09.11.2020
09.11.2020

Медыкаментозныя метады абязбольвання родаў. Паказанні, супрацьпаказанні і пабочныя дзеянні

logo
Цяжарнасць i роды
0 18
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Існуе шэраг метадаў, выкарыстоўваючы якія падчас родаў, можна дасягнуць пэўнага абязбольвальнага эфекту. Іх падзяляюць на дзве катэгорыі: немедыкаментозныя і медыкаментозныя. У адрозненне ад немедыкаментозных метадаў, якія праз стварэнне камфортнай для парадзіхі псіхаэмацыянальнай атмасферы змякчаюць болевыя адчуванні (але не прыбіраюць зусім), эфектыўнасць медыкаментозных метадаў на парадак вышэйшая. Праўда, і прымяняюць іх строга па паказаннях. Таксама ў адрозненне ад немедыкаментознага абязбольвання, ліквідацыя болевых адчуванняў у родах з дапамогай лекавых прэпаратаў можа выклікаць пабочныя эфекты, а ў некаторых выпадках і зусім супрацьпаказаная.

Медыкаментознае абязбольванне родаў.

Пра метады і прынцыпы выкарыстання медыкаментознага абязбольвання родаў у рамках Марафона жаночага здароўя распавяла намеснік галоўнага ўрача па родадапамозе 1-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска Элеанора Фядотава.

Прынцыпы медыкаментознага абязбольвання

 
Элеанора Фядотава
Намеснік галоўнага ўрача па родадапамозе 1-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска
Да выкарыстання медыкаментозных метадаў абязбольвання родаў урачы звяртаюцца ў тым выпадку, калі немедыкаментозныя метады аказваюцца недастаткова эфектыўнымі. Безумоўна, любое ўмяшанне, уключаючы выкарыстанне лекавых прэпаратаў для зняцця родавага болю, павінна быць папярэдне ўзгодненае з парадзіхай.

Лекавыя прэпараты, якія прымяняюць у родадапаможнай практыцы для зняцця болевых адчуванняў, павінны адпавядаць шэрагу строгіх патрабаванняў:

  • перш за ўсё яны закліканыя хутка і эфектыўна здымаць боль;
  • аказваць седатыўнае, заспакаяльнае дзеянне, пазбаўляючы тым самым жанчыну ад пачуцця страху і негатыўных эмоцый. У той жа час свядомасць парадзіхі павінна заставацца яснай;
  • ніякім чынам не аказваць адмоўнага ўздзеяння на арганізм маці і плода;
  • не парушаць актыўнасць родавай дзейнасці і не пазбаўляць жанчыну здольнасці ўдзельнічаць у родах;
  • не выклікаць прывыкання, калі ўзнікне неабходнасць прыёму абязбольвальнага прэпарата курсам.

Выбар прэпаратаў для абязбольвання. Паказанні і супрацьпаказанні

Медыкаментознае абязбольванне родаў. Выбар прэпаратаў.

Па словах Элеаноры Фядотавай, для абязбольвання родаў прымяняюць наступныя групы медыцынскіх прэпаратаў:

  • Спазмаанальгетыкі. Прэпараты гэтай групы валодаюць двума выяўленымі дзеяннямі: спазмалітычным (зніжаюць тонус і скарачальную актыўнасць гладкіх мышцаў і крывяносных сасудаў) і болесуцішальным. Сярод спазмалітыкаў найбольш вядомыя прэпараты дротаверын і папаверын, сярод ненаркатычных анальгетыкаў – анальгін.

Прызначэнне гэтых лекавых сродкаў, як правіла, паказанае парадзіхам, недастаткова падрыхтаваным да родаў у псіхаэмацыянальным плане. Спазмаанальгетыкі выкарыстоўваюць альбо ў якасці прафілактыкі родавага болю, альбо як самастойнае болесуцішальнае, альбо ў спалучэнні з іншымі прэпаратамі.

Паколькі спазмаанальгетыкі маюць уласцівасць аслабляць скарачэнні маткі і тым самым «тармазіць» родавы працэс, іх прымяненне апраўданае пры рэгулярных схватках, якія ўжо ўстанавіліся. У гэтым выпадку камбінаванае выкарыстанне спазмалітыкаў і анальгетыкаў спрыяе родавай актыўнасці, паскарае раскрыццё шыйкі маткі і, адпаведна, скарачае працягласць першага перыяду родаў.

Медыкаментознае абязбольванне родаў. Скарачэнне першага перыяду.

Аднак, пабочным эфектам прымянення спазмаанальгетыкаў можа быць зніжэнне артэрыяльнага ціску, галавакружэнне, млоснасць, слабасць.

  • Седатыўныя прэпараты. Лекавыя сродкі гэтай групы аказваюць заспакаяльнае дзеянне, ліквідуюць раздражняльнасць, нервовасць, страх. Іх выкарыстоўваюць у тым выпадку, тлумачыць эксперт, калі жанчына занадта эмацыянальна ўзбуджаная, а таксама для зняцця пачуцця млоснасці, змяншэння ванітаў. Найбольш распаўсюджаным седатыўным прэпаратам, які выкарыстоўваюць пры родах, з'яўляецца дыязепам.

Самі па сабе седатыўныя прэпараты не валодаюць выяўленым абязбольвальным дзеяннем, таму іх, як правіла, прызначаюць у камбінацыі з анальгетыкамі. Са станоўчых эфектаў (акрамя заспакаяльнага) – седатыўныя прэпараты здольныя паскараць працэс раскрыцця шыйкі маткі. З мінусаў – магчыма пабочнае дзеянне ў выглядзе прыгнёту дыхання, падзення артэрыяльнага ціску, у тым ліку і ў плода.

Медыкаментознае абязбольванне родаў. Сярод пабочных эфектаў – падзенне артэрыяльнага ціску.

  • Наркатычныя анальгетыкі. Нягледзячы на «суровы» назоў, лекавыя сродкі гэтай групы лічацца бяспечнымі для маці і дзіцяці. Разам з тым, наркатычныя анальгетыкі (напрыклад, прамедол, фентаніл і інш.) паказваюць высокую эфектыўнасць у абязбольванні родаў.

Іх прызначэнне апраўданае, калі роды зацягнуліся і жанчыне неабходны адпачынак для аднаўлення сіл. 2-5 гадзін паўнавартаснага сну падчас актыўнай родавай дзейнасці – рэальнасць, менавіта дзякуючы лекавым прэпаратам гэтай групы.

 
Элеанора Фядотава
Намеснік галоўнага ўрача па родадапамозе 1-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска
Аднак, наркатычныя анальгетыкі, у прыватнасці, прамедол, у пэўнай ступені прыгнятаюць цэнтр дыхання плода, таму яго прымяняюць толькі ў актыўнай фазе, калі да заканчэння родаў застаецца па мінімуму 4-6 гадзін.

Прызначэнне наркатычных анальгетыкаў для абязбольвання родаў патрабуе строгіх паказанняў і дакладных дозаў у тым ліку і таму, што высокія дозы прэпаратаў могуць выклікаць стан аглушанасці, правакаваць узмацненне млоснасці, ваніты, запоры, дэпрэсію, гіпатанію.

Медыкаментознае абязюольванне родаў. Пабочны эфект.

  • Мясцовая інфільтрацыйныя анестэзія. Выкарыстоўваецца для памяншэння болю пры правядзенні якіх-небудзь аператыўных умяшанняў у другім перыядзе родаў (у прыватнасці, пры правядзенні эпізіятаміі).
  • Рэгіянальная анальгезія. Гэта сучасны метад абязбольвання родаў з магчымасцю дазаванага ўвядзення прэпарата, зусім бяспечны для плода.
 
Элеанора Фядотава
Намеснік галоўнага ўрача па родадапамозе 1-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска
Такі від абязбольвання вельмі запатрабаваны пры сур'ёзных ускладненнях цяжарнасці, напрыклад, пры гіпертэнзіўным расстройстве падчас цяжарнасці, хранічнай артэрыяльнай гіпертэнзіі. Акрамя таго, выкарыстоўваецца пры родах высокай рызыкі пацыентаў з антэнатальнай гібеллю плода, сардэчна-сасудзістымі захворваннямі.

Існуе некалькі відаў рэгіянальнай анальгезіі:

  • Эпідуральная. Працяглае і эфектыўнае абязбольванне пры ускладненым цячэнні родаў. Адрозніваецца тым, што анестэтык можна ўводзіць на дастаткова працяглы прамежак часу.
  • Спінальная. Эфект абязбольвання абмежаваны 90-120 хвілінамі. Выкарыстоўваецца, калі неабходна непрацяглае па часе абязбольванне.
  • Камбінаваная спінальна-эпідуральная анальгезія. Спалучае перавагі абодвух метадаў.

Медыкаментознае абязюольванне родаў. Рэгіянальная анестэзія.

Рэгіянальная анальгезія бяспечная для маці і дзіцяці. Тым не менш, не пазбаўленая пабочных эфектаў, сярод якіх: зніжэнне артэрыяльнага ціску, боль у спіне, галаўны боль, слабасць, скурны сверб. Існуюць і пэўныя паказанні для правядзення рэгіянальнай анальгезіі, напрыклад, парушэнне згусальнасці крыві, дэфармацыя пазваночніка ў паяснічным аддзеле, інфекцыйныя захворванні скуры, алергічная рэакцыя на прэпарат і інш.

Гель для родаў

Апошнім часам у будучых мамаў узнікае велізарная колькасць пытанняў з нагоды выкарыстання гелю ў родах. Ці эфектыўны ён у якасці прэпарата, які палягчае родавую дзейнасць, і наколькі актыўна прымяняецца ў радзільных дамах?

 
Элеанора Фядотава
Намеснік галоўнага ўрача па родадапамозе 1-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска
Перш за ўсё выкарыстанне гелю накіраванае не на абязбольванне родаў, а на памяншэнне родавага траўматызму мяккіх тканак родавых шляхоў, похвы, пахвіны. І трэба сказаць, што з пункту гледжання доказнай медыцыны прымяненне гелю ў родах мае нязначныя, мінімальныя перавагі. Але калі жанчына перакананая, што ёй гэта неабходна, дык чаму б і не? Калі ласка, прыносьце гель з сабой у радзільню. Акушэры з радасцю выкарыстоўваюць любую, нават нязначную магчымасць зніжэння траўматызацыі жанчыны. Бо галоўнае, каб уражанні ад родаў у яе засталіся такімі, каб ёй захацелася зноў паўтарыць гэты вопыт.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 18

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».