18.10.2020
18.10.2020

«Маска, я цябе ведаю?!», альбо Прывыкнуць можна да ўсяго…

logo
Думкі ўслых
0 40
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Абдумваючы і супастаўляючы рэакцыі ўласныя і бліжэйшага акружэння на пэўныя падзеі і новаўвядзенні, раблю выснову: шмат чаму мы напачатку супраціўляемся, а тады дужа задаволеныя, што яно ёсць. Так у свой час было з карткамі для пералічэння заробку. Чэрвеньская рэдакцыя раёнкі змагалася да апошняга супраць іх увядзення. Эх, якімі мы былі… неразумнымі! 🙂 Так здарылася і з маскамі. Магчыма, не ва ўсіх, але ў мяне апошнім часам – дакладна. Дапамагаюць-не дапамагаюць – пэўна вам зараз пра гэта не скажа ніхто. Бо нават СААЗ змяніла рэкамендацыі па нашэнні масак насельніцтвам у бок іх прызнання.

Маска ў перыяд пандэміі каранавіруса. Каму і навошта.

Але яшчэ колькі часу таму знайсці такога праціўніка нашэння масак для абароны (???) ад каранавіруса, як я, – гэта яшчэ трэба добра пашукаць! J І не таму, што не верыла ў іх эфектыўнасць. Прычына абсалютна банальная. І, думаю, я не адна такая. Не атрымлівалася ў іх нармалёва дыхаць. А яшчэ калі гарачыня ў транспарце ці памяшканнях…

Таму падчас першай хвалі пандэміі апранала іх лічаныя разы. А вось захаванне сацыяльнай дыстанцыі (там, дзе гэта цалкам магчыма, асабліва ў нашым невялікім гарадку), мыццё рук з мылам не меней за 20 секунд і часта (ледзь скура не аблезла!) – гэта выконвалася і выконваецца проста з вайсковай дакладнасцю… Толькі вось з транспартам праблема.

І нават не метро. Там пры жаданні можна пастаяць больш-менш на адлегласці ад іншых, калі гэта не самыя гадзіны поўнай загрузкі. Маршруткі… Маршруткі двойчы на дзень – на працу ў Мінск і з працы ў Чэрвень. Настолькі цесна з суседам (адзіночныя месцы занятыя задоўга да прыезду маршрутак на наш прыпынак)… Што тут, здаецца, і маска не дапаможа…

Маска ў грамадскім транспарце. Каго абароніць.

Ды яшчэ апошнім часам тых, хто кашляе-чхае… Такое ўражанне, што палова маршруткі! І хацела б, ды няма куды адсесці. А ў маршртуцы звычайна ў масцы я адна. Бывае, яшчэ адзін мужчына з Сельгастэхнікі. Зойдзе, дастане з кішэні і апране. Альбо з навакольных вёсак па дарозе хтосьці ў масцы зойдзе. А з усіх вадзіцеляў маршрутак, што нас возяць, выкарыстоўвае маску толькі адзін.

Дык як жа я «дайшла да жыцця такога»?! У сэнсе – чаму вырашыла ездзіць у транспарце ў масцы? Ды проста, сочачы за ростам колькасці захварэлых, тыдні тры таму адчула сябе ніякавата. Плюс хваляванне за тату, які па ўзросце ў групе рызыкі. За сябе не баюся. Правільна альбо няправільна, але пасля сумнай падзеі ў сям’і гэта так…

Ну, і ўсведамленне таго, што да ўсяго можна прывыкнуць. Плюс самаўнушэнне, якое часцяком дапамагае, напрыклад, калі ў горле задзярэ па нейкіх прычынах і ўзнікне кашаль (у метро ці маршрутцы), спыніцца якому нічога не дапамагае. Толькі ўгаворванне сябе. Маўляў, усё нармалёва, я дыхаю лёгка і вольна, паветра праходзіць без перашкодаў…

Медыцынская маска ў метро. Ці ёсць неабходнасць.

Пра тое, якія маскі самыя надзейныя, таксама шмат спрэчак. Зразумела, што медыцынскія – для медработнікаў, не для нас. Аднаразовыя і марлевыя шматразовыя мной таксама не разглядаліся па прычыне сваёй, скажам так, лёгкасці. Значыць, маскі з тканіны.Набыла спачатку ў вядомага брэнда адну пару белага колеру.

Сказаць, што было цяжка, – не сказаць нічога! І калі па дарозе на працу, калі яшчэ халаднавата, атрымлівалася больш-менш прадыхацца… Дык на зваротным шляху (а дабіраюся ў агульнай колькасці на двух ці трох відах транспарту дадому 2 гадзіны – якраз маска вытрымлівае без замены, норма па часе), асабліва калі ў аўтобусе ці маршрутцы ўключалі печку… Першыя тры-чатыры дні адчувала, што магу і не даехаць… Напрыканцы літаральна задыхалася, рабілася чырвонай і на вуліцы па дарозе дахаты за 5 хвілін не магла аднавіць дыханне.

А дома не магла нічога рабіць. Нават выпіць гарбаты, так было блага. Кідалася на канапу і ляжала з паўгадзіны. На другі дзень, ужо пры пад’ездзе да роднага горада, адчула, як баліць літаральна ўсё ўнутры… І страўнік таксама. Дома вырашыла (трэба-не трэба, дае што-не дае) паляжаць у прон-пазіцыі (на жываце) для прафілактыкі. Вось толькі баялася, што страўнік увогуле не вытрымае. А нічога. Прадыхалася. І ён перастаў турбаваць.

А затым прывыкла. Усе непрыемныя сімптомы прайшлі. Набыла яшчэ 2 пары масак – чорныя і цёмна-блакітныя. Апошнія, як высветлілася дома, не 100% бавоўна, а 5% са 100% нечага яшчэ. Магчыма, спандэксу, але сцвярджаць не буду. Не расчытала. Дык вось! Яны – самыя лепшыя. Па-першае, калі апранаюцца правільным бокам, дык не налазяць на вочы, бо не зусім прамая там лінія. А па-другое… У іх натуральна лягчэй дыхаецца!

Так што дахаты прыехала, памыла пад гарачай вадой з гаспадарчым мылам, на «змеявіку» ў ванным пакоі пасушыла, папрасавала… І на наступны дзень – па-а-а-аехалі! 🙂

Што ж датычыцца іншых адчуванняў... Насамрэч неяк смялей пачуваешся ў транспарце ў масцы, больш спакойна. Ну, і сацыяльную дыстанцыю (там, дзе гэта магчыма) ды частае дбайнае мыццё рук ніхто не адмяняў. Бо адна толькі маска, як вядома, праблему заражэння не вырашае… А колькасць захварэлых на каранавірус усё расце…

Каравірус. Колькасць захварэлых у Беларусі расце.

Засмучаюць толькі паводзіны іншых. Вось у чацвер, напрыклад, сусед у маршрутцы давіўся кашлем, але быў без маскі. А сядзім жа шчыльна, плячо ў плячо. І маршрутка цэлая. У вагоне метро ў масках – лічаныя людзі. Прычым пералічыць часцяком іх можна на пальцах адной рукі…

Што гэта?! Нявер’е? Нядбайнасць? У літаральным сэнсе начхаць на навакольных?! Ці таксама вялікія нязручнасці пры нашэнні масак? Якія пры жаданні можна пераадолець, і я таму прыклад… Не ведаю.

Самае ж галоўнае, пра што кажуць уголас усе спецыялісты, – гэта тое, што калі маска не абароніць нас ад навакольных, дык навакольных ад нас – з вялікай верагоднасцю. Асабліва пры бессімптомным цячэнні каранавіруса.

Макса ў перыяд пандэміі краанвіруса. Чаму раяць насіць усім.

Але, зноў-такі, гэта трэба думаць не толькі пра сябе, любімых, але і пра навакольных. Па шматлікіх пазіцыях апошнім часам гэта ў многіх атрымліваецца выдатна. Вось каб яшчэ і маскі…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 40

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".