28.03.2020
28.03.2020

Міністэрства аховы здароўя: «Мы разлічваем на свядомасць і адказнасць людзей»

logo
Навiны
0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У Беларусі, па дадзеных на 27 сакавіка 2020 года, 32 пацыенты, у якіх раней быў дыягнаставаны каранавірус, лічацца вылечанымі. Частка з іх ужо выпісаная, частка праходзіць канчатковыя тэсты. Пад медыцынскім наглядам ва ўстановах аховы здароўя знаходзяцца 62 чалавекі. Пацыентаў на ШВЛ няма. У цэлым сітуацыя застаецца спакойнай і кантралюемай, паведаміла журналістам 27 сакавіка намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена Богдан, дадаўшы, што «сёння рыхтуюцца да выпіскі 7 чалавек».

Каранавірус. Брыфінг 27.03.2020.

Адказваючы на пытанне, што тычыцца медыцынскіх работнікаў, якія працуюць непасрэдна з пацыентамі, у каго дыягнаставаны каранавірус, Алена Богдан распавяла, што рызыка заражэння ў іх мінімальная. Усе спецыялісты экіпіяваныя ўсімі неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны.

 
Алена Богдан
Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Мы лічым, што нашы медыцынскія работнікі, якія з'яўляюцца кантактамі першага ўзроўню і працавалі з гэтымі пацыентамі, знаходзячыся ў сродках індывідуальнай абароны, мелі мінімальную рызыку інфіцыравання. Разам з тым, за імі ўстаноўлена медыцынскае назіранне, якое тычыцца трохразовай тэрмаметрыі, апытання на наяўнасць тых ці іншых клінічных праяў вострых рэспіраторных захворванняў. У выпадку, калі ў медыцынскага работніка будуць выяўленыя якія-небудзь сімптомы, не абавязкова рэспіраторнага захворвання, яго шпіталізуюць.

Каранавірус. Тэсты.

Акрамя гэтага, адзначыла намеснік міністра, усе медыцынскія спецыялісты, якія з'яўляюцца кантактамі першага ўзроўню, праходзяць тэсціраванне на 1-ы і 13-ы дзень.

Дабрачынны рахунак

Міністэрствам аховы здароўя на базе Рэспубліканскага цэнтра экстраннага рэагавання адкрыты дабрачынны рахунак. Па дадзеных на 9.00 раніцы 27 сакавіка, на рублёвым рахунку было 551 944 рублі 37 капеек, на валютным – 16 тысяч 122 еўра 47 цэнтаў.

 
Алена Богдан
Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
У міністэрстве створаная працоўная група. Яна будзе ў прамым эфіры вызначаць найбольш важныя накірункі, на якія будуць ісці гэтыя сродкі. Перш за ўсё, іх накіруюць на забеспячэнне медыцынскіх работнікаў ахоўным адзеннем, на стварэнне неабходнага запасу тэст-сістэмаў, лекавых сродкаў, калі спатрэбіцца.

Алена Богдан адзначыла, што дабрачынны рахунак быў адкрыты ў сувязі са шматлікімі зваротамі, якія ішлі ад бізнесмэнаў, рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій, прамысловых прадпрыемстваў і нават ад звычайных грамадзян, якія выказалі жаданне дапамагчы, перш за ўсё, сістэме аховы здароўя ў сітуацыі, якая склалася.

Каранавірус. Дабрачынны рахунак.

Сістэма працуе ў штатным рэжыме

У кантакт-цэнтрах, якія створаныя на базе медыцынскіх устаноў для шпіталізацыі кантактных асобаў, зараз у наяўнасці 2 тысячы 221 вольнае месца. Служба хуткай медыцынскай дапамогі працуе ў звычайным рэжыме, павелічэння выклікаў няма. Ёсць усе неабходныя запасы лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў, дадала Алена Богдан.

Нікога не прапусціць

Па словах намесніка міністра аховы здароўя – Галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Беларусі Наталлі Жукавай, усе сілы санітарна-эпідэміялагічнай службы сканцэнтраваныя на тым, каб максімальна выявіць усіх кантактных асобаў, якія могуць стаць распаўсюджвальнікамі каранавіруснай інфекцыі на тэрыторыі краіны. Працягваецца праца па кожным выпадку, выяўленым у плане пошуку, устанаўлення і ізаляцыі крыніцаў першага ўзроўню, а таксама кантролю рэжыму самаізаляцыі кантактаў другога ўзроўню.

Каранавірус. Цеплавізар.

Патлумачыла эксперт нядаўнюю Пастанову Савета Міністраў, якая тычыцца мераў па прадухіленні завозу і распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. У прыватнасці, дакументам прадугледжана, што асобы, якія прыбылі ў Беларусь з краінаў, у якіх рэгіструюцца выпадкі каранавіруснай інфекцыі, на працягу 14 каляндарных дзён з дня прыбыцця ў нашу краіну павінны знаходзіцца ў самаізаляцыі ў хатніх умовах.

 
Наталля Жукава
Намеснік міністра аховы здароўя – Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі
Мы разлічваем, што ўзровень самасвядомасці і ведаў пра сітуацыю дастатковы для таго, каб кожны грамадзянін адказна падышоў да пытанняў захавання свайго здароўя і здароўя сваіх блізкіх. Якія-небудзь меры адміністрацыйнага ўздзеяння або прыцягнення сілавых структураў для таго, каб прымусіць выконваць правілы, пакуль не разглядаюцца.

Выключэнне складаюць толькі тыя асобы, якія прыбылі з краінаў, небяспечных па каранавірусе. У дадзенай сітуацыі, паведаміла Наталля Жукава, «мы працуем ва ўзаемадзеянні з органамі ўнутраных спраў і кантралюем пытанні самаізаляцыі гэтых грамадзян».

Эксперт распавяла таксама, што Міністэрства аховы здароўя прапануе абмяжоўваць масавыя мерапрыемствы, а таксама скараціць або прыпыніць рэжым працы некаторых аб'ектаў, якія ўяўляюць спрыяльнае асяроддзе для распаўсюджвання віруса, у прыватнасці, гэта датычыцца кальянных.

Каранавірус. Стоп, кальянныя.

Нагадала Наталля Жукава і пра правілы гігіены, якія трэба выконваць няўхільна.

 
Наталля Жукава
Намеснік міністра аховы здароўя – Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі
Вы пытаецеся, якія прадметы самыя небяспечныя. Самы небяспечны прадмет – гэта нашыя рукі. І гігіену рук трэба выконваць няўхільна. Гэта адзін з самых важных момантаў, які дапаможа нам прадухіліць распаўсюджванне інфекцыі.

У цэлым, рэзюмавала Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач, меры, якія прымаюцца эпідэміёлагамі і ўрачамі, накіраваныя на выяўленне пацыентаў з прыкметамі, што не выключаюць каранавірусную інфекцыю, можна расцэньваць як эфектыўныя. Сітуацыя ў краіне развіваецца дастаткова спакойна і планамерна, захворванне атрымліваецца ўтрымліваць на ўзроўні спарадычных выпадкаў. Разам з тым, як будзе развівацца сітуацыя далей, шмат у чым залежыць ад усіх нас, упэўненая Наталля Жукава.

Кантроль і адказнасць

Каранавірус. Самаізаляцыя.

Як распавяла Наталля Жукава, тыя, хто перасякае мяжу сёння, не здаюць тэст на каранавірус. Самае галоўнае – чалавек 14 дзён у абавязковым парадку павінен знаходзіцца дома і выконваць рэжым самаізаляцыі. Калі на працягу гэтага перыяду з'явяцца сімптомы, якія не выключаюць захворванне, неабходна выклікаць урача або брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі. У гэтым выпадку праводзіцца ўвесь комплекс дыягнастычных і іншых мерапрыемстваў, якія неабходныя ў дадзеным канкрэтным выпадку.

Фота з прэс-цэнтра – Вольга Стружынская.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 37

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».