што ідэальным падарункам на 23 лютага можа стаць хатні догляд твару ў выкананні каханай!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 93

Глядзіце таксама