07.06.2022
07.06.2022

Прароцтвы лянівай Зязюлі (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 145
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Сышла, быццам і не было, сцюдзёная і мяцелістая зіма. Бурна адышло разводдзе, дыхнула цяплом. Прыйшла красуня-чараўніца вясна. Як яе чакала ўсё жывое! Чакала гэтай пары і Зязюля. Ёй надакучылі сухі зімовы корм і халадэча. Але ляцець у родны край адна баялася. Яна верыла толькі птушынаму цару Куку – з таго часу, як ён абараніў усё сваё царства ад нападаў ваўкоў, лісіц і змей. Усіх, хто квапіўся на іх, птушак.

Зязюля і цар Кук.

–  Калі ўжо я адведаю свежага бярозавіка, га? – гушкалася яна, пасміхаючыся з цара.

– Не журыся, Зязюля! Ты ж у нас – нямоглая ды лянівая, а такім заўсёды ўдаецца.

А чаму, мой дружа, не ведаеш? Тады слухай.

Аднойчы пасля чарговага дазору цар Кук не вярнуўся ў сваё гняздо. Зажурыліся лясныя птушкі:

– Хто ж нас цяпер абароніць?

Пачалі раіцца. Што рабіць? Трэба ісці шукаць свайго заступніка. А хто пойдзе? У кожнага – справа: той гняздо ладзіць, той яечкі наседжвае, той дзяцей гадуе; адзін – стары, другі – малы… Вырашылі яны адправіць Зязюлю – у яе дзяцей няма. Спалохалася Зязюля, што трэба ісці ў вялікую дарогу, і знесла яечка.

– Куды ж я яго падзену? –кажа шэрая.

– Пакладзі сваё яечка ў любое гняздзечка! – адказалі ёй птушкі.

– А хто ж яго будзе выседжваць?

– Каму пакладзеш, той і глядзець будзе!

– Хто будзе сваіх гадаваць, той і тваё дагледзіць.

І паляцела Зязюля шукаць Кука. Праляціць, сядзе на галінку і кліча:

– Ку-ку! Ку-ку!

Зязюля. Куванне зязюлі.

Праляціць – і зноў кліча.

Хаця і даўно гэта было, але птушкі памятаюць гэтую гісторыю. Бо Зязюля і сёння сябруе толькі з тым, хто не любіць працы, забываецца на свае абавязкі перад іншымі, часта паўтарае: «Ай, потым зраблю, паспею яшчэ гняздо звіць і дзетак вывесці».

Вось хаця б свежы выпадак. Яшчэ ляжаў апошні снег на ўзлесках, як усе птушкі разляцеліся выбіраць сонечныя і сталыя бярозы: патрэбна ж спаталіць смагу пасля доўгай зімы. Яны ведалі, што дрэвы, з якіх будуць спускаць сок, павінны быць не маладзейшымі за паўвека і без пашкоджання ствала.

– Якая вам розніца? – пярэчыла Зязюля. – Абы бярозавік цёк і я змагла б удосталь напіцца!

– Розніца ёсць, – запярэчыў стракаты Крыжадзюб. – Па-першае, дрэва можна загубіць, і яно засохне. Па-другое,  патрэбна дазвол у галоўнага ляснічага, чорнага Дзятла, узяць.

– Не трэба ні ў каго браць той дазвол! Я дазваляю рабіць усё, што захочаце! І паспяшайцеся, бо я піць хачу!

– Што ты з ёю дарэмна час бавіш, – закрычала абураная Сойка. – Я вось ужо і вядзерцы прыхапіла. Паляцелі-і!

Сойка ў палёце.

Побач ляцелі іншыя птушкі. І ў кожнай у дзюбцы было па вядзерцу. Лагодны вясенні вятрыска разгойдваў тыя вядзерцы, толькі звон стаяў.

– Паляцелі-і!

На ўскрайку вялікага, але разгуканага вясенняга  лесу чуўся стукат галоўнага ляснічага, які ўжо ў накерненыя адтулінкі сакавітых бяроз упраўляў латкі і прыладкоўваў вядзерцы. А паверх вядзерцаў і марлечку завязваў ад разбуджаных цяплом камароў ды мурашоў.

І зацурчэў бярозавік!

Як толькі напоўнілася ім першае вядзерца, адкуль толькі і з’явілася лянівая Зязюля. І выпіла ўсё да дна.

– Які свежанькі ды празрысценькі! Смаката! Нарэшце я аджыла ў дружным  калектыве.

А як пачалі сарамаціць яе  птушкі за  ляноту, шэрая  разважліва адказала:

– Вы лепей не дражніце мяне, бо як закукую на ноч ды на голыя дрэвы – будзе вам голад і мор. А калі хто пачуе мяне на галодны страўнік, таму і год будзе няшчасным.

Зязюля. Куванне зязюлі на голы лес.

Зразумелі птушкі, што з кукаванкай  лепей не спрачацца, бо ведалі пра яе прароцтвы. І пра тое, што быццам шэрая з’яўляецца нябеснай вястункай. Зязюля можа паведаміць пра надыход лета, пачатак маланак і дажджоў.

– Нават вызначыць працягласць не толькі нашага, але і  чалавечага жыцця, – дадаў пачцівы Дубанос.

– І  шлюбных саюзаў, – працінькала сінічка.

Паслухаліся птушкі шэрую Зязюлю, і  яна закукавала на  зялёнае дрэва.

Потым яна часта і падоўгу на досвітку кукавала. Усе птушкі ведалі, што наперадзе спагадна-шчаслівая вясна і ўраджайны год.

Зязюля. Куванне зязюлі на зялёны лес.

А Зязюля так і жыве ў адзіноце без свайго гнязда. І не ўбачыла за ўсё жыццё ніводнага дзіцятка свайго, хаця штолета нясе каля дваццаці яечак. Праўду кажуць: гулі не аднаго ў лапці абулі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 145

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».