22.11.2020
22.11.2020

Менапаўзальны пераход. Сімптомы і тэрапія. Погляд эндакрынолага

logo
Хваробы ад А да Я
0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У жыцці жанчыны ўмоўна можна выдзеліць два пераходныя этапы – станаўленне яе рэпрадуктыўнай функцыі і згасанне (менапаўза). І на тое, калі яна наступіць, уплывае вялікая колькасць фактараў: ад спадчыннасці да шкодных звычак (курэнне, ужыванне алкаголю), стрэсаў, асабліва хранічных, захворванняў, якія ўзнікаюць на працягу жыцця, і ў тым ліку прыёму медыкаментаў. Усё гэта аказвае значны ўплыў на тэрміны надыходу менапаўзы.

Якія гарманальныя змены адбываюцца ў арганізме жанчыны ў перыяд менапаўзы? Ці трэба прымаць менапаўзальную гарманальную тэрапію? Ці можна абысціся без яе? На гэтыя і іншыя пытанні, прысвечаныя здароўю жанчыны ва ўзросце 45+, адказала падчас Марафону жаночага здароўя Ала Шапялькевіч, прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм».

Калі надыходзіць менапаўза

Сімптомы менапаўзы

Важным паказчыкам жаночага здароўя з'яўляецца менструальны цыкл. Калі ён рэгулярны, гэта важкі паказчык здароўя жанчыны рэпрадуктыўнага ўзросту. Ва ўзросце 40-45 гадоў пачынаюцца першыя фізіялагічныя змены рэпрадуктыўнай сістэмы, якія адбіваюцца і на рэгулярнасці ды іншых характарыстыках менструальнага цыклу.

У гэты перыяд змены ўключаюць зніжэнне функцыянальнай актыўнасці яечнікаў з далейшым развіццём аменарэі (адсутнасць менструацый).

Паняцце «менапаўза» рэтраспектыўнае, яно мае на ўвазе, што ў жанчыны менструацыі адсутнічаюць на працягу 12 месяцаў. Калі менапаўза ўзнікае ва ўзросце да 40 гадоў, яе лічаць заўчаснай, у 40-45 гадоў – ранняй. У еўрапейскіх жанчын менапаўза ў сярэднім надыходзіць ва ўзросце 51 года (46-54 гады).

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм»
Надыход менапаўзы – паступовы працэс, які атрымаў назву перыяду менапаўзальнага пераходу. Ён доўжыцца з моманту з'яўлення першых клімактэрычных сімптомаў да апошняй самастойнай менструацыі. Гэты перыяд можа стартаваць за 4-6 гадоў да наступлення менапаўзы. Мы разумеем, што менапаўзальны пераход – натуральны этап у жыцці кожнай жанчыны, і ў 30-50% выпадкаў ён можа не суправаджацца паталагічнымі сімптомамі. У той жа час у 50-70% можа развівацца менапаўзальны (альбо клімактэрычны) сіндром – паталагічны стан, які характарызуецца нервова-псіхічнымі, вегетатыўна-сасудзістымі і абменна-трафічнымі расстройствамі.

Што адбываецца ў жаночым арганізме

Першы гармон, выпрацоўка якога зніжаецца, – прагестэрон. Гэтыя працэсы пачынаюцца ўжо пасля 40 гадоў, у 45-47 – дасягаюць свайго піку. Наступны гармон, колькасць якога таксама памяншаецца ў арганізме, – эстрадыёл. Затым падобныя працэсы закранаюць і тэстастэрон. Нягледзячы на тое, што ўсе яго ведаюць як гармон «мужчынскай сілы», ён таксама важны для здароўя жаночага арганізма.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм»
Гарманальны хаос – асноўная асаблівасць перыменапаўзы. У чым гэта выяўляецца? Перш за ўсё, турбуюць прылівы (пачуццё гарачыні), якія сустракаюцца ў 40-75% жанчын. Іншая група сімптомаў – урагенітальныя: сверб, дыспарэунія, вагінальная атрафія, сімптомакомплекс гіперактыўнага мачавога пузыра, стрэсавае і змешанае нетрыманне мачы, цысталгія. Пазней узмацняюцца метабалічныя і сардэчна-сасудзістыя рызыкі, астэапароз.

З-за гарманальных зменаў пакутуюць і органы-мішэні – галаўны мозг, сэрца і сасуды, касцявая сістэма. Зніжаецца кагнітыўная функцыя, змяняецца ліпідны спектр крыві (спрыяльная глеба для развіцця атэрасклерозу), зніжаецца мінеральная шчыльнасць касцявой тканкі (узрастае рызыка астэапарозу), пакутуе эпітэлій ніжніх аддзелаў мочавыводзячых шляхоў і похвы (магчымыя вагінальная атрафія і цыстыты).

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм»
Многія жанчыны ўпэўненыя, што такія скаргі не могуць узнікаць пры захаванні менструацыі. Яны лічаць, што падобныя сімптомы правакуюць іншыя захворванні (напрыклад, артэрыяльная гіпертэнзія альбо дэпрэсія). Але ў многіх выпадках гэта звязанае з узроставымі зменамі рэпрадуктыўнай сістэмы. І кожнай жанчыне важна ведаць асаблівасці такіх зменаў. Першыя сімптомы, звязаныя са зніжэннем палавых гармонаў, ва ўзросце, старэйшым за 40 гадоў, закранаюць псіхаэмацыянальны стан, парушэнне сну. Затым ідуць арганічныя змены з боку мочапалавой сістэмы. На пазнейшых стадыях, бліжэй да 55-60 гадоў, могуць развівацца альбо прагрэсаваць хранічныя захворванні (сардэчна-сасудзістыя, астэапароз, хваробы цэнтральнай нервовай сістэмы).

Праявы менапаўзальнага сіндрому

Выдзяляюць раннія, сярэдне-часавыя і пазнейшыя сімптомы. Да першых адносяцца: прылівы гарачыні ў верхняй палове цела, павышаная патлівасць, галаўны боль, перапады ціску, дрыжыкі, пачашчанае сэрцабіцце, раздражняльнасць, парушэнні сну, слабасць, неспакой, дэпрэсія, парушэнне памяці і ўвагі, а таксама зніжэнне лібіда і зніжэнне працаздольнасці.

Сярэдне-часавыя ўключаюць змены скуры, сухасць і ломкасць пазногцяў, выпадзенне валасоў, сухасць і сверб, смыленне ў похве, крывяністыя вылучэнні і апушчэнне сценак похвы, стрэсавае і змешанае нетрыманне мачы, частыя балючыя мочаспусканні пры адсутнасці аб'ектыўных прычынаў (цысталгія), рэцыдывавальныя цыстыты.

Пазнейшыя праявы менапаўзы характарызуюцца развіццём астэапарозу, кардыяваскулярнай паталогіі, дэпрэсіямі, парушэннямі сну, кагнітыўнымі зменамі.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм»
Ступень цяжару менапаўзальнага сіндрому ацэньваецца па колькасці прыліваў у суткі. Да 10 разоў – лёгкая, 20 – сярэдняя, больш за 20 – цяжкая.

Тэрапія менапаўзальнага сіндрому

У лячэнні можна выдзеліць два асноўныя падыходы. Першы мае на ўвазе змяненне ладу жыцця: абмежаванне каларыйнасці харчавання, адэкватнае спажыванне гародніны і садавіны, прадуктаў, якія змяшчаюць кальцый і вітамін Д, абмежаванне жывёльных тлушчаў, адмова ад курэння і залішняга ўжывання алкаголю. Акрамя таго, важная псіхалагічная падтрымка. Бо некаторыя сімптомы могуць хавацца за паводзіннымі парушэннямі. Вельмі важны сон, які таксама ўплывае на шматлікія паказчыкі здароўя. У комплекс лячэбных мерапрыемстваў можа быць уключаная фізіятэрапія, масаж, лячэбная фізкультура.

У вядомым навуковым даследаванні, якое ўключала назіранне за практычна 74 тысячамі жанчын у постменапаўзальным перыядзе (узрост 50-79 гадоў), было паказана, што адэкватныя фізічныя нагрузкі зніжаюць рызыку сардэчна-сасудзістых падзей на 45%.

Захаванне прынцыпаў здаровага ладу жыцця дазваляе папярэдзіць ці запаволіць развіццё паталагічных праяў менапаўзы – палепшыць агульны стан, нармалізаваць масу цела, знізіць сардэчна-сасудзістыя рызыкі і прагрэсаванне астэапарозу.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм»
Другі падыход – менапаўзальная гарманальная тэрапія (МГТ). Сучасныя падыходы ўключаюць ранняе яе прызначэнне. Ідэальны варыянт – у перыяд менапаўзальнага пераходу, калі яшчэ менапаўза не надышла, але ўжо ёсць паталагічныя сімптомы. Працягласць такой тэрапіі не павінна перавышаць 10 гадоў.

Супрацьпаказаннямі да прызначэння МГТ з'яўляюцца цяжарнасць, крывацёкі з палавых шляхоў невыразнага генэзу, востры трамбоз глыбокіх венаў, вострае тромбаэмбалічнае захворванне, пухліны палавых органаў і малочных залозаў, менінгіёмы.

Існуе таксама шэраг адносных супрацьпаказанняў. Гэта міёма маткі, эндаметрыёз, мігрэнь, вянозны трамбоз і тромбаэмбалія (у анамнэзе), сямейная гіпертрыгліцэрымія (павышанае ўтрыманне трыгліцэрыдаў ці тлушчаў), жоўцекамянёвая хвароба, эпілепсія, рак яечнікаў у анамнэзе. У падобных выпадках разглядаюцца магчымыя рызыкі і карысць для здароўя жанчыны. У любым выпадку рашэнне аб прызначэнні МГТ прымае толькі ўрач.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм»
Перад прызначэннем МГТ урач ацэніць рызыкі і карысць для прызначэння дадзенага віду лячэння на падставе агляду, цыталагічнага даследавання, мамаграфіі, УГД органаў малога таза. Калі ёсць неабходнасць, магчымыя і іншыя абследаванні для ацэнкі, перш за ўсё, магчымых супрацьпаказанняў для прызначэння менапаўзальнай гарманальнай тэрапіі.

Акрамя МГТ, існуюць і альтэрнатыўныя метады лячэння. Яны грунтуюцца на ўключэнні ў рацыён прадуктаў ці біялагічна актыўных дабавак, якія ўтрымліваюць фітаэстрагены (замяшчальнікі жаночых палавых гармонаў). Яны памяншаюць колькасць і інтэнсіўнасць прыліваў, нармалізуюць сон, перашкаджаюць узнікненню галаўнога болю, пазбаўляюць ад начной патлівасці і зніжаюць узровень халестэрыну ў крыві.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 24

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».