29.04.2017
29.04.2017

Медыкаментознае лячэнне алкагалізму

logo
Хваробы ад А да Я
0 325
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

З біялагічнага пункту гледжання, алкагалізм – хвароба ферментаў, якія адказваюць за ўтылізацыю алкаголю ў арганізме чалавека. Аднавіць лекамі парушэнні ў рабоце ферментаў немагчыма. Таму чалавек, які пакутуе на алкагалізм, ніколі не зможа піць пакрысе ці ў меру. Адна з мэтаў медыкаментознага лячэння алкагалізму заключаецца ў тым, каб выклікаць у чалавека агіду да алкаголю і так званую ўстойлівасць да першай чаркі. Для гэтага прызначаны спецыяльныя прэпараты.

Найбольш папулярныя і часта ўжывальныя прэпараты на аснове дысульфіраму. Яны даступныя па цане і даюць ярка выяўленую рэакцыю пры ўзаемадзеянні з алкаголем. Дысульфірам з'яўляецца асноўным дзеючым рэчывам такіх прэпаратаў як Тэтурам, Эспераль, Антабус, Лідэвін, Абстыніл і інш.

Больш падрабязна пра дысульфірам

употребление алкоголя

Дысульфірам блакуе работу альдэгідэгідрагеназы (пячоначнага фермента, які расшчапляе ацэтальдэгід – прадукт першай фазы распаду спірту ў арганізме – да стану вуглякіслага газу і вады). У выніку таксічны ацэтальдэгід не выводзіцца з арганізма, а назапашваецца, выклікаючы атручванне. Млоснасць, ваніты, галавакружэнне, жар, пачашчанае сэрцабіцце, галаўны боль і шум у вушах – гэтыя і іншыя вельмі непрыемныя адчуванні ўзнікаюць у чалавека пасля ўжывання алкаголю на фоне прыёму дысульфіраму. Яны настолькі вострыя, што далейшае «піццё» фізічна немагчыма. І мэта быццам бы дасягнута. Але ёсць прынцыповы момант: пацыент павінен прымаць таблеткі свядома і быць дасведчаным аб наступствах адначасовага прыёму дысульфіраму і алкаголю. У адваротным выпадку, атрутнае дзеянне ацэтальдэгіду на арганізм ён па памылцы можа прыняць за праявы абстынентнага сіндрому і спрабаваць пазбавіцца ад іх новымі дозамі алкаголю. А гэта несумненна справакуе цяжкае атручэнне ацэтальдэгідам, наступствы якога могуць быць самымі сумнымі.

Аналагічным, але больш мяккім у параўнанні з дысульфірамам дзеяннем валодаюць прэпараты на аснове цыянаміду. Гэта хімічнае рэчыва нетаксічна, пазбаўлена смаку і паху, рэакцыя пры ўзаемадзеянні з алкаголем не такая жорсткая, як у дысульфіраму, але дастатковая для таго, каб выклікаць у чалавека непрыманне спіртнога. Мінус цыянаміду – высокі кошт прэпаратаў на яго аснове.

Плюсы выкарыстання прэпаратаў дысульфіраму

  • У рэкамендаваных дозах прэпарат не аказвае ўздзеяння на псіхіку (як ні дзіўна, але да гэтага часу існуе пэўная прадузятасць перад альтэрнатыўнымі – псіхатэрапеўтычнымі – метадамі).
  • Магчымасць лячыцца амбулаторна.

Мінусы выкарыстання прэпаратаў дысульфіраму

  • Дысульфірам цалкам выводзіцца з арганізма праз суткі-паўтара, яго дзеянне спыняецца, а значыць, цалкам магчымы прыём алкаголю без рызыкі атручвання ацэтальдэгідам.
  • Прыём таблетак цалкам уваходзіць у зону адказнасці пацыента (якраз гэтая опцыя – самае слабае звяно, калі гаворка ідзе пра чалавека, які пакутуе на залежнасць).
  • Дзеянне дысульфіраму таксічна для печані і нервовай сістэмы чалавека. Зрэшты, тое ж самае можна сказаць і пра алкаголь. Але ў адрозненне ад спіртнога, дысульфірам прымаюць кароткімі курсамі (як правіла, да 5 тыдняў), і яго дзеянне накіравана на ліквідацыю цягі да алкаголю.

Супрацьпаказанні да ўжывання прэпаратаў дысульфіраму

Як у любога іншага лекавага сродку, у дысульфіраму ёсць супрацьпаказанні да ўжывання. Так, медыкаментознае лячэнне проціпаказана людзям з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі ў стадыі дэкампенсацыі, з цяжкімі захворваннямі вачэй і органаў слыху, хваробамі СКТ у стадыі абвастрэння, са злаякаснымі пухлінамі, цяжкай формай туберкулёзу, хворым на цукровы дыябет. Дысульфірам не прызначаюць таксама цяжарным жанчынам і тым, хто корміць.

Кошт курсу медыкаментознага лячэння алкагалізму ў Беларусі вагаецца ў межах ад 27 да 41 рубля. Паколькі дысульфірам рэцэптурны прэпарат, лячэнне прадугледжвае наведванне псіхіятра-нарколага або псіхатэрапеўта, які спецыялізуецца на рабоце з залежнымі людзьмі. Дапамогу спецыялістаў у Беларусі можна атрымаць ананімна. Назіранне ўрача на працягу курсу лячэння пажадана, але не абавязкова.

Важны кампанент медыкаментознага лячэння – інфузійная тэрапія. Часам «пракапацца» – адзіная магчымасць для хворага выйсці з запою або палегчыць пакуты абстынентнага сіндрому. Сэнс інфузійнай тэрапіі ў тым, каб, па-першае, папоўніць страты вадкасці, якой пазбаўляецца арганізм чалавека пры працяглым запоі і вялікіх колькасцях ужытага алкаголю. Па-другое, аднавіць кіслотна-шчолачную раўнавагу і электралітны баланс у крыві. Кальцый, натрый, калій, магній, фосфар – гэта асноўныя элементы, канцэнтрацыя якіх пры сіндроме адмены або пры працяглым запоі істотна зніжаецца. Дэфіцыт гэтых электралітаў папаўняецца менавіта растворамі, якія змяшчаюць усе неабходныя электраліты, а таксама вітаміны групы В.

Меркаванне эксперта

 
Андрэй Богдан
Загадчык аддзялення таксікалогіі БХМД Мінска

Медыкаментозная падтрымка пры лячэнні алкагалізму вельмі важная. Без яе не абысціся ў вострым перыядзе хваробы, пры ярка выяўленым абстынентным сіндроме, пры атручванні алкаголем ці сурагатамі. Гэта значыць, тады, калі чалавек фізічна не можа палепшыць свой стан і альбо працягвае піць, альбо знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці.

лечение алкоголизма препараты

Што тычыцца непасрэдна дысульфіраму. Сэнсібілізуючыя ўласцівасці дысульфіраму да алкаголю былі навукова абгрунтаваныя і пацверджаныя пасля таго, як аднойчы было заўважана вось што. Рабочыя прадпрыемстваў па вытворчасці каўчуку, якія выкарыстоўвалі рэчыва тэтраэтылтыурамдысульфід, перасталі выпіваць. Ужыванне алкаголю практычна імгненна выклікала ў іх непрыемныя рэакцыі. Дысульфірам пачаў прымяняцца ў лячэнні алкагалізму на пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя ў Даніі, а праз 10 гадоў пачаў выкарыстоўвацца паўсюдна. І той факт, што дысульфірам застаецца адным з шырока ўжывальных і запатрабаваных прэпаратаў у лячэнні алкагалізму, кажа на карысць яго эфектыўнасці.

Эндагенны ацэтальдэгід у арганізме прысутнічае ў зусім малых дозах: па адной з методык норма – да 0,2 мг на літр крыві. У людзей, якія злоўжываюць спіртным, гэты паказчык значна вышэй: 2,5-3,5 мг на літр, адпаведна, «не заўважыць» яго прысутнасці арганізм чалавека ўжо не можа. Сэнсібілізуючыя ўласцівасці дысульфіраму выяўляюцца ў тым, што рэчыва павышае канцэнтрацыю ацэтальдэгіду ў крыві ў 10 і больш разоў. Прапарцыянальна павялічваецца і таксічнае ўздзеянне ацэтальдэгіду на арганізм. Дысульфірамная рэакцыя выяўляецца ўжо праз 10-15 хвілін пасля ўжывання алкаголю і можа захоўвацца на працягу 2-4 гадзін.

Дарэчы, падобную рэакцыю выклікаюць грыб гнаявік шэры і метранідазол. Механізм дзеяння ў іх адзін: узмацненне метабалізацыі этанолу і пашкоджвальных уласцівасцяў ацэтальдэгіду, блакіраванне алкагольдэгідрагеназы».

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 325

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама