23.08.2022
23.08.2022

Чароўныя словы (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 187
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Жыла-была адна сям’я. Адна з тысяч падобных, дзе тата, мама і адно дзіцятка. Тата працаваў аператарам станкоў з праграмным кіраваннем на заводзе. Быў руплівым спецыялістам і добрым чалавекам. У калектыве яго паважалі. Абыходзілі ж толькі бракаробы і злыдні, бо ён быў справядлівым і кожны зароблены рубель нёс дахаты. Мама працавала прыбіральшчыцай у школе. Таксама была руплівай і шчырай.

Лізаветка. Казка. Тата Лізаветкі.

Амаль год таму напрадвесні пара буслоў прынесла ім маленькую дзяўчынку. Дзесяць год чакалі. Іх шчасце з ізумрудавымі вочкамі і жытнёвымі з кудзеркамі валоскамі як матылёк носіцца зараз па кватэры. За прыветную ўсмешку тата з мамай назвалі дзяўчынку Лізаветкай.

Як на дражджах расла. Усё разумела, слухалася бацькоў. І раптам яе як падмянілі. Зусім іншай стала, сваімі ўчынкамі і не падобнай да бацькоў. Ужо не толькі хныкала, упарцілася ўсяму, што ёй казалі, а і не ведала слова «нельга», толькі – «хачу».

Калі Лізаветка навучылася хадзіць, у кватэру прыляцела злая Чараўніца Непаслухмяна. Свежы рамонт згасаў штодня: сцены, дзверы і падлога да горычы «радавалі» бацькоў рознакаляровай вясёлкай  кветачак ды кузюрачак. Дзівосныя фарбавыя ўзоры былі нават на маразільні. Бывала, падбяжыць дачушка да акна на покліч нібыта сонечнага зайчыка, а там Злая Чараўніца хаваецца. Раз-раз – і падпарадкавала сабе дзяўчынку.

І тая хутка асвоіла многа кепскіх слоў.  Яны былі рознымі, а найбольш  – «не хачу» і «чаму я». Нехачуха і Чамучка хадзіла ў сярэднюю групу дзіцячага садка і, вярнушыся дахты, дзень пры дні забаўлялася з цацкамі.

Аднаго разу, калі выхавальніца адвярнулася на хвіліну, у фортку таксама ўляцела злая Чараўніца Непаслухмяна. У групе ўсчаўся сапраўдны гармідар. Ледзь супакоілі дзетак.

Лізаветка. Што нарабілая Чараўніца Непаслухмяна ў дзіцячым садку.

Вярнуўшыся дадому, Лізаветка без дазволу бацькоў паласавалася найсмачнейшымі слодычамі, якія мама падрыхтавала для ўсёй сям’і. Потым пазбірала свае цацкі і ўкінула ў пральную машыну.

– А цяпер  вы палётайце! – сказала, уключыўшы машынку.

Наўкола зашумела-загуло так, што і сабачка, і кот,  і канарэйкі яе разбегліся-разляцеліся хто куды. Сама ж малая гаспадыня пайшла на кухню і паклікала злую Чараўніцу Непаслухмяну.

Хадзі есці, Чараўніца! Каб дужай была! Наперадзе ў нас вялікія справы.

Сама ж раскрыла планшэт і пачала штосьці шукаць.

Як толькі вярнуўся дахаты бацька і даведаўся пра свавольствы дачкі, яна без дай прычыны пачала кідацца цацкамі, што не трапілі ў пральную машыну.  Сваволіла, ажно пакуль тата ні прысарамаціў яе:

– Дачушка, скажы, калі ласка, чаму ты не слухаешся старэйшых?

– Не хачу слухацца! Я ў космас хачу!

– У космас – гэта добра, але туды лётаюць толькі тыя, хто слухаецца... Ці мы з мамай не так што робім,  га? Лізаветка, чуеш?

Яна апусціла галаву. Вушы і шчокі запунсавелі, і было відаць, што ёй сорамна зрабілася. Але яна працягвала штосьці мармытаць сабе пад нос.

Лізаветка. Дзяўчынка не слухаецца.

Бацькі вачам-вушам сваім не маглі паверыць, што іх дачушка пачала гэтак сябе паводзіць.

– Усё так! Але мне патрэбны смартфон. Я ў космас палячу! – нарэшце ўпэўнена і па-сталаму настойліва аб’явіла.

–  Во як! Смартфон табе ранавата, а ў космас – калі ласка! Ляці, дачушка!

І нікога не слухае Лізавета. Не вымавіла ніводнага чароўнага слова.  Нават з неахвотаю пачысціла зубкі. Ад таго і бацькі ледзьве сварыцца не пачалі.

Аднаго разу тата папярэдзіў, што да свавольнай дзяўчынкі пакліча Дамавіка альбо Бабу Ягу, якія лічаць за ўцеху па-свойму выхоўваць малых дзяцей.

Пры гэтых словах з-за стала высунулася знаёмая галава.

– Завіце каго хочаце! Нуда і маркота з вамі! Давайце хоць каго, абы было з кім пазабаўляцца!

– Што зрабілася з дзіцем? – не разумеюць бацькі. – Відаць, адной ёй і насамрэч сумна.

– І чаму ты такая злюка? – пытаецца тата. – Што з табой, дачушка?

– Я зусім не злюка. Гэта вам так здаецца, – шчабеча малая. – У садку ўсе вольныя. І я хачу быць вольнай. І нікога не баюся. Так і ў гаджэтах раяць. Ператваруся ў птушачку – і ўся справа.

Лізаветка. Мары ператварыцца ў птушку.

– Лізаветка, а што такое воля па-твойму?

– Рабіць тое, што захачу!

Так казала Чараўніца Непаслухмяна.

– Не, дарагая мая! Воля не ў тым, каб сваволіць, не стрымліваючы сябе, а ў тым, каб валодаць сабою.

– Гэта як?

Думаць патрэбна сваёй галавой. Што можа быць, напрыклад, калі ты зробіш тое, што не дазволена, –  патлумачыла маці, запрашаючы да разваг і дачку.

– Мяне пакараюць, будуць сарамаціць. Мне гэта патрэбна? – па-даросламу разважала Лізаветка.

– Канешне, не патрэбна!  Так і з сябрамі паводзь сябе. Выбірай сяброў сярод тых, хто мае рэдкую здольнасць казаць праўду. Падманшчыкаў і падбухторшчыкаў абыходзь. Зараз багата няшчырых людзей.

– Слухаць, нават калі праўда непрыемная?!

– Так, – пагадзіўся тата. – Толькі трымай сваё слова! А пакуль ідзі класціся спаць.

– Толькі зубкі пачышчу.

– Малайчына, што не забываешся!

Лізаветка. Дзяўчынка чысціць зубы.

Лежачы ў ложку, дзяўчынка прыгадвала заўвагі і парады бацькоў. Ад гэтага ёй прысніўся сон. Вось яна на серабрыстым талеркападобным касмічным караблі ляціць над сваім горадам. Але карабель пралятае далей і садзіцца на заліты зыркім сонцам поплаў. Адсюль і вёска бабуліна недалёка.

Усё наўкола  знаёмае. Тут яна праводзіла летнія вакцыі. Сюды прыходзілі яны з бабуляй на Купалле. Лізаветка збірала кветкі на вянкі, якія старэйшыя дзяўчаты спускалі на ваду і спявалі песні. Памятае яна і вялікае вогнішча, вакол якога былі гульні-ігрышчы. А пасля як павыходзілі з ракі русалкі! І разбегся народ. Толькі Лізаветка не спужалася іх.

Свежае паветра, чысціня і прастора. Наваколле запоўненае птушынымі спевамі. Узлескі і паляны патанаюць у раскошы колераў і пахаў  пунсовых ружаў ды незлічоных дыванкоў жамчужынак-маргарытак, а таксама чабору і ландышаў, што аталяюць белыя карункі легкакрылых рамонкаў. За ўсім гэтым царствам  красак назіраюць строгія званочкі.

Ад хваляў паветра, што ўзняў серабрысты карабель, галоўкі кветак нахіліліся да самай зямлі. І калі Лізаветка сышла з карабля на мяккі рознакаляровы дыван, кветкі адразу пазналі яе. Яны навыперадкі хваліліся – кожная сваёй прыгажосцю і навінамі. Галасы іх пераліваліся ціхім журчаннем ручаінкі, ранішнім жаўруковым спевам. Яна падыходзіла да кожнай, размаўляла, раз-пораз смяялася і ішла далей.

Лізаветка. Дзяўчынка на лузе.

Лізаветка сарвала рамонак ды паваражыла на яго пялёстках. Відаць, падцвердзіліся яе планы, бо малая засмяялася, ажно званочкі задзінькалі...

Раптам галасы сцішыліся, а ў небе, паставіўшы белыя крылы-ветразі ў паток ветра, скіравалася на пасадку пара буслоў. Прызямліліся акурат на сярэдзіну дыванка з браткоў. Яны адразу пазналі Лізаветку: узнялі галовы і, закінуўшы ўгору свае дзюбы, радасна віталі яе зычным клёкатам.

Тым часам малой успомнілася, як яны з бабуляй  мінулым летам штовечар прагульваліся па вёсцы ды віталіся з гэтымі самымі бусламі. Гняздо тыя зрабілі на каньку вясковай хаты і штораз, вярнуўшыся з вечаровага палявання, частавалі сваіх дзетак жабкамі ды рознымі жучкамі-матылькамі. Затым у вячэрнім наваколлі разносіўся іх шчаслівы клёкат, як  удзячнасць дагараючаму дню і пажаданне прыемных сноў дзецям.

Лізаветка заўсміхалася:

– Ну прывітанне, мае сябры!

– Прывітанне, дзяўчынка-аблачынка! Чулі-чулі пра твае прыгоды, Лізаветка! Ведаем, што ты трапіла пад уплыў злой Чараўніцы Непаслухмяны і ў космас злятала. Пры гэтым забылася наведаць сваю бабулю. Гэта недаравальна!

– Я гатовая выправіцца да яе!

– Тады развітвайся!

Дзякуй вам, Буські!

Лізаветка ўзяла з сумачкі далькажык*, павярнулася ў бок серабрыстага карабля, на якім толькі што прыляцела, штосьці сказала – і ён імгненна ўзняўся і схаваўся ў нябеснай сіняве.

Яна абыходзіла палянку, развітвалася з кожнай кветачкай. Затым рашуча падбегла да старога бусла, спыталася:

– Ну што, Бусько, адужаеш?

Лізаветка. Палёт з буслом.

– Ды сядай ужо, касманаўтка!

Бабуля ўзрадавалася сваёй пястушцы, але радасць не паказала.

– Ну прывітанне, гарэза! – стрымана адказала на яе вітанне. – А я табе гасцінец падрыхтавала!

І працягнула жоўта-карычневага колеру пячэнне.

– Бабулька, ты ўсё яшчэ сама пячэш? У крамах жа такога дабра – на любы густ!

– Зробленае сваімі рукамі заўсёды смачнейшае за крамнае.

Як толькі малая пачала есці, бабуля далікатна спыталася:

– Як справы ў цябе, Лізаветка? Чула, што ў вас злая Чараўніца Непаслухмяна аб’явілася.

– Так, бабулька, яна мной кіруе. Як толькі я што-небудзь хачу добрае зрабіць – яна тут як тут. І ўсё падштурхоўвае мяне ліха рабіць. І цікаўнасць перамагае маю непаслухмянасць. Але я выпраўлюся. Абяцаю табе! Калі была ў космасе, дык усё прааналізавала. Больш ніколі шкоды рабіць не буду!

І толькі Лізаветка тое прамовіла, як яе пачалі мучыць згрызоты. Ёй зрабілася сорамна. Хацелася хутчэй выправіць сваё непаслушэнства добрымі справамі і ўчынкамі.

– Нашая гарэза ўсюды пралезе!

– Я абяцаю выправіцца! Не верыш?

– А бацькам як патлумачыш? Быць на ласкавым хлебе і…

Бабуля хацела даведацца, якое месца займаюць у думках унучкі бацькі. Ці не адсунула яна хоць на макулінку іх з-за сваіх гаджэтаў.

Лізаветка. Размова з бабуляй.

– Вельмі проста! Не парся, бабуля! – адказала быццам роўнай, нават не збянтэжылася.

– Э-э-х! Малыя дзеткі – галава баліць, вырастуць – сэрца.

Бабуля цяжка ўздыхнула, але ўрэшце саступіла настойлівым абяцанням унучкі. Толькі няголасна і прамовіла: «Слоў на мех, а спраў на смех».

Але вось дзіва дзіўнае! З тае размовы дзяўчынку як падмянілі. Словы бабулі надалі ёй рашучасці. Дома Лізаветка зрабілася ветлівай дзяўчынкай і першай памочніцай маці.

… Лізаветка прачнулася. Яшчэ пэўны час у яе вушах адгалоскам звінелі ціхія галасы бацькоў, а перад вачыма стаялі рознакаляровыя дыванкі кветак ды  серабрысты касмічны карабель.

– Смачна есці! – упершыню ветліва пажадала.

Бацькі пераглянуліся. Усміхнуліся адно аднаму.  Раптам маці як войкне!

– Што здарылася, мамка? – далікатна спыталася малая.

– Брацік да цябе спяшаецца! – заўсміхалася маці і паклала ручку дачкі на свой растучы жывоцік. – Чуеш, як ножкамі брыкаецца? Вось і будзе з кім табе забаўляцца!

– Ой, мамачка! І праўда, ён брыкаецца! – прыставіўшы вушка да жывата маці, лямантавала здзіўленая і ўражаная Лізаветка.

Вось бачыш: маме нельга хвалявацца. А хто ў нас сваволіць і не слухаецца?

У гэты момант Добрая Фея падляцела неўпрыкмет і шэпча ёй на вушка: «Ад сёння ты будзеш самай лепшай і паслухмянай дзяўчынкай!»

Лізаветка.

Лізаветка ўраз расквецілася. Набрала паветра і выпаліла:

– Прабачце, калі ласка! Мамка і татка, я больш н-н-іколі не буду сваволіць!

Назаўтра яна склікала ўсіх сваіх хатніх сяброў: ката Макрона, сабачку Трампа, канарэек Фіў-Фіў і Цёх-Цёх і папярэдзіла:

З гэтага дня нашымі сябрамі  будуць цішыня і спакой у павазе і ветлівасці да кожнага.

Маці ласкава абняла сваю гарэзу, прылашчыла, штосьці пачала шаптаць на вушка.

У гэты момант  фортка адчынілася і  злая Чараўніца Непаслухмяна выляцела ў акно.

– Ах, мамка! Ах, татка! Даруйце, калі ласка! Гэтае выпрабаванне было вельмі павучальным для мяне. Нарэшце я назаўсёды вызваленая з-пад чужой улады.

У думках Лізаветка горка папракала сябе за ганебныя ўчынкі. Толькі цяпер яна зразумела, як дрэнна сябе паводзіла, якою аказалася няўдзячнаю. Ці даруюць ёй бацькі? Ці захочуць цяпер сябры ўбачыцца з ёю? Яна з радасцю пагадзілася б пачаць усё наноў, каб толькі гэта магло вярнуць давер і бацькоў, і сяброў. Яна згодная на любое выпрабаванне, каб толькі заслужыць гэтае шчасце.

– Дачушка мая! – наказвала маці. – Раскаянне акупае шмат якія грахі. Толькі не давай нудзе і  маркоце завалодаць сабою.

Праз пэўны час нагадаў пра сябе і рэальны новы член сям’і: бацькі прывезлі белы камячок, перавязаны сіняй стужкай.

Лізаветка. Нараджэнне браціка.

Лізаветка бегала вакол таго скрутачка, адкуль блішчэлі толькі васількова-блакітныя вочкі. Яна гладзіла рэдзенькія залаціста-пшанічныя валосікі браціка і па-сталаму вырашыла: нарэшце будзе з кім забаўляцца.

– Няхай у ялінку не спатрэбіцца ператварацца, а вось у космас мы з табой, брацік, абавязкова паляцім! Вось толькі зайчыка Шустрыка і вавёрачку Верачку паклічам, а тое яны заседзеліся ў маім шкапчыку. Калісьці яны былі маімі сябрамі і мы з імі размаўлялі. Няхай сабе плюшавыя цацкі не размаўляюць, але як яны слухаюць! – шчабятала дзяўчынка.

– Дзякуй, мамка! Дзякуй, татка! – зноўку пястушка ўзняла бацькам  настрой. – Цяпер я буду клапаціцца пра Васілька.

– Вялікі расці! – паўтарала Лізаветка, займаючыся з брацікам цэлымі днямі.

І Васілёк штодня падрастаў і дужэў. У хуткім часе ён не толькі чытаў і пісаў на роднай мове, але і замежныя асвоіў. Ведаў герояў нацыянальнай гісторыі ад Скарыны да Максіма Багдановіча.

– Ёсць толькі адно дабро – веды, і толькі адно зло – невуцтва, – паўтарала Лізаветка.

Лізаветка і Васілёк.

І ў хуткім часе Васілёк стаў вядомым чалавекам. Многа дабра людзям рабіла і Лізавета, з якой атрымалася цудоўная настаўніца. І дапамаглі гэтаму своечасова вымаўленыя чароўныя словы.

Старайся і ты, мой дружа. Вучыся. Ад гэтага толькі карысць. І сабе. І людзям. І роднаму краю. А пакуль няхай у жыцці кожнага з вас, мае юныя чытачы, будзе Добрая Фея, якая б змагла прынесці шчасце ўсім дзецям у свеце! Іншага мне не трэба.

*Далькажык – тэлефон ( у вызначэнні «далёка казаць»).

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 187

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».