24.03.2020
24.03.2020

Міністэрства аховы здароўя: «У 22 чалавек – адмоўныя тэсты на COVID-19, 59 застаюцца пад медыцынскім кантролем»

logo
Навiны
0 99
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Па дадзеных на 23 сакавіка, у Беларусі ўжо выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі 22 пацыенты. У іх тэст на каранавірус паказаў адмоўны вынік. Яшчэ 59 знаходзяцца пад медыцынскім кантролем. З усіх пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй толькі ў аднаго стан сярэдняй цяжкасці, але ёсць станоўчая дынаміка. Эпідэміялагічная сітуацыя застаецца стабільнай і кантралюемай. Пра гэта журналістам паведаміла падчас брыфінгу намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан.

Каранавірус.Геаграфія каранавіруса

Разам з тым, спецыяліст адзначыла, што на працягу апошніх некалькіх дзён тэрыторыя выяўлення выпадкаў віруса пашырылася.

 
Алена Богдан
Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Учора (22 сакавіка - заўв. аўтара) быў выяўлены яшчэ адзін выпадак у Гомельскай вобласці. Ён дыягнаставаны таму, што ўсе цяжкія пнеўманіі мы тэстуем на наяўнасць каранавіруснай інфекцыі. Пацыентка не мае патрэбы ў аказанні інтэнсіўнай медыцынскай дапамогі або дапаможнай вентыляцыі лёгкіх. Зараз у гэтым раёне праводзяцца супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы.

Яна дадала, што выпадкі каранавіруснай інфекцыі зафіксаваныя ў Гомельскай і Гродзенскай абласцях, Мінску і Віцебску. Сярод усіх зарэгістраваных выпадкаў – 41 завазны. У агульным ліку хворых адзін замежнік, астатнія – беларусы. Сярэдні ўзрост пацыентаў – ад 15 да 49 гадоў, самым узроставым стаў 78-гадовы пацыент.

Каранавірус. Тэсты.

Усяго ў ізаляцыі знаходзяцца каля 1 тысячы 100 чалавек, прыкладна 8 тысяч 800 – пад медыцынскім назіраннем. Як адзначыла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, усе кантакты выяўляюцца ў выніку інтэнсіўнай працы і апытання пацыентаў з пацверджаным дыягназам каранавіруснай інфекцыі.

Гэта неабходна для таго, каб своечасова выявіць кантактных з хворымі асобаў. У некаторых выпадках прыцягваюцца органы ўнутраных спраў, бо не заўсёды можна атрымаць поўную і дакладную інфармацыю. Усім тым, хто прыязджае з замежных краінаў, рэкамендаваная самаізаляцыя.

 
Іна Карабан
Намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя
Памяткі выдаюцца адразу па прылёце або па прыбыцці праз санітарна-каранцінныя пункты. Усе падпісваюцца пад памяткай пра тое, што гарантуюць выкананне абавязацельстваў. У прыватнасці, не рэкамендуецца наведваць сваякоў, працу, а таксама максімальна абмежаваць свае кантакты.

Акрамя гэтага, дадала Іна Карабан, усім рэкамендаваная такая мера, як сацыяльнае дыстанцыяванне. Гэта значыць, што ў грамадскіх месцах трэба трымацца на адлегласці метр-паўтара адно ад аднаго. Гэтая мера неабходная для прадухілення распаўсюджвання віруснай інфекцыі і для пазбягання інфіцыравання навакольных.

Каранавірус. Сацыяльная дыстанцыя.

Вірусныя часціцы, патлумачыла эксперт, у кропельках сліны або слізі, якія выдзяляе чалавек пры кашлі, чханні або размове, могуць распаўсюджвацца на адлегласці 1-1,5 метра. Разам з тым, любы чалавек з прыкметамі віруснай інфекцыі павінен заставацца дома.

Забяспечанасць абсталяваннем і месцамі ў стацыянарах

Што тычыцца забяспечанасці абсталяваннем для дапаможнай вентыляцыі лёгкіх, гэты паказчык у нашай краіне складае 38 на 100 тысяч насельніцтва (апараты ШВЛ і наркозна-дыхальныя), адзначыла намеснік міністра. Для параўнання: у ЗША гэты паказчык адпавядае 18 на 100 тысяч, Італіі – 8,3, Вялікабрытаніі – 12,9 на 100 тысяч насельніцтва.

 
Алена Богдан
Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
За апошнія некалькі дзён назіраецца стабілізацыя дынамікі захворванняў на пнеўманію: цяпер у Беларусі 2 тысячы 743 выпадкі. З іх 77 – цяжкія, амаль трэць з іх – грыпозныя. Усе хворыя не былі вакцынаваныя супраць грыпу.

Як адзначыла Алена Богдан, пакуль дастаткова і ложкавага фонду. Не спыненае аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам з інфарктамі, інсультамі, вострай хірургічнай паталогіяй. На час спыненыя планавыя агляды – для таго, каб не павялічваць рызыку для пацыентаў старэйшага ўзросту (сталыя пацыенты і пацыенты з хранічнай паталогіяй з'яўляюцца найбольш частымі наведвальнікамі медустаноў).

Каранавірус. Пустыя паліклінікі.

У бліжэйшы час, дадала спецыяліст, у краіну паступяць тэст-сістэмы, якія былі распрацаваныя ў Кітаі і ўжо даказалі сваю эфектыўнасць.

Дапамога сталым

Як распавяла Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Мычко, грамадства забяспечыць дапамогу сталым людзям, бо менавіта яны з'яўляюцца самай уразлівай катэгорыяй. Паводле ацэнак экспертаў, падтрымка патрэбная 180 тысячам пенсіянераў. Валанцёры дапамогуць даставіць прадукты, сродкі гігіены, лекі, рэцэпты. Акрамя гэтага, у бліжэйшы час пачне працу псіхалагічная дапамога па тэлефоне.

 
Вольга Мычко
Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа
Вызначаныя дзве групы бенефіцыяраў. Першая – асобы сталага і старэчага ўзросту, якія маюць інваліднасць і не выходзяць з дому. Такіх прыкладна 1 тысяча 500 – 1 тысяча 600 чалавек. Другая – актыўныя і самадастатковыя сталыя людзі, якія наведвалі крамы, паліклінікі. Менавіта яны зараз у групе рызыкі, якая павінна быць максімальна сацыяльна ізаляваная. Наша задача – арганізаваць працу і забяспечыць іх жыццёва неабходнымі прадметамі гігіены, прадуктамі харчавання і лекамі на даму.

Каранавірус. Валанцёры.

Спісы валанцёраў змесцяць на сайце арганізацыі. Ім будуць выдадзеныя адпаведныя пасведчанні, а таксама вызначаныя каардынатары. Усё гэта робіцца для таго, каб пазбегнуць магчымых выпадкаў махлярства.

Акрамя гэтага, адзначыла Вольга Мычко, у бліжэйшы час пачне працу гарачая лінія псіхалагічнай дапамогі – па нумары 201. Спецыялісты лініі будуць аказваць псіхалагічную падтрымку, а таксама збіраць інфармацыю, якая дапамога яшчэ патрэбная насельніцтву.

Як падкрэсліла Вольга Мычко, Міжнародная федэрацыя Чырвонага Крыжа выдзеліць Беларусі 50 тысяч франкаў. Гэтыя сродкі пойдуць на набыццё сродкаў індывідуальнай абароны сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа і валанцёраў, бескантактавых тэрмометраў, а таксама на падтрымку псіхалагічнай службы, якая будзе працаваць кругласутачна.

Змены ў працы паліклінік

Па словах галоўнага ўрача 39-й паліклінікі г.Мінска Вольгі Есьманчык, паліклінічныя ўстановы перайшлі на іншы рэжым працы. Выдзеленыя асобныя патокі для пацыентаў з тэмпературай. Гэта ці асобны ўваход, ці кабінеты на першым паверсе. Абмежаванае планавае наведванне. Усе мерапрыемствы, якія тычацца дыспансерызацыі альбо тых ці іншых дыягнастычных даследаванняў, наведванні ўрача перанесеныя на больш позні тэрмін. Гэтая мера датычыцца і планавых шпіталізацый. У выпадку неабходнасці экстраннай дапамогі яна аказваецца неадкладна.

 
Вольга Есьманчык
Галоўны ўрач 39-й паліклінікі г.Мінска
Пацыентам сталага ўзросту або тым, хто мае хранічныя захворванні, пры прызначэнні лекавых сродкаў у дозах, якія былі падабраныя раней і забяспечваюць стабільнае цячэнне захворванняў, арганізаваная выпіска рэцэптаў на даму. Пры наяўнасці ў пацыента карты медыцынскага абслугоўвання (пластыкавай карты) рэцэпт выпісваецца ў электронным фармаце. Пры дапамозе гэтай карты лекі за поўны кошт пацыент мае права атрымаць у аптэцы. Калі пацыент адносіцца да льготнай катэгорыі, яму выпісваецца рэцэпт. І тады ўжо альбо медыцынскі персанал, альбо валанцёры прыносяць яго на дом.

У залежнасці ад эпідэміялагічнай сітуацыі кіраўнік арганізацыі мае права перагледзець гадзіны працы ўрача і медперсаналу і павялічыць час абслугоўвання на даму. Акрамя гэтага, для прыёму пацыентаў з тэмпературай прыцягваюцца вузкія спецыялісты – рэабілітолагі, неўролагі, кардыёлагі і г.д.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 99

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».