25.10.2018
25.10.2018

Медыцына 4П: папярэдзіць, прадухіліць і абясшкодзіць

logo
Здароўе дарослых
0 13
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пра медыцыну будучыні, так званую медыцыну 4П, загаварылі адносна нядаўна – менш за 20 гадоў таму. Але ўжо сёння яна ўяўляецца найбольш прагрэсіўным і эфектыўным інструментам прафілактыкі і лячэння захворванняў з высокай рызыкай інвалідызацыі і смяротнасці, а таксама захавання якасці жыцця і павелічэння яго працягласці.

Пра тое, што такое медыцына 4П, якія даследаванні праводзяць вучоныя-генетыкі для магчымасці яе рэалізацыі ў Беларусі, і што ўжо даступна шараговым грамадзянам для эфектыўнага кіравання сваім здароўем, журналіст партала Здаровыя людзі даведалася ад спецыялістаў Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

  • загадчыцы лабараторыі генетыкі чалавека, доктара біялагічных навук Ірмы Масэ;
  • вядучага навуковага супрацоўніка лабараторыі экалагічнай генетыкі і біятэхналогій, кандыдата біялагічных навук Алены Міхаленка.

Папярэдзіць і прадухіліць

Аўтарам канцэпцыі медыцыны 4П з'яўляецца амерыканскі вучоны-генетык Лерой Худ. Яна грунтуецца на 4-х асноўных прынцыпах:

  • прадказальнасці (predictive);
  • прэвентыўнасці (precautionary);
  • персаналізацыі (personification);
  • партысіпатыўнасці (participatory).
 
Ірма Масэ
Загадчыца лабараторыі генетыкі чалавека Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, доктар біялагічных навук
Рэалізацыя гэтых прынцыпаў магчыма толькі на падставе генетыкі. Вывучэнне геному канкрэтнага чалавека дае магчымасць спрагназаваць рызыку развіцця ў яго тых ці іншых захворванняў, дазваляе прадухіліць іх развіццё альбо падабраць аптымальнае лячэнне (прэпарат, дозу, перыядычнасць прыёму) з улікам індывідуальных генетычных асаблівасцей.

Прынцып прадказальнасці

Непарушны пастулат пра тое, што хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць, дзякуючы генетычным даследаванням атрымлівае практычнае кіраўніцтва да выкарыстання. Ужо сёння беларусам даступны генетычны пашпарт з падрабязным апісаннем доследных генаў і пазнакай магчымых рызык развіцця тых ці іншых захворванняў. Цалкам верагодна, што хутка генетычныя даследаванні ператворацца ў шараговую дыягнастычную працэдуру.

Прынцып прэвентыўнасці

Прадухіленне развіцця захворванняў, схільнасць да якіх вызначана цягам генетычных даследаванняў. Часам для гэтага дастаткова змены ладу жыцця (напрыклад, нармалізацыі рэжыму сну і адпачынку, адмовы ад шкодных звычак). Але ў некаторых выпадках патрабуюцца медыцынскія прызначэнні для папярэджання развіцця паталогіі (напрыклад, прызначэнне прэпаратаў кальцыя пры схільнасці да астэапарозу, лячэбная дыета пры непераноснасці глютэну і г.д.).

 
Алена Міхаленка
Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі экалагічнай генетыкі і біятэхналогій Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук
Гены ўмоўна можна падзяліць на 2 катэгорыі. Тыя, якія кантралююць працу нашага арганізма і запускаюць усе механізмы, і гены так званага слабага звяна, якія адказваюць за рызыку ўзнікнення розных захворванняў. Ведаючы генетычны код чалавека, можна сказаць, колькі яму неабходна спаць ноччу, што есці, ці можа ён займацца прафесійна спортам, ці дастаткова аздараўленчай фізкультуры…

Прынцып персаналізацыі

Прадугледжвае індывідуальны падыход да папярэджання і лячэння захворванняў з улікам генетычных асаблівасцей пэўнага пацыента.

 
Ірма Масэ
Загадчыца лабараторыі генетыкі чалавека Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, доктар біялагічных навук
Ёсць зацверджаныя пратаколы лячэння захворванняў пэўнымі прэпаратамі ў пэўнай дазіроўцы. Але цяпер стала зразумела, што, паколькі ўсе людзі генетычна розныя, то і ўплыў на іх лекі аказваюць розны. Назапасілася вельмі шмат дадзеных, што ад адных і тых жа лекавых сродкаў у людзей могуць узнікаць сур'ёзныя пабочныя эфекты, аж да лятальнага канца. Усё залежыць ад індывідуальнай адчувальнасці да лекавых сродкаў. Пры гіперадчувальнасці непазбежныя пабочныя эфекты. А чалавеку з нізкай адчувальнасцю не дапамогуць і 5 звычайных доз, але пры гэтым шмат разоў павялічыцца нагрузка на печань, ныркі.

У лабараторыі генетыкі чалавека сёння праводзяць генетычныя даследаванні адчувальнасці да лекавых прэпаратаў. Іх вынікі абсалютна дакладна дазваляюць вызначыць, які прэпарат у якой дазіроўцы і з якой перыядычнасцю прыёму прынясе найбольшы эфект у лячэнні.

Акрамя таго, цяпер на стадыі навуковых распрацовак знаходзіцца вывучэнне залежнасці псіхаэмацыйных асаблівасцей чалавека ад генаў.

 
Ірма Масэ
Загадчыца лабараторыі генетыкі чалавека Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, доктар біялагічных навук
Ёсць такое назіранне, што доўга жывуць людзі пазітыўныя, аптымісты. А агрэсіўныя, зласлівыя, жывуць менш, «з'ядаючы» сябе знутры. Вось на гэты факт таксама цікава паглядзець з навуковага пункту гледжання. Таму што гены генамі, але ёсць яшчэ і выхаванне, нейкі ўклад у сябе, уменне кіраваць эмоцыямі...

Цікавыя таксама даследаванні, накіраваныя на вывучэнне антыаксідантнай абароны. Аказваецца, ёсць 3 гены, якія павялічваюць рызыку развіцця акісляльнага стрэсу, прыводзяць да развіцця сардэчна-сасудзiстых захворванняў, анкапаталогіі. Ведаючы генетычныя асаблівасці, можна скарэктаваць лад жыцця так, каб пазбегнуць негатыўных наступстваў. Адпаведна, павялічыць працягласць жыцця і захаваць яго высокую якасць.

 
Алена Міхаленка
Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі экалагічнай генетыкі і біятэхналогій Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук
Для таго, каб выкарыстаць прынцып персаналізацыі, не абавязкова вывучаць усе 25 тысяч генаў чалавека, для кожнай паталогіі ёсць свой набор. Для ўстанаўлення рызыкі развіцця сардэчна-сасудзiстых захворванняў досыць даследавання 15-20 генаў, дыябету 2-га тыпу – 6, цэліякіі – 1, непераноснасць малака – 1, антыаксідантнай абароны – 3. Справа не ў колькасці, а ў той інфармацыі, якую мы можам атрымаць і якая будзе карысная, каб папярэдзіць развіццё паталогіі.

Прынцып партысіпатыўнасці

Прадугледжвае ўцягнутасць, удзел самога чалавека ў прафілактыцы хвароб. Сусветная статыстыка сцвярджае, што 89% людзей не выконваюць рэкамендацыі ўрачоў па прафілактыцы і лячэнні захворванняў, парушаюць або ігнаруюць перыяд рэабілітацыі. А адсутнасць асабістай зацікаўленасці чалавека ў захаванні свайго здароўя і павелічэнні працягласці жыцця практычна зводзіць на нішто намаганні любой, нават самай прагрэсіўнай медыцыны.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 13

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама