20.12.2020
20.12.2020

Медыцынскі аспект стратэгіі актыўнага даўгалецця. Меркаванне ўрача

logo
Здароўе дарослых
0 14
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Стварэнне ўмоў для таго, каб сталыя людзі маглі як мага даўжэй працягваць працоўную дзейнасць, сваю прафесійную актыўнасць, – адна з ключавых пазіцый прынятай у Беларусі Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце-2030». Разам з тым, магчымасць працаваць шмат у чым вызначаецца станам здароўя людзей у шаноўным узросце.

Як захаваць актыўнае даўгалецце? Што трэба зрабіць, каб людзі сталага ўзросту маглі максімальна выкарыстоўваць свой патэнцыял? Бо сацыяльная актыўнасць пасля выхаду на пенсію наўпрост залежыць ад стану здароўя. Як пры гэтым ахапіць увагай сталых людзей, якія па стане здароўя не могуць выходзіць з дому? Даць ім магчымасць адчуваць сябе запатрабаванымі?

Сваім пунктам гледжання з журналістам інфармацыйнага партала Здаровыя людзі падзялілася намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч.

Рэалізацыя стратэгіі «Актыўнае даўгалецце-2030» дасць магчымасць стварыць умовы для самастойнай і паўнавартаснай жыццядзейнасці сталых грамадзян, павышэння працягласці жыцця, яго ўзроўню і якасці, актыўнага і здаровага даўгалецця.

Узаемадзеянне медыцынскай і сацыяльнай службаў

Паводле слоў Людмілы Жылевіч, пад наглядам арганізацый аховы здароўя знаходзяцца больш за 2 млн чалавек, якія праходзяць штогадовыя медыцынскія агляды (на дыспансерным уліку знаходзяцца 98% сталых).

 
Людміла Жылевіч
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
Што тычыцца сталых людзей, мы выдзяляем пэўныя катэгорыі асобаў з групы, напрыклад, па рызыцы дэкампенсацыі розных захворванняў, альбо якія маюць групу інваліднасці, хранічныя захворванні. Гэта неабходна ў тым ліку і для таго, каб своечасова выявіць сітуацыі, якія патрабуюць медыцынскага ўмяшання, дазволіць сталым людзям як мага даўжэй заставацца незалежнымі і не мець патрэбы ў дапамозе.

Сістэма аховы здароўя пайшла па шляху стварэння моцнай першаснай медыцынскай дапамогі. Менавіта да ўрачоў першаснага звяна часцей звяртаюцца сталыя людзі. Разам з тым, рашэнне іх праблемаў не заўсёды абмяжоўваецца толькі медыцынскай дапамогай. Часцяком неабходная падтрымка і дапамога сацыяльных службаў. На думку эксперта, толькі міжведамаснае ўзаемадзеянне дазволіць стварыць неабходныя ўмовы для камфортнага даўгалецця.

Да сталых – асаблівы падыход

У сістэме аховы здароўя створана і развіваецца герыятрычная служба. Акрамя Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), які дзейнічае на базе Рэспубліканскага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, у нашай краіне працуе 7 рэгіянальных герыятрычных цэнтраў, 105 герыятрычных кабінетаў, функцыянуе профільная кафедра ў БелМАПА. Навучанне герыятрычнаму падыходу спецыялістаў закладзенае ў прыярытэты Нацыянальнай стратэгіі.

 
Людміла Жылевіч
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
Сталыя людзі патрабуюць асаблівага медыцынскага падыходу. Нярэдка ў іх дыягнаставанае не адно, а некалькі хранічных захворванняў. Такім пацыентам неабходны комплексны герыятрычны агляд, які дазваляе выявіць не толькі саматычныя захворванні, але і комплексна падысці да вырашэння яго праблемаў.

Колькасць захворванняў у чалавека не заўсёды вызначаюць яго функцыянальныя магчымасці. Часцяком гэта яшчэ і камбінацыя станаў: псіхічнага здароўя, сацыяльнай уцягнутасці (адзінота, ізаляцыя) і г.д. Гэта значыць, такі агляд уключае ўсе аспекты жыцця чалавека, якія могуць прыводзіць да пагаршэння стану здароўя і стымуляваць паталагічнае старэнне.

Задача сістэмы аховы здароўя складаецца яшчэ і ў тым, каб праз комплексны медыцынскі агляд вызначыць, якія функцыянальныя магчымасці ёсць у дадзенага чалавека. Гэта неабходна для таго, каб, напрыклад, ён мог працягнуць сваю прафесійную актыўнасць альбо своечасова пераарыентаваць сябе на іншыя віды дзейнасці, падкрэсліла галоўны пазаштатны герантолаг.

Многія аспекты герыятрычных сіндромаў людзей старэйшага ўзросту знаходзяць адлюстраванне ў міжсектаральным падыходзе. Напрыклад, у сталых часта развіваецца сіндром падзення. Каля 30% сталых, асабліва старэйшых за 75 гадоў, адчуваюць яго на працягу года. Гэта тыя пацыенты, якія затым трапляюць у стацыянары з пераломамі шыйкі сцягна. Каля 7% з іх маюць цяжкія траўмы, якія спрыяюць інваліднасці і патрабуюць догляду пацыента. У выніку яны робяцца залежнымі ад старонняй дапамогі (сваякоў, сацыяльных работнікаў, валанцёраў).

Своечасова заўважыць і дапамагчы

Адзінота ў сталым узросце прыводзіць да паталагічнага старэння, прагрэсавання наяўных хранічных станаў. Напрыклад, цяперашняя сітуацыя з каранавірусам з-за вымушанай сацыяльнай ізаляцыі сталых людзей прывяла да таго, што ў некаторых з іх пачалі нарастаць кагнітыўныя парушэнні, прагрэсаваць дэменцыя.

Менавіта таму ўцягнутасць сталых людзей у грамадскае жыццё, пачуццё, што ў іх маюць патрэбу, клапоцяцца, не толькі дадасць гадоў жыцця, але і прытармозіць прагрэсаванне многіх хваробаў, упэўненая эксперт. Людміла Жылевіч адзначыла і такую праблему, як нізкая інфармаванасць грамадства аб праблемах, якія тычацца псіхічных захворванняў у сталым узросце.

 
Людміла Жылевіч
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
Таму мы ідзем па шляху стварэння не толькі школ актыўнага даўгалецця для сталых (гэта таксама замацавана ў стратэгіі), але і будзем навучаць іх сваякоў, як вызначыць парушэнні, правільна сябе паводзіць з такім чалавекам, даглядаць яго, для таго, каб сталы пацыент як мага даўжэй заставаўся ў звыклай хатняй абстаноўцы.

У стратэгіі вызначаныя агульнадзяржаўныя падыходы, якія забяспечваюць комплекснае рэагаванне сістэмы аховы здароўя, сацыяльнай абароны, некамерцыйных арганізацый, навуковых колаў і СМІ на ранняе выяўленне пацыентаў з дэменцыяй, і арганізацыя аказання дапамогі ім і іх сямейнікам, якія ажыццяўляюць догляд такіх людзей.

Стратэгія прадугледжвае таксама далейшае развіццё здароўезберагальных тэхналогій (акцэнт на прафілактыку неінфекцыйных захворванняў). Задзейнічаныя будуць не толькі герыятры, але і ўрачы агульнай практыкі, іншыя спецыялісты. Гэта дазволіць паменшыць цяжар саматычных захворванняў, якія развіваюцца з узростам. Асаблівая ўвага будзе нададзеная і рэабілітацыі. У прыватнасці, плануецца ўкараняць новыя формы з улікам герыятрычнага профілю сталых пацыентаў, распавяла эксперт.

Вельмі важны раздзел у стратэгіі прысвечаны доўгачасоваму догляду пацыентаў, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Развіццё сістэмы медыка-сацыяльнай і паліятыўнай медыцынскай дапамогі, навучанне спецыялістаў, якія ажыццяўляюць догляд, правільнаму аказанню неабходнай дапамогі. Доўгачасовы догляд – гэта ў першую чаргу інтэграваны падыход, у аснове яго ляжыць персаніфікацыя медыцынскіх і сацыяльных паслугаў асобам з парушэннямі жыццядзейнасці і кейс-менеджмент.

Новы імпульс атрымае і развіццё IT-тэхналогій у кантролі стану сталага чалавека, забеспячэння яго бяспекі і зніжэння сацыяльнай ізаляцыі.

Старэць правільна

Клопат пра здароўе на працягу ўсяго жыцця – гэта аснова даўгалецця. Вельмі важна мець актыўную жыццёвую пазіцыю, думаць пазітыўна і ставіць перад сабой мэты, перакананая Людміла Жылевіч.

 
Людміла Жылевіч
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
Безумоўна, неабходныя стасункі. Акрамя таго, не губляць жаданне жыць дапамагае хобі, праз якое можна рэалізаваць сябе ці адкрыць новыя перспектывы для развіцця. Прычым захапленні могуць быць самымі рознымі: кулінарыя, рукадзелле, засваенне камп'ютарнай пісьменнасці, псіхалогіі, вырошчванне кветак, вывучэнне замежных моў. Дарэчы, заняткі альбо практыкаванні, якія задзейнічаюць дробную маторыку, – лепшы спосаб прафілактыкі дэменцыі.

Трэба навучыцца прымаць сваё старэнне і нават навучыцца жыць са сваімі ўзроставымі зменамі ў арганізме. Бо ў старэчым узросце практычна ва ўсіх ёсць тыя ці іншыя праблемы са здароўем. Важна трымаць кантроль над сваім станам, своечасова звяртацца па медыцынскую дапамогу і не займацца самалячэннем.

 
Людміла Жылевіч
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
Не варта думаць, што жыццё заканчваецца пасля пенсіі. Пенсія – гэта толькі пачатак новага жыцця. А значыць, магчымасць і жаданне рэалізаваць тое, на што не было часу раней, прыгадаць свае былыя захапленні альбо асвоіць новыя.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 14

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама