11.07.2017
11.07.2017

Мангал — рэч далікатная!

logo
Кухоннае начынне
0 17
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Што традыцыйна асацыюецца з адпачынкам на прыродзе, асабліва летам? Правільна, шашлык! Гэта ўніверсальная, простая і ў той жа час патрабавальная да ўмоў прыгатавання страва. Той, хто ўмее па-майстэрску яе рабіць, будзе ў пашане ў любой кампаніі.

Усе аматары духмянага шашлыку ведаюць, што правільны мангал гэтак жа важны, як і якасць мяса ці марынаду. Толькі ў сукупнасці складнікі падораць сапраўдную асалоду гурманам і знаўцам. «Слушна» вырашылі разабрацца, які мангал лепш, і на чым спыніць свой выбар.

Які мангал лепш?

Адкуль з'явіўся мангал

Цяжка сказаць, калі і дзе ён быў выраблены ўпершыню. Як толькі чалавек навучыўся здабываць агонь і гатаваць на ім ежу, паўстала пытанне: «А як больш зручна гэта рабіць?»

Спачатку людзі клалі мяса на камяні вакол агню, затым з'явіліся першыя каменныя аналагі сучаснага мангала. Ва ўсіх старажытных мовах гэтае слова вымаўляецца аднолькава — mangal, а карані ў яго ўсходнія. Меркаванні археолагаў падзяліліся: хтосьці аддае пальму першынства ў вынаходстве мангала старажытнаму скіфу Анахарсісу, нехта даказвае, што яго стварылі старажытныя людзі, якія жылі на тэрыторыі Паўночнай Караліны (ЗША).

Удасканаленне тэхналогіі вырабу мангала звязана з развіццём кавальства. У якасці сыравіны для вытворчасці першых каваных мангалаў старажытныя майстры выкарыстоўвалі самародныя і метэарытныя металы. Дарэчы, у былым СССР найбольш буйныя паклады самародных металаў знаходзіліся на тэрыторыі Каўказа, Урала, Алтая, Казахстана, Якуціі. Магчыма, таму менавіта каўказцы вядомыя сваімі традыцыямі і ўменнем гатаваць гэтую духмяную страву.

На тэрыторыі Блізкага Усходу выраблялі медную акруглую жароўню з вечкам і ручкамі, якую ўсталёўвалі на спецыяльныя ножкі. Выкарыстоўвалі мангал у тыя часы крыху інакш, чым мы прызвычаіліся. Вуголлем напаўнялі гліняны або медны посуд, які змяшчалі ўнутры жароўні. Калі трэба было нешта прыгатаваць ці разагрэць, на вечка ставілі ёмістасць з ежай. Калі ж смажылі мяса, вечка здымалі і гарызантальна клалі палачкі з нанізанымі кавалкамі мяса.

Хоць у старажытных еўрапейскіх краінах не знайшлося месца такому прыстасаванню, у часы Пятра I цікавасць да мангалаў аднавілася. Нават ўдасканалілі яго канструкцыю. Кавалі, якія працавалі на патрэбы імператарскага флоту, што актыўна будаваўся, па загадзе пачалі вырабляць прамавугольныя мангалы. Ажно да канца 17 стагоддзя іх кавалі ўручную. І толькі са з'яўленнем паравога молата ўсё змянілася.

Вартасці і недахопы розных канструкцый мангала

Адкуль з'явіўся мангал

Прамавугольны мангал

Традыцыйны для нашых шырот — прамавугольны мангал з нержавеючай сталі ці чыгуну, дзе раскладаюць агонь, а затым, калі ўтвараецца дастаткова вуголля, зверху кладуцца шампуры з нанізаным на іх папярэдне замарынаваным мясам альбо рашотка з рыбай, гароднінай.

У працэсе падрыхтоўкі шампуры (рашотку) пастаянна паварочваюць, каб мяса прапяклося раўнамерна. Пад уздзеяннем высокай тэмпературы вельмі хутка ўтвараецца скурачка. А дзякуючы вялікай адлегласці ад вугаллёў шашлык прапякаецца раўнамерна і ўнутры.

Мангал можа быць пераносным альбо стацыянарным.

Пераносны мангал — ідэальны варыянт для адпачынку на прыродзе ці паходу. Як правіла, ёсць магчымасць яго разабраць, вага невялікая. Матэрыял — сталь таўшчынёй 0,5-1,4 мм (так званыя танкасценныя мангалы). Яны вельмі недаўгавечныя. Пры сярэдняй інтэнсіўнасці выкарыстання іх можа не хапіць і на год.

Стацыянарны мангал — выдатны варыянт для загараднага дома ці лецішча. Можа быць мабільным (калі канструкцыя з коламі). Адрозніваецца разнастайнасцю формаў і дызайну, больш даўгавечны (тэрмін карыснага выкарыстання — ад 2 да 5 гадоў). На жаль, таксама не застрахаваны ад прагарання з-за пастаяннага ўздзеяння высокіх тэмператур. Можа быць дадаткова абсталяваны паветкай. Як правіла, вырабляецца з чыгуну або сталі таўшчынёй 1,5-4 мм (таўстасценныя мангалы).

Плюсы мангалаў:

  • шырокі коштавы дыяпазон, разнастайны функцыянал і дызайн;
  • невялікая вага, можна транспартаваць;
  • магчымасць абсталявання цэлага мангальнага комплексу за кошт шматлікіх аксэсуараў і аб'яднання розных тэхналогій прыгатавання (вяндлярня, барбекю, грыль).

Мінусы мангалаў:

  • мангалы з вугляродзістай сталі вытворцы пакрываюць гарачаўстойлівай фарбай (ці эмаллю), каб прадухіліць карозію. Пры гэтым у недарагіх мадэлях «аднаразовых» мангалаў выкарыстоўваюць пакрыццё, склад якога не вытрымлівае тэмпературу вышэйшую за 180-200°С. Калі корпус моцна награваецца, фарба выгарае, пагаршаецца вонкавы выгляд мангала, і вылучаюцца небяспечныя прадукты яе выпарвання. Пры судакрананні з мясам, што гатуецца на такім мангале, шкодныя рэчывы трапляюць у арганізм чалавека;
  • пераносныя мангалы няўстойлівыя, таму небяспечныя для дзяцей і хатніх жывёл.

Печ з цэглы

Печ з цэглы

Для аматараў дачнага жыцця, якія хочуць абсталяваць прыгожую, функцыянальную, эксклюзіўную зону паціа, падыходзіць стацыянарная печка з цэглы. Па сутнасці, гэта мангал, у якім прадугледжана месца для казана.

Перавагі стацыянарнай печы:

  • працяглы тэрмін эксплуатацыі;
  • магчымасць абіраць на свой густ дадатковыя опцыі;
  • прыгожы дызайн.

Мінусы цаглянай печы:

  • высокі кошт з-за неабходнасці залівання падмурка, набыцця цэглы і наймання прафесійнага печніка;
  • будаўніцтва можа заняць працяглы час;
  • у выпадку няякаснага выканання або ўзнікнення пашкоджання рамонт таксама нятанны;
  • тыповы дызайн — цэгла і ёсць цэгла;
  • пры неабходнасці перанесці печ у іншае месца, яе можна толькі разбурыць дарэшты і пабудаваць наноў.

Калі ўсё ж гэты варыянт вам пасуе, вельмі дэталёва прадумвайце ўсе нюансы і выбірайце для будаўніцтва дасведчаных людзей. Далёка не кожны спецыяліст можа справіцца з пастаўленай задачай.

Каб у выніку не выявіць дэфекты накшталт адсутнасці рашоткі для смажання шашлыку ці не адпаведную памерам казана адтуліну (ён павінен змяшчацца ў печ на 2/3), загадзя прадумайце ўсе дэталі самастойна.

Тандыр

Тандыр

Асаблівае месца ў спісе дапаможных прыстасаванняў для гатавання мяса займае тандыр. Калі вы спрабуеце выбраць паміж ім і, напрыклад, мангалам, то марнуеце час.

Тандыр прызначаны для таго, каб выпякаць, а не смажыць. Таму шашлык у ім не зрабіць. Затое трус, барановая нага ці малочнае парася атрымаюцца выдатна. Калі не казаць пра тое, што тандыр — традыцыйная печ для выпякання аладак, самсы і лаваша.

Цікавыя факты пра мангал

  1. Напэўна, адным з самых незвычайных спосабаў гатавання мяса на адкрытым агні можа пахваліцца рэстаран El Diablo на Канарскім востраве Лансароце. У якасці «мангала» тут выкарыстоўваюць жарало вулкана.
  2.  У Амерыцы для чысткі грылю і барбекю прыдумалі спецыяльнага робата — Grillbot. Націснуўшы ўсяго адну кнопку, можна забыцца пра пакутлівую барацьбу з тлушчам і гарам.
  3.   مَنْقَل — гэта назва мангала па-арабску.

Каб адпачынак на прыродзе прыносіў толькі станоўчыя эмоцыі, заўсёды памятайце аб правілах бяспекі і не пакідайце мангал без нагляду, асабліва калі побач ёсць дзеці і хатнія жывёлы.

American style. Як выбраць барбекю, грыль, вяндлярню

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 17