25.02.2023
25.02.2023

«Мая прафесія — гэта кісларод». Юлія Мацура расказала пра асабістае стаўленне да мастацтва

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Імя беларускай мастачкі Юліі Мацуры добра знаёмае прыхільнікам традыцыйных пейзажаў і нацюрмортаў. Аўтар, не гледзячы на малады ўзрост, змагла знайсці свой творчы почырк і стаць у нацыянальным мастацтве пазнавальнай і цікавай для аматараў арт-кірункаў. У лютым новая выстаўка творцы «Струны цішыні» адкрылася ў галерэі «БелАрт». Менавіта тут ў чарговы раз мастачка прадэманстравала сваю бязмежную працаздольнасць і талент.

Калі ў рэальнасці назіраеш за асобай Юліі Мацуры, адчуваеш усю пяшчотнасць і цеплыню яе характару. Такія ж і яе работы — добрыя, прыемныя, спакойныя… Новая выстаўка мастачкі не раскрывае яе з пэўнага новага боку для гледачоў, але падмацоўвае меркаванне, што Юлія праз свае творы нібы стварае апавяданне пра наша наваколле, прыгажосць роднага краю.

Юлія Мацура. Новыя работы

— Назва маёй выстаўкі «Струны цішыні» расказвае пра ўнутраны стан кожнага асобнага чалавека, — тлумачыць канцэпцыю выставачнага праекта мастачка. — У 21-ым стагоддзі вельмі цяжка любому з нас не страціць сябе. Настолькі ў нас зараз хуткі рытм, абумоўлены наяўнасцю сацсетак, вялікім патокам інфармацыі: чалавек часам проста не чуе сябе, забывае, што яму падабаецца і чаго ён хоча. Яму трэба на нейкае імгненне спыніцца, задумацца, пераключыцца, выехаць на прыроду, схадзіць на выстаўку ў музей ці проста пагутарыць з блізкімі людзьмі, якіх насамрэч не так і шмат. Таму я лічу, што кожнаму з нас неабходна ў жыцці хоць раз крыху запаволіцца і прыслухацца да сябе. Мае работы, я спадзяюся, настройваюць чалавека на погляд ва ўнутр сябе.

Юлія Мацура. Пейзажы

Юлія Мацура, безумоўна, з’яўляецца ўнікальным прыкладам мастака для нашага часу. Зрэдку сёння маладыя творцы выбіраюць традыцыйны кірунак у мастацтве. Многія шукаюць сябе ў экспрэсіі, модных тэндэнцыях, Юля ў сваю чаргу атрымлівае задавальненне ад такіх простых рэчаў, як праца ў майстэрні над нацюрмортам ці ад замалёвак незнаёмага пейзажу.

— Я ў жыцці заўсёды імкнуся слухаць унутраны голас, думаць над сваім станам, — падкрэслівае аўтар. — І людзей для зносін выбіраю па ўнутраным стане. Не вядуся на эфекты, прыгожыя словы... Таксама і ў мастацтве: мне падабаецца працаваць менавіта ў традыцыйным жанры. Я не думаю, які кірунак зараз модны, не думаю, як уразіць гледача няўяўнымі эфектамі, а будую сваё асабістае жыццё і творчасць па ўнутраным адчуванні.

Выстаўка Юліі Мацура

Мастацтвазнаўцы называюць Юлію прафесіяналам яшчэ і за яе працаздольнасць. Яна не стаіць на месцы, заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку. Прыходзячы на кожную новую выстаўку аўтара, вы не знойдзеце паўтораў папярэдніх праектаў, а толькі будзеце ўражаны разнастайнасцю формаў і колькасцю новых работ.

— Для мяне мая прафесія — гэта і ёсць кісларод, паветра, без якога я не магу, — дзеліцца Юлія. —Натхненне — для мяне занадта пафаснае слова, у маім выпадку жывапіс на 90 працэнтаў — гэта праца. Калі ў жыцці адбываюцца непрыемныя сітуацыі — мастацтва — гэта выйсце. Калі эмоцыі зашкальваюць ад радасці — таксама выйсце. Любы стан мне падыходзіць для працы. Вядома, у залежнасці ад рознай афарбоўкі настроя — тоны і адценні могуць быць розныя, але жывапіс дапамагае пражываць мне эмоцыі.

Выстаўка Юліі Мацуры

Мастачцы вельмі падабаецца канкурэнцыя, але толькі здаровая. Яна ўпэўнена, што магчымасць параўноўваць сябе з іншымі творцамі дазваваляе бачыць як свае уласныя работы, так і творчасць у агульным смысле шырэй і цікавей.

— Выносіць сваю работу з замкнёнай майстэрні на вялікую аўдыторыю — важна для мастака. Назіраючы за сваёй карцінай з іншага ракурсу, пад іншым святлом, побач з работамі іншых аўтараў, бачыш абсалютна інакш сваю творчасць: адразу ж зоўважаеш недахопы. У любым выпадку нармальная творчая канкурэнцыя толькі стымулюе развіццё: заўсёды будзе хтосьці лепшы за цябе, а будзе хтосьці і па ўзроўні ніжэй.

Выстаўка Юліі Мацура

Дарэчы, тэмай і крыніцай натхнення для сённяшняй выстаўкі Юліі сталі жывапісныя ландшафты Браслаўшчыны, утульныя куткі роднага Мінска. Аўтар паказала як цікавыя незнаёмыя воку месцы, так і вельмі знакамітыя фрагменты любімых месцаў. У экспазіцыі выставачнага праекта пераважаюць творы з зімовымі матывамі, у якіх захутаныя снегам прыродныя і гарадскія прасторы набываюць асаблівую ціхамірнасць і настройваюць на паэтычны лад.

— Свае нацюрморты я заўсёды пішу з натуры ў майстэрні, —  Калі пішу ўлетку, то магу на дачы толькі сабраны букет паставіць і напісаць, — расказвае Юлія. — З краявідамі складаней. Я заўсёды раблю замалёўкі, бяру фотаапарат, спрабую зафіксаваць фрагмент прыроды, улавіць стан. А ў майстэрні ўжо з дапамогай фарбаў аналізую ўбачанае.

Зімовы Мінск

Юлія Мацура скончыла Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «Графіка». Таму яе жывапісныя работы вылучаюцца і характарызуюцца дэталёвасцю, цікавым падыходам да колераў. Яе выкладчыкі паўплывалі на яе творчае станаўленне і дапамаглі зразумець свой стыль, перанесці графічны падыход у жывапіс.

— У маёй творчасці на мяне вельмі паўплываў Уладзімір Пятровіч Савіч — гэта высокага ўзроўню педагог і мастак. Самы галоўны плюс яго выкладання: у кожным студэнце ён бачыць асобу. Не падладжвае пад свой стыль, а імкнецца развіць у студэнта тое, што ў яго ўжо атрымліваецца. Ён чалавек вельмі харызматычны і эмацыянальны, зараджае энергіяй, — расказвае творца. — Побач з ім, заўсёды хацелася пісаць. Славук Валерый Пятровіч — зусім іншы чалавек. Ён больш спакойны і вытрыманы, ніколі не крытыкаваў. Але вельмі мякка і кропкава даваў ненадакучлівыя парады, якія заўсёды траплялі ў дзясятачку.

Юлія Мацура з мужам Філіпам

Да меркавання, што прафесія мастака сёння не дазваляе зарабляць грошы, Юлія адносіцца скептычна. Упэўнена, што працавітасць і паважлівае стаўленне да любімай справы заўсёды дапамагаюць мастаку знайсці магчымасць зарабляць і быць запатрабаваным.

— Мяне прафесія мастака сёння корміць. Напэўна, гэта магчыма, калі ты не адцягваешся на выключна эфектныя кірункі, а ідзеш сваім шляхам, — тлумачыць мастачка. — Вядома, трэба быць нагледжаным чалавекам, але весціся на модныя тэндэнцыі, па маім меркаванні, не абавязкова.

Творы Юліі Мацура

https://bel.24health.by/znaki-simvaly-mify-novaya-vystauka-yuryya-yakavenki-niby-pravadnik-u-prastoru-magii/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама