23.05.2021
23.05.2021

Медыцынская рэабілітацыя людзей з інваліднасцю: інавацыі і перспектывы

logo
Здароўе дарослых
0 011
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пра новаўвядзенні, якія тычацца медыцынскай рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, стварэння для іх безбар'ернага асяроддзя, працаўладкавання, павелічэння тэрмінаў вызначэння інваліднасці ішла размова на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі сабрала самае актуальнае.

Медыцынская рэабілітацыя. Што робіцца для інвалідаў.

Увядзенне паняцця «абілітацыя»

Як адзначыў дырэктар РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Васіль Смычок, у нашай краіне, па дадзеных на 1 студзеня 2021, прызнаныя інвалідамі 564 тысячы 136 чалавек. З іх 1-ю групу інваліднасці маюць 85 тысяч 879 чалавек, 2-ю – 252 тысячы 006, 3-ю – 191 тысяча 780 чалавек.

Закранаючы пытанне медыцынскай рэабілітацыі, эксперт падкрэсліў, што ў краіне створаная і паспяхова рэалізуецца этапная сістэма аказання такой дапамогі. Напрыклад, чалавек пасля інсульту, інфаркту міякарда, траўмы альбо анкалагічнага захворвання праходзіць лячэнне ў бальніцы, а затым яго не выпісваюць дадому, а пераводзяць на рэабілітацыю ў стацыянарнае аддзяленне ўстановаў медыцынскай рэабілітацыі. Такія аддзяленні ёсць у кожнай вобласці (па стане на пачатак гэтага года, у краіне функцыянуе 328 аддзяленняў медрэабілітацыі).

У снежні 2020 года прынятая новая рэдакцыя закона «Аб ахове здароўя», асноўныя палажэнні якой уступяць у сілу ў ліпені гэтага года. Упершыню будзе ўведзенае паняцце «медыцынская абілітацыя» – комплекс медыцынскіх паслуг, накіраваных на фарміраванне, развіццё і падтрыманне функцый органаў і сістэмаў арганізма пацыента, а таксама магчымасцяў і здольнасцяў чалавека, натуральнае аднаўленне якіх абцяжаранае.

Медыцынская рэабілітацыя. Паняцце «абілітацыя».

Васіль Смычок:

– Што гэта значыць? Калі ў дарослага чалавека пасля захворвання альбо траўмы штосьці парушанае ці страчаная пэўная функцыя (напрыклад, чалавек не можа правільна размаўляць, хадзіць), дык гэта трэба рэабілітаваць альбо аднаўляць. У многіх жа дзяцей ад нараджэння ці з-за захворвання, траўмы адсутнічаюць пэўныя навыкі, якія трэба не рэабілітаваць, а абілітаваць, гэта значыць – развіваць, дэкампенсаваць.

Да гэтага года не было індывідуальных праграмаў рэабілітацыі альбо абілітацыі для дзяцей. Для дарослых – была. Пасля выхаду новай рэдакцыі закона ўжо распрацаваныя і будуць прынятыя індывідуальныя праграмы рэабілітацыі і абілітацыі як дарослага інваліда, так і дзіцяці, а таксама людзей, у якіх ёсць якія-небудзь абмежаванні жыццядзейнасці, дадаў прафесар.

Новыя тэрміны інваліднасці

Яшчэ адна навіна рэдакцыі закона заключаецца ў тым, што будуць вызначацца новыя тэрміны інваліднасці. Сёння 3-я і 2-я групы інваліднасці прызначаюцца на 1 год, 1-я група – на два. Цяпер будзе наступным чынам: 3-я і 2-я групы – на 2 гады, а 1-я – на тры.

Васіль Смычок:

– Гэта зроблена ў тым ліку і для таго, каб меней людзей накіроўваць на МРЭК, радзей ганяць іх па ўсіх кабінетах, калі ў іх маюцца ўстойлівыя змены здароўя. Мы стараемся мінімізаваць як маральныя, так і фізічныя выдаткі.

Рэабілітацыя пацыентаў пасля COVID-19

Васіль Смычок:

– З красавіка мінулага года па красавік гэтага мы прарэабілітавалі 15 тысяч пацыентаў стацыянарна, я не кажу пра амбулаторны этап. З гэтых людзей, што прайшлі рэабілітацыю, 90% вяртаюцца да працы з закрытым лістком працаздольнасці. Пры закрыцці бальнічнага лістка ўлічваецца стан здароўя пацыента і яго магчымасць вярнуцца да працы.

Медыцынская рэабілітацыя. Рэабілітацыя пасля каранавіруснай інфекцыі.

У РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі ў Гарадзішчы пацыентам пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі дапамагаюць «раздыхацца». Гэта не проста лячэбная фізкультура, а комплексы дыхальнай гімнастыкі. З кожным пацыентам займаецца псіхолаг альбо псіхатэрапеўт.

Васіль Смычок:

– Людзі прыходзяць напалоханыя, раздражнёныя, з парушэннем сну, нервовай сістэмы. Акрамя таго, у іх ёсць шмат ускладненняў тых хранічных захворванняў, якія былі. Ім, вядома, трэба аказваць дапамогу.

Безбар'ернае асяроддзе

Начальнік упраўлення па справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вікторыя Грачыха распавяла, што на працягу мінулых 5 гадоў на стварэнне безбар'ернага асяроддзя было выдаткавана больш за 32 млн рублёў. Задача гэтая няпростая і патрабуе часавых, тэхнічных і фінансавых выдаткаў. Таму гэтыя пытанні, пачынаючы з 2007 года, у рамках дзяржпраграмаў вырашаюцца паэтапна.

Вікторыя Грачыха:

– На першым этапе праца была накіраваная на стварэнне такіх элементаў, як пандусы, поручні, пашырэнне ўваходных групаў, – у асноўным, для інвалідаў з парушэннем апорна-рухальнага апарата. Па-за ўвагай заставаліся людзі з парушэннем зроку, слыху. Сёння даступнае асяроддзе – гэта комплекс мерапрыемстваў, з дапамогай якіх ліквідуюцца ўсе бар'еры для практычна ўсіх катэгорый інвалідаў. Комплексны падыход дасягаецца за кошт строгага прытрымлівання прынцыпу бесперапыннасці даступнага асяроддзя і логікі яго стварэння, што дае магчымасць людзям з інваліднасцю весці незалежны лад жыцця.

Магчымасць працаўладкавання

Медыцынская рэабілітацыя. Магчымасць працаўладкавання інвалідаў.

Крыху менш за палову інвалідаў у краіне, як распавяла Вікторыя Грачыха, – людзі працаздольнага ўзросту. Працаваць могуць не ўсе, а толькі тыя, каму ўрачы выдалі адпаведнае заключэнне. На сёння заключэнне МРЭК маюць 118 тысяч інвалідаў працаздольнага ўзросту, працуюць амаль 68 тысяч чалавек.

Вікторыя Грачыха:

– Безумоўна, больш шанцаў уладкавацца ў тых, хто мае прафесію і вопыт працы. За апошнія пяць гадоў служба занятасці дапамагла прайсці навучанне 1,5 тысячы інвалідам па 57 спецыяльнасцях. У асноўным, гэта аператар ПЭВМ, прадавец, кладаўшчык, ліфцёр. Накіроўваліся людзі і на навучанне прадпрымальніцкай дзейнасці. Штогод у цэнтр занятасці звяртаецца каля 4,5 тысячы чалавек.

Пошук працы праз цэнтры занятасці мае пэўныя перавагі. Акрамя асноўных паслуг, для інвалідаў прадугледжаныя дадатковыя гарантыі: працаўладкаванне на забраніраваныя працоўныя месцы, адаптацыя да працоўнай дзейнасці, прыярытэтны накірунак на навучанне з аплатай выдаткаў на пражыванне і праезд. Так, у 2020 годзе на пастаянную працу было працаўладкавана каля 2 тысяч чалавек з інваліднасцю, 49 змаглі распачаць уласную справу.

Медыцынская рэабілітацыя. Інваліды шукаюць працу праз цэнтр занятасці.

З чэрвеня 2019 года ўведзеная новая форма працы – індывідуальнае суправаджэнне беспрацоўных інвалідаў да наймальніка для вырашэння пытання працаўладкавання. Гэта значыць, што чалавек прыходзіць у службу занятасці, і з ім праводзіцца вялікая індывідуальная праца.

Са згоды інваліда спецыяліст службы занятасці дамаўляецца з наймальнікам пра гутарку, наведвае разам з ім наймальніка, удзельнічае ў перамовах, распавядае пра асаблівасці будучага супрацоўніка. Летась на арганізацыю такой формы працы, як сумеснае наведванне наймальнікаў, пайшло 268 чалавек з інваліднасцю, працаўладкавана – 259.

Што да бліжэйшай перспектывы, трэба будзе вырашыць некалькі асноўных задач. У прыватнасці, у заканадаўстве плануецца замацаваць паняцце «інклюзіўная адукацыя» са стварэннем установамі адукацыі ўмоў даступнага асяроддзя для ўсіх катэгорый інвалідаў: з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, слыху, зроку, інтэлектуальнымі асаблівасцямі.

Медыцынская рэабілітацыя. Адукацыя інвалідаў.

Яшчэ адна задача – павышэнне ўзроўню даступнасці для інвалідаў аб'ектаў сацыяльнай, транспартнай, вытворчай інфраструктуры і жылых памяшканняў. Усе гэтыя накірункі дзейнасці ўключаныя ў праект новага закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», які летась быў прыняты дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні, падкрэсліла Вікторыя Грачыха.

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

0 0 11

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».