6 студзеня
06.01.2021

«Мароз, Мароз, хадзі куццю есці!», альбо Са светлым Раством і вясёлымі Калядамі!

logo
Думкі ўслых
0 0 41
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

А навагоднія святы – працягваюцца! Як для прыхільнікаў хрысціянства, так і для аматараў народных традыцый. З 6-га па 19-га студзеня да нас традыцыйна прыходзяць Каляды, 6-га ў каталікоў – Тры Каралі (Аб’яўленне Пана), 7-га ў праваслаўных – Раство Хрыстова. І таксама традыцыйнымі робяцца прыгожыя і душэўныя вітанні нашых продкаў: «Святы вечар!» альбо «Святы вечар добрым людзям!»

Каляды. Святы вечар.

Як зазначала ўжо раней, у наш час паядналіся-перапляліся святкаванні паганскія (язычніцкія) з народнымі ды хрысціянскімі традыцыямі. І асабіста я не бачу ў гэтым нічога благога. Як умеем, так і святкуем. Абы – добры настрой, жаданне і зычэнне добрага ўсім вакол, вера ў душы і сэрцы…

А вы ведаеце, што ў гэтыя сакральныя дні Сусвет нас чуе?! Бо ў ноч з 6-га на 7-га студзеня «нябёсы расчыняюцца», быццам якісьці містычны партал. Кажуць: каб спраўдзілася самае таемнае жаданне, трэба загадаць яго ў гэты час. Толькі яно павінна быць шчырым і (даруйце, калі зараз расчарую) – нематэрыяльным.

Загадваць раяць у цяперашнім часе, а не ў будучым. Быццам тое жаданае ўжо ёсць. Без ўсялякага «не» (замест «Я не хварэю цэлы год» – «Я здаровая цэлы год»). Лепей рабіць гэта ў цемры, пазіраючы ў начное неба. Выдатна, калі яно будзе зорным. Зрэшты, як пашанцуе…

Каляды. Раство Хрыстова. Загадваем жаданне, глядзечы ў зорнае неба.

Лічыцца, што дапамагаць спраўджваць жаданні будуць анёлы, якія ў гэтыя святыя дні спускаюцца на зямлю. І сярод іх – душы памерлых. Яны нас чуюць, яны нас падтрымліваюць, нясуць суцяшэнне…

Наўрад ці такімі ўзнёслымі катэгорыямі думалі нашыя продкі. Бо ў пярэдадзень Калядаў столькі рэальнай працы трэба было перарабіць! Не да жаданняў. Абавязкова трэба прыбрацца ў хаце і гаспадарчых пабудовах. Шмат усяго нагатаваць. Бо лічылася: калі стол на Каляды і частаванне гасцей будзе шчодрым, дык і ўвесь год такім выдасца.

Асноўныя ж застоллі, кажучы сучаснай мовай, былі строга рэгламентаваныя. І найперш гэта – тры куцці. Напярэдадні Раства (з 6-га на 7-га студзеня) – галодная, перад цяперашнім старым Новым годам (з 13-га на 14-га студзеня) – багатая, шчодрая, перад Вадохрышчам (з 18-га на 19-га студзеня) – ізноў галодная, альбо «вадзяная».

Каляды. Тры куцці ў беларусаў.

І хаця першая куцця была ўсяго толькі «галоднай», на яе гатаваліся посныя стравы, нічога тлустага, яна ж была і самай важнай з трох. Хаця чаму – была?! Ёсць! Думаю, і сярод нашых чытачоў багата тых, хто захоўвае ў сваіх сем’ях гэтыя народныя традыцыі…

Тады, зразумела, вы цудоўна ведаеце, як афармляецца 6-га студзеня стол (на яго – сена ці салому, зверху – абрус). Што страў павінна быць 12.  І што на стале насамрэч павінна стаяць прыгатаваная куцця. А паколькі куцця, значыць, вячэра рытуальная, абрадавая.

Таму, калі пасля з’яўлення на небе першай зоркі сям’я садзілася за стол, трэба было паклікаць: «Мароз, Мароз, хадзі куццю есці!». У іншых жа мясцовасцях вячэра была прысвечаная памерлым продкам (дзядам). І, як на аднайменнае восеньскае свята, клікалі менавіта іх і адкладалі ў чыстую талерку па лыжцы страваў.

Каляды. Куцця ў беларусаў: традыцыі.

Дзяды, анёлы, душы… Іх прысутнасць у гэты магічны вечар, здаецца, адчуваецца фізічна. Нават калі вы не святкуеце Раство ці Каляды ў народных альбо хрысціянскіх традыцыях, а проста пазіраеце ў неба і думаеце пра тых, каго страцілі…

Вернікі з вялікім хваляваннем сустракаюць Раство Хрыстова. Хто – у храме, а хто, улічваючы сучасныя няпростыя рэаліі, – дома… Бо Бог, як вядома, у душах і сэрцах тых, хто верыць па-сапраўднаму…

Шмат увагі нашыя продкі надавалі таксама абрадавым дзеянням, накіраваным на дабрабыт сям’і, здароўе ўсіх сямейнікаў. Напрыклад, 7-га студзеня стараліся прынесці ў хату свежай вады са студні ці крыніцы. Яна з’яўлялася сімвалам ачышчэння і здароўя.

Каляды. Раство Хрыстова. Прынесці чыстай вады ў хату.

А ведаеце, што за ўпрыгажэнне ў хатах было на Каляды?! Не-а, не ялінка. Саламяны павук! Прычым існавала традыцыя напярэдадні Калядаў спальваць той, які вісеў цэлы год (і ён павінен забраць з сабой усё старое, дрэннае, хваробы і нястачы), і рабіць ды падвешваць новы. Шанцуе тым, хто ўмее рабіць такога павука!

А ў мяне замест яго вісіць з мінулага года саламяны званочак, падораны сяброўкай Варварай з Салігорска. І далібог, рука не ўздымецца яго спаліць! Увогуле, асабіста мяне рэчы з саломы проста зачароўваюць! Трымаеш іх у руках – і адчуваеш цеплыню і штосьці такое добрае, спрадвечнае, надзейнае…

Ну, а далей да нас прыходзяць уласна Каляды – як вясёлае свята, калі з хаты ў хату (альбо з кватэры ў кватэру – сучасны варыянт!) ходзяць калядоўшчыкі. Асабліва, калі яны сапраўдныя.

Каляды. Калядоўшчыкі ў Беларусі.

Калі іх мэта – жадаць гаспадарам здароўя, дабра, дабрабыту, ставіць забаўныя спектаклі, рабіць усё ад душы, па традыцыях продкаў. А не проста запатрабаваць пачастунак і грошы, «вадкую валюту» за «два прытопы – тры прыхлопы»… Што, на жаль, у горадзе цяпер найчасцей і назіраецца.

А вось у вёсках… У вёсках можна сустрэць яшчэ душэўнае, традыцыйнае, сапраўднае калядаванне. Не пастановачнае, заўважце!

Даўней лічылася вялікай абразай не пусціць калядоўшчыкаў у хату. Не бачыць тады яе жыхарам добрага жыцця на цэлы год. А многія вяскоўцы крыўдзіліся, калі калядоўшчыкі абміналі іх жытло…

Каляды. Як калядуюць у Беларусі.

Што ж датычыцца калядавання сёлета… Дык штосьці я задумалася. А наколькі бяспечнымі будуць маскі Казы, Мядзведзя ды іншых падчас пандэміі каранавіруса? Альбо трэба іх зрабіць сучаснымі, надзеўшы наверх медыцынскія? Ці лепей не пускаць усё ж у жытло калядоўшчыкаў па тых жа прычынах – каранавірус?!

… З пакалення ў пакаленне перадаюцца народныя традыцыі. Змяняюцца, удасканальваюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Але галоўнае, вядома ж, хаваецца не столькі ў знешняй атрыбутыцы, колькі ў нашых душах і сэрцах.

Са светлым Раством і вясёлымі Калядамі вас, шаноўныя сябры! Дабра і дабрыні, веры, надзеі, любові, кахання. Святы вечар усім нашым добрым чытачам!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 41

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.