25.08.2019
25.08.2019

Мацнейшыя разам – не проста прыгожыя словы...

logo
Думкі ўслых
0 47
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ну вось і адбылося вельмі важнае для многіх мерапрыемства, пра якое мы так шмат гаварылі і пісалі на нашым інфармацыйным партале. Першая Эстафета «У імя жыцця» для анкапацыентаў і іх блізкіх, па маіх адчуваннях, атрымалася камернай, душэўнай, хатняй. І дух аб’яднання лунаў у паветры цалкам адчувальна – здавалася, яго можна было пакратаць. І прыходзіла ўсведамленне, што мацнейшыя разам – гэта не проста прыгожыя словы, а самая аб’ектыўная рэальнасць.

Асабіста я рада, што паўдзельнічала ў Эстафеце, бо пачула і пабачыла шмат цікавага, што знайшло сваё месца ў душы і сэрцы. А думкі і пачуцці... Іх вельмі шмат, каб змясціцца ў гэтым допісе. І ўсё ж паспрабую ўзгадаць і акрэсліць уразлівыя моманты суботняга дня – не толькі падчас Эстафеты, але яшчэ да яе пачатку.

...Па сваёй звычцы нікуды не спазняцца прыехала раней за 40 хвілін да часу, у які наша маленькая каманда інфармацыйнага партала Здаровыя людзі дамовілася сустрэцца ля правага бакавога ўваходу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Менавіта там па задумцы арганізатараў – сацыяльна-асветніцкай установы «Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця» пад кіраўніцтвам Ірыны Жыхар – павінна распачацца Эстафета.

А пакуль я падыходжу да вады з фантанамі. Мая слабасць! Люблю ваду ў любым яе праяўленні! І адтуль раблю фотаздымак Нацыянальнай бібліятэкі. Захацелася зазняць яе менавіта вось з гэтай сакавітай зелянінай, што акаляе падыходы. Ну прыгажосць жа!

Затым колькі дзясяткаў хвілін назіраю за фантанамі, узгадваючы пры гэтым чэшскі гейзер па назве Вржыдла, размешчаны ў Карлавых Варах. Таксама высокі! А калі да мяне далятаюць кропелькі вады... Узнімаюся з лаўкі, але не сыходжу зусім. Быццам чагосьці чакаю...

Так і ёсць! Дачакалася! Вясёлка! Якая ж цудоўная неспадзяванка! Лаўлю яе ў аб’ектыў і так, і гэтак, спадарожна назіраючы за катамаранам у выглядзе аўтамабільчыка.

На адным кадры здаецца, быццам вясёлка пачынаецца з яго боку!

– Мама, а як гэтыя машынкі плаваюць?! – здзіўлена пытаецца ў мамы маленькі хлопчык, якога яна фатаграфуе на фоне фантанаў.

– А гэта не сапраўдныя машынкі, – тлумачыць тая.

У мяне яшчэ застаецца колькі хвілін, каб прагуляцца па ажурнаму мосту, паглядзець, як сюды для фотасесіі накіроўваецца вяселле... Цёпла, сонечна, і ад гэтага прыемна на душы.

Нарэшце сустракаемся з калегамі, абмяркоўваем фота з вясёлкай. І вось ужо ў руках Ірыны Жыхар мікрафон, да яе падыходзіць харэограф, а ўдзельнікам Эстафеты прапануюць спусціцца на пляцоўку, каб разам станцаваць танец з сімвалічнай назвай «Раніца новага дня».

Як вядома, спецыяльна для яго музыку напісаў кампазітар Тэймур Пагасян, а харэограф Аляксандра Косціна, уласна кажучы, і стварыла сам танец. Відэа да яго было размешчана ў сеціве зараней, каб усе ахвотныя маглі развучыць немудрагелістыя рухі.

Ведаеце, я нават пашкадавала, што знаходжуся па іншы бок аб’ектыва фотаапарата. Гэта сапраўды было так ЗДОРАВА!!! Словамі не апішаш. Трэба было бачыць танец, чуць музыку... Пачатак Эстафеты сапраўды атрымаўся!

Ірына Жыхар патлумачыла, дзе і як будуць праходзіць актыўнасці Эстафеты і як карыстацца рознакаляровай праграмкай, суадносіць яе колеры з зонамі ў бібліятэцы.

Вельмі добра працавалі падчас Эстафеты валанцёры. Перад пачаткам яны суправаджалі людзей ад цэнтральнага ўваходу да бакавога, дзе мерапрыемства мелася распачацца. Гэтак жа праводзілі і па зонах. Ветлівыя, усмешлівыя, маладыя...

Арганізатараў адзначалі эфектныя сланечнікі. Іх за сімвалічны кошт можна было набыць тут жа... А яшчэ паглядзець на цудоўную фотавыставу «Са-тварэнне» і паразмаўляць з усімі тымі спікерамі і майстрамі, пра якіх мы распавядалі на нашым інфармацыйным партале. Многіх я адразу ж пазнавала ў твар!

Пазнаёміўшыся зараней з праграмай, паводле якой некалькі лекцый і практычных заняткаў ішлі паралельна, вызначыла найперш для сябе вось гэта: «Як паспяхова размаўляць з урачом». І.Малаш, псіхолаг, Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця», М.Ёланта, Асацыяцыя Псіхасацыяльнай Анкалогіі, Вільнюскі хоспіс імя М.Сапоцькі (Літва) пры ўдзеле А.Собаль, псіхаанколага (Польшча)».

І хаця, як прызналіся напрыканцы выступоўцы, планавалася правесці сустрэчу крыху ў іншым фармаце, але яна сталася карыснай і ім, і тым, хто завітаў сюды. Бо пытанняў задавалі мора! Жывыя стасункі – гэта тое, чаго заўсёды чакаюць людзі ад урачоў. І тут гэта спраўдзілася.

Цікавымі падаліся і вось гэтыя 7 пытанняў, якія пацыенту прапануецца задаць свайму ўрачу...

Наступная мая асабістая цікавасць – гэта, вядома ж, майстар-клас «Як не патануць у моры інфармацыі. Інструкцыя для пацыента» ад кіраўніка нашага інфармацыйнага партала Здаровыя людзі, к.м.н., дацэнта кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА Вольгі Святліцкай.

Таксама пачула вельмі шмат карыснага для сябе. Парадавала неабыякавасць слухачоў. А яны, апрача іншага, атрымалі магчымасць задаць пытанне ўрачу, які знаходзіцца на баку пацыентаў, умее іх слухаць (а галоўнае – чуць!), размаўляе з імі...

Цікавіліся людзі і банерам нашага інфармацыйнага партала.

І няхай на гэтае мерапрыемства – першае ў такім маштабе, зладжанае пацыенцкай арганізацыяй, завіталі не тысячы, не дзясяткі тысяч людзей, тыя, хто прыйшлі, проста малайцы! Не пабаяліся, не засаромеліся... І я веру, што кожны ўзяў для сябе штосьці карыснае, займеў кантакты і, у рэшце рэшт, паверыў, што раніца кожнага новага дня будзе абавязкова добрай.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 47

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама