28.06.2019
28.06.2019

Медыцынскае «закуліссе» Еўрапейскіх гульняў (+відэа)

logo
Навiны
6 0193
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
50 краін Еўропы, больш за 18 тысяч акрэдытаваных удзельнікаў, 4022 спартсмены, 23 дысцыпліны, 199 камплектаў медалёў, 15 відаў спорту. Атмасфера такога маштабнага мерапрыемства – сплаў радасці, свята, дасягненняў на мяжы магчымасцяў, цікавасці да іншых культур і, вядома, гастранамічных задавальненняў. Каб свята адбылося для такой вялікай колькасці людзей, трэба, каб галоўныя службы працавалі дакладна і скаардынавана. Спякотны ва ўсіх сэнсах перыяд выдаўся для медыцынскіх работнікаў і супрацоўнікаў санітарна-эпідэміялагічнай службы. Не яны галоўныя героі спартыўных спаборніцтваў, але, думаецца, што без самаадданай працы гэтых людзей многія спартыўныя дасягненні маглі не адбыцца.

Такім чынам, медыцынскае «закуліссе», пра якое ведаюць не ўсе. Штодня 800 медработнікаў і 250 валанцёраў (студэнтаў медыцынскіх ВНУ, якія валодаюць англійскай мовай) удзельнічаюць на мерапрыемствах па правядзенні II Еўрапейскіх гульняў. У першыя дні па меддапамогу звярталіся каля 80 чалавек у суткі, падчас самых актыўных дзён, калі колькасць спартыўных мерапрыемстваў была максімальнай, – да 180 чалавек у суткі.

 
Ірына Кірэева
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, экспертызы, зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб – начальнік упраўлення медыцынскай экспертызы Міністэрства аховы здароўя
Меддапамога арганізаваная для спартсменаў і гледачоў на спартыўных аб'ектах (іх 15), а таксама ў месцах пражывання акрэдытаваных асобаў, у міжнародным вяшчальным цэнтры, на такіх важных участках, як чыгуначны вакзал, аэрапорт. На спартыўных аб'ектах мы падзялілі патокі пацыентаў: асобна – спартсмены, асобна – гледачы. Штодня працуюць 29 мабільных брыгад для аказання меддапамогі спартсменам, яшчэ 25 – для гледачоў на трыбунах. На ўсіх спортаб'ектах ёсць стацыянарныя медпункты (18 для гледачоў і 18 для спартсменаў), дзяжурыць брыгада ХМД (хуткай медыцынскай дапамогі).
скорая помощь Беларуси

Акрамя таго, як патлумачыла Ірына Кірэева, вызначаныя цэнтры для аказання амбулаторнай дапамогі. Гэта, перш за ўсё, паліклініка ў вёсцы спартсменаў, Мінскі дыягнастычны цэнтр і РНПЦ спорту. Асобна выдзеленыя 7 медустаноў, у якіх ёсць магчымасць аказання стацыянарнай дапамогі для ўсіх кліенцкіх груп Еўрапейскіх гульняў.

 
Ірына Кірэева
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, экспертызы, зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб – начальнік упраўлення медыцынскай экспертызы Міністэрства аховы здароўя
Мінчанам і гасцям сталіцы не варта хвалявацца з нагоды таго, што ім меддапамога будзе аказвацца ў меншым аб'ёме, паколькі мы падзялілі патокі пацыентаў і пралічылі свае сілы. Плюс увялі яшчэ 20 дадатковых брыгад ХМД. Важны аб'ект для аказання меддапамогі – паліклініка ў вёсцы спартсменаў. Мы ёю ганарымся. Гэтая медустанова была пабудаваная з нуля да Еўрапейскіх гульняў. Сюды закуплена больш за 180 адзінак абсталявання, прадстаўлены ўсе віды неабходнай меддапамогі. У далейшым паліклініка стане спадчынай для 15 тысяч студэнтаў, якія будуць жыць у студэнцкай вёсцы.
 
Наталля Жукава
Намеснік міністра аховы здароўя – Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь
Пытанне харчавання спартсменаў – адно з найважнейшых. Яно павінна быць бяспечным і збалансаваным. Работа па арганізацыі кантролю і нагляду за харчаваннем пачала праводзіцца яшчэ напрыканцы 2017 года. Акрамя эстэтыкі (спартсмены сілкуюцца ў выдатнай сучаснай сталовай), для нас важна ўсё, што адбываецца па той бок працэсу падачы ежы. Працуем ва ўзмоцненым рэжыме 24 гадзіны ў суткі. Перш за ўсё, гэта дастаўка прадуктаў. І менавіта тых, якія выбраныя спецыяльна для Еўрапейскіх гульняў. Быў вызначаны пералік пастаўшчыкоў (амаль усе беларускія), якія даказалі, што яны могуць вырабіць прадукцыю неабходнай якасці. Напрыклад, ёсць прадпрыемствы, дзе выпускаюць ужо нарэзаныя фруктовыя салаты або вакуумаваную памытую агародніну. Такія моманты зніжаюць эпідэміялагічную рызыку.

Як падкрэсліла Наталля Жукава, важна ўлічваць тэрміны, тэхналогію захоўвання прадукцыі. Не павінен быць парушаны тэмпературны рэжым, выкананыя ўсе патрабаванні гігіены. Каб адсочваць гэтыя моманты, спецыялісты санэпідслужбы дзяжураць кругласутачна ў 3 змены. За харчблок у цэлым адказныя 850, а часам і 900 чалавек.

 
Наталля Жукава
Намеснік міністра аховы здароўя – Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь
Распрацаваныя спецыяльныя чэк-лісты, у якіх адлюстраваныя ўсе пытанні, якія мы лічым асноўнымі. Пераважная большасць парушэнняў ухіляюцца тут жа альбо на працягу максімальна кароткага часу. Акрамя таго, глядзім за аднаўленчымі станцыямі, якія знаходзяцца ў месцах правядзення спаборніцтваў. Яны працуюць у перыяд, калі спартсмены альбо трэніруюцца, альбо спаборнічаюць. Тут харчаванне таксама адбываецца па адмыслова распрацаваным меню. Каб не дапусціць непрыемных момантаў для гасцей горада і мінчан, бярэм пад кантроль таксама ўсе аб'екты грамадскага харчавання ў горадзе, у тым ліку гандлёвыя цэнтры, дзе ёсць кавярні. Усёй гэтай працы папярэднічаў велізарны падрыхтоўчы перыяд. Мы абмяркоўвалі дэталёва ўсе этапы, шматкроць перараблялі чэк-лісты, ладзілі трэнінгі. Гэта быў творчы працэс. І ў выніку ўсё, што запланавалі, аказалася карысным і патрэбным.
Больш падрабязна пра арганізацыю медыцынскай дапамогі на II Еўрагульнях – у нашым відэа.

Фота – Яўген Крэч.

Відэа – Святлана Стахоўская, Генадзь Сукач, Вячаслаў Ганчароў.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

6 0 193

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.