20 Мая
20.05.2018

Медсястра – прафесія або пакліканне?

logo
Навiны
200 0 46
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Прафесія медсястры запатрабаваная. IV Міжнародны саміт медыцынскіх сясцёр, які прайшоў у Мінску пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя, яшчэ раз даказаў гэта. У форуме прынялі ўдзел госці з усёй Беларусі: галоўныя і старшыя медыцынскія сёстры, якія займаюцца арганізацыяй медпрацэсу, і медсёстры-практыкі, якія штодзень працуюць побач з дактарамі.

На сёння тэмпы развіцця медыцынскіх тэхналогій у нашай краіне прад'яўляюць зусім новыя патрабаванні да медыцынскай сястры. Пераглядаецца сама роля медсястры ў сістэме аказання медыцынскай дапамогі.

 
Алена Латушкіна
Галоўны спецыяліст упраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя
У нашай краіне прафесія медыцынскай сястры, акушэркі імкліва развіваецца. Нароўні з урачом агульнай практыкі ўкараняецца новая пасада – медсястра агульнай практыкі. Сёння медсёстрам давяраюць рашэнні ўсё больш складаных задач, якія звязаны з паспяховым развіццём прыярытэтных напрамкаў у сістэме айчыннай аховы здароўя. Менавіта медсястра з'яўляецца сувязным звяном паміж пацыентам і урачом.
 
Ганна Рыжанкова
в.а. дырэктара лабараторыі «ИНВИТРО»
На такім значным для нас мерапрыемстве мы пастараліся сабраць прадстаўнікоў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй для абмену вопытам з калегамі з розных краін. Узнятыя тут найбольш вострыя пытанні, звязаныя з працай медыцынскай сястры, стануць для многіх зыходнай кропкай у павышэнні ўзроўню кваліфікацыі.

Дзякуючы тэлемосту мерапрыемства адначасова адбывалася ў трох краінах і дзесяці гарадах: Мінску, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Казані, Пермі, Растове-на-Доне, Чэлябінску, Новасібірску, Алматы і Ніжневартаўску.

На саміце падымаліся пытанні пра медыцынскую этыку, прафесійныя навыкі медсястры і пашырэнне межаў яе самастойнай дзейнасці. Сёння медсястра – гэта ўжо не проста выканаўца распараджэнняў і прызначэнняў урача, а самастойны ўдзельнік лячэбна-дыягнастычнага працэсу. Разам з тым расце і адказнасць за сваю працу.

Усяго было праведзена пяць тэматычных секцый. Секцыя «Прэаналітычны этап лабараторнай дыягностыкі ў працы медыцынскай сястры» была прысвечана прадухіленню лабараторных памылак з-за дэфектаў узяцця біяматэрыяла. На секцыі, прысвечанай прафесійнаму выгаранню, закранулі праблему барацьбы са стрэсам. На секцыі «Першая медыцынская (даўрачэбная) дапамога» засяродзілі ўвагу на асновах аказання першай медыцынскай дапамогі.

 
Ганна Рыжанкова
в.а. дырэктара лабараторыі «ИНВИТРО»
Пры масавым паступленні пацыентаў, калі доктар фізічна не паспявае аказваць дапамогу пацярпелым, медсястра павінна, не разгубіўшыся, распачаць усе неабходныя меры аказання першай дапамогі. Дасведчаная медсястра – гэта заўсёды другая пара рук урача, паколькі, апынуўшыся побач у патрэбны момант, часта ратуе нечае жыццё.
 
Кацярына Шушко
Акушэрка ў лабараторыі «ИНВИТРО»
Такога кшталту мерапрыемствы важныя для нас гэтак жа, як і для медсясцёр. Удзел у іх дае магчымасць павысіць прафесійны ўзровень, пашырыць межы дзейнасці. Акрамя абмену вопытам з калегамі і атрымання ведаў гэта добрая магчымасць усталяваць дзелавыя кантакты і прыўнесці ў сваю працу нешта новае. Мне заўсёды хацелася дапамагаць людзям, ратаваць іх жыцці. Гэта паўплывала на выбар прафесіі. Спадзяюся, што набытыя мной навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі заўсёды будуць запатрабаваныя і яшчэ не раз дадуць магчымасць пацвердзіць свой прафесіяналізм на практыцы.
 
Ганна Рыжанкова
в.а. дырэктара лабараторыі «ИНВИТРО»
Мы вельмі ўдзячныя за падтрымку Міністэрству аховы здароўя і спадзяемся, што правядзенне такіх самітаў для медсясцёр будзе добрай традыцыяй.

IV Міжнародны саміт медыцынскіх сясцёр яшчэ раз паказаў, што быць прафесійнай медсястрой - гэта заўсёды адказнасць за нечае жыццё. Таму выдатна, калі прафесія - гэта яшчэ і пакліканне!

Фота – Аксана Жураўлёва.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

200 0 46

Журналіст. Радыёвядучая. Вышэйшая адукацыя. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Родам з горада Маладзечна Мінскай вобласці. Адукацыя: сярэдняя агульнаадукацыйная школа мастацтваў г.Маладзечна з 1987 па 1998 год. З 2003 года дыпламаваны спецыяліст па сувязях з грамадскасцю. Скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя». Праца: усвядомленую працоўную дзейнасць пачала ў 1999 годзе, калі стала пазаштатным карэспандэнтам у «Маладзечанскай газеце» і на радыё «Маладзечна». З 2001 года працавала журналістам і спецыялістам па сувязях з грамадскасцю ў Грамадскім прэс-цэнтры, у прэс-цэнтры УУС Мінаблвыканкама, Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь і журналістам у часопісе «Галоўны бухгалтар» ТАА «Агенцтва Уладзіміра Граўцова». З ліпеня 2003 года – рэдактар Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё. Пасаду адказнага сакратара атрымала ў 2005 годзе ў дырэкцыі канала «Культура» Беларускага радыё. Акрамя забеспячэння планава-фінансавай дзейнасці канала «Культура», вядзення справаводства, актыўна займалася журналістыкай. З'яўлялася аўтарам і вядучай многіх музычна-забаўляльных праграм. Займаючы актыўную жыццёвую пазіцыю ў структуры Белтэлерадыёкампаніі, была абрана сябрам рэвізійнай камісіі прафсаюзнай арганізацыі. Са снежня 2017 года – рэдактар аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся рэдактарам сайта газеты «Медыцынскі веснік», журналістам інфармацыйнага партала «Здаровыя людзі» і намеснікам старшыні першаснай прафсаюзнай арганізацыі.