21 Снежня
21.12.2018

Магія слова

logo
Думкі ўслых
120 0 31
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Магчыма, калі Чэрвень усё ж закідае снегам…» – напісала я ўчора ў аповедзе пра валёнкі. А сёння а шостай раніцы здзіўлена пазірала ў акно! Не тое каб ужо засыпала, але сапраўды, нападала свежанькага, прыкрыла дарогу. Нарэшце! Нарэшце ўжо не чорны асфальт! Атрымліваецца, жаданне пачало спраўджвацца?! І што гэта тады, як не магія слова?!

Напярэдадні калядных і навагодніх святаў усе мы знаходзімся ў чаканні цудаў. І любое супадзенне нам падаецца няйнакш як знакам з нябёсаў, праўда?! І хочацца, каб іх было пабольш, і не толькі ў навагоднюю ноч. Бо часцяком ужо стамляешся ствараць цуды сваімі рукамі. І дужа ўжо хочацца, каб хтосьці стварыў іх для цябе. Проста так. Хаця б аднойчы. Хаця б адзін. Цуд.

Думаю, многім знаёма такое: падумаеш пра штосьці ці прамовіш услых. А яно – раз! – і спраўдзілася. «Ат, супадзенне!» – адназначна скажуць скептыкі. А я вось і не сцвярджала б. Бо сапраўды веру ў тое, што словы валодаюць пэўнай магіяй. Асабліва сказаныя ў правільны час і ў правільным месцы.

Дарэчы, пра час і супадзенні. А ці здаралася ў вас такое, што як ні зірнеце на гадзіннік (любы – наручны, насценны, электронны, на мабільніку), дык часцяком бачыце адны і тыя ж лічбы?! 12.12, 19.19… У мяне ў апошнія некалькі гадоў – ужо як правіла. Але што б гэта значыла, не ведаю. Проста ўнутранае адчуванне часу ці… таксама якаясьці магія?!

А прыгадайце дзіцячае: «Раз, два, тры, ёлачка, гары!»! Ніхто ж у маленстве асабліва не задумваўся, што такую «магію» забяспечваюць дарослыя простым уключэннем гірляндаў, падачай электрычнасці. Для дзяцей гэта была сапраўдная МАГІЯ! Як і з’яўленне на ранішніку Дзеда Мароза са Снягуркай, калі іх паклікаць услых… Ці падарункаў ад іх жа пад ялінкай у навагоднюю ноч.

Недарэмна нашы продкі склалі-занатавалі выслоўе пра тое, што слова лечыць і калечыць. Яны, набліжаныя да істот, якім пакланяліся, верылі ў магію. Як верылі ў моц ведзьмакоў, народных лекараў, што загаворвалі хваробы альбо насылалі няшчасці. А як?! Не толькі магічнымі дзеяннямі, але ж і чароўнымі словамі.

І як жа часта цяпер бывае: толькі падумаў, а яно ўжо і спраўдзілася. Прычым не толькі добрае, але і дрэннае. На жаль. Так што думкі сапраўды матэрыяльныя, а сіла ўяўлення робіць цуды. І што жаданні могуць спраўджвацца, асабіста я веру! Таму лепей спачатку добра падумаць, што менавіта ты збіраешся загадваць альбо прасіць у Сусвету.

Але напярэдадні навагодніх святаў хочацца думаць толькі пра добрае, жадаць добрае і атрымліваць тое ж у адказ! Таму прапаную вам, шаноўныя сябры, дзейнічаць у гэтым кірунку! Давайце разам узмоцнім магію Слова, акумулюем яе ў Сусвеце і атрымаем чараўніцтва ў адказ!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

120 0 31

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.