20.01.2021
20.01.2021

Мінус на плюс. Як перажыць рэзкую змену тэмпературы паветра

logo
Здароўе дарослых
0 8
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

На змену моцным маразам на пачатку тыдня да выхадных сіноптыкі прагназуюць значнае павышэнне тэмпературы паветра. Як правіла, у маладым узросце і ў таго, у каго няма хранічных паталогій, такі рэзкі скачок тэмпературнага фону практычна не адчуваецца. Праблемы са здароўем могуць з'явіцца ў сталых людзей, а таксама ў тых, хто мае ў анамнэзе хранічныя захворванні і метэаадчувальнасць. У іх можа павышацца артэрыяльны ціск, з'явіцца ламота ў суставах, галаўны боль і нават бяссонніца.

Змена надвор'я. Самаадчуванне.

Як тэмпературныя ваганні могуць адбіцца на самаадчуванні чалавека? Журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі даведалася ў галоўнага пазаштатнага герантолага Міністэрства аховы здароўя, кіраўніка Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Людмілы Жылевіч.

Хто ў групе рызыкі

У першую чаргу, пацыенты з артэрыяльнай гіпертэнзіяй, асабліва калі яна дрэнна кантралюецца. Рэзкія перапады тэмпературы паветра могуць справакаваць як нязначнае павышэнне артэрыяльнага ціску, так і гіпертанічны крыз. У людзей з ішэмічнай хваробай сэрца магчымы прыступ стэнакардыі. Спазм сасудаў можа справакаваць галаўны боль, зрабіцца прычынай дыскамфорту ў грудзях, болю ў сэрцы. У сілу ўзроставых змяненняў альбо парушэнняў, выкліканых захворваннямі, арганізм проста не паспявае своечасова адаптавацца, што і прыводзіць да падобных станаў.

Як патлумачыла Людміла Жылевіч, на працу сістэмы кровазвароту нашага арганізма аказвае ўздзеянне атмасферны ціск. Пры яго павышэнні артэрыяльны ціск падае, а частата сардэчных скарачэнняў павялічваецца. Пры паніжэнні бараметрычнага ціску артэрыяльны, наадварот, узрастае. Дарэчы, на людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі найбольш неспрыяльна ўздзейнічае рэзкае пацяпленне (пачашчаецца сэрцабіцце, могуць здарацца страты прытомнасці і прыступы сардэчнага болю).

Змена надвор'я. Дрэннае самаадчуванне - да страты прытомнасці.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Змяненне тэмпературы – гэта заўсёды стрэс для арганізма, асабліва ў сталым узросце. Таму за некалькі дзён да і пасля рэзкай змены тэмпературы лепей паберагчыся людзям з паталогіяй сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, цэнтральнай нервовай сістэмаў. У групе рызыкі таксама тыя, хто перанёс інфаркт ці інсульт, пакутуе ад бранхіяльнай астмы, хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх, посттраўматычнай хваробы галаўнога мозгу, вегетатыўнай дысфункцыі.

Рэзкая змена тэмпературнага фону дрэнна адбіваецца і на тых, хто хворы на цукровы дыябет, мае захворванні касцёва-мышачнай сістэмы, нервовыя расстройствы і гарманальныя парушэнні.

Напрыклад, пры рэзкім пахаладанні ў сталых людзей з рэўматызмам, астэапарозам, рэўматоідным артрытам пачынае «выкручваць» косці і суставы, можа з'явіцца ныючы боль у месцах старых пераломаў і траўмаў.

Змена надвор'я. Ломіць суставы.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Нярэдка ад сталых людзей, асабліва схільных да захворванняў касцёва-мышачнай сістэмы, можна пачуць, што хутка надвор'е зменіцца. Маўляў, «косці ломіць». Так іх арганізм сігналізуе пра змену тэмпературнага фону і атмасфернага ціску.

Людзі з праблемамі са шчытападобнай залозай пачынаюць пастаянна мерзнуць. Рэзкая змена надвор'я аказвае ўплыў і на нервовую сістэму. Можа з'явіцца дрымотнасць ці, наадварот, бяссонніца, а таксама пачуццё неспакою, хаця бачных прычынаў для гэтага няма.

Што рабіць?

Пры сардэчна-сасудзістай паталогіі, асабліва артэрыяльнай гіпертэнзіі, падчас рэзкай змены тэмпературнага фону варта кантраляваць артэрыяльны ціск, абавязкова прымаць прапісаныя ўрачом лекі.

Змена надвор'я. Прымаць прапісаныя ўрачом лекі.

Калі вы ведаеце, што дрэнна рэагуеце на змену тэмпературы паветра і змену надвор'я, старайцеся прытрымлівацца наступных правілаў.

  1. Паўнавартасна адпачывайце і высыпайцеся. Абавязкова праветрывайце памяшканне.
  2. Не забывайцеся на фізічную актыўнасць. Яна ўмацоўвае імунітэт, разганяе метабалізм, нармалізуе кровазварот (напрыклад, часцей хадзіце пешшу), пазітыўна ўплывае на настрой.
  3. Паўнавартасна харчуйцеся. Не варта налягаць на «цяжкую ежу» (мясныя стравы, моцны чай ці каву, бабы, гарох). Аддавайце перавагу стравам з гародніны і рыбы, спажывайце зеляніну.
  4. Кантралюйце свае захворванні (рэгулярна вымярайце артэрыяльны ціск, частату пульса і яго рытмічнасць, узровень глюкозы ў крыві і г.д.).
  5. Выконвайце ўсе рэкамендацыі ўрача, не адмяняйце і не дадавайце самастойна лекавыя сродкі, не змяняйце іх дазіроўку без парады ўрача.
 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Калі трэба выйсці на вуліцу, напрыклад, з цёплага памяшкання на холад, не рабіце гэта рэзка. Пастойце ў тамбуры пад'езда, адаптуйцеся і толькі потым выходзьце на марознае паветра. Не забывайцеся пра кій альбо іншую апору для перамяшчэння. Пры рэзкім пацяпленні альбо пахаладанні высокая верагоднасць з'яўлення галалёдзіцы, а значыць, высокая рызыка падзенняў і галалёдных траўмаў. Не рызыкуйце, перасядзіце дома альбо папрасіце сваякоў, суседзяў схадзіць па прадукты ці неабходныя лекі.

Змена надвор'я. Дрэннае самаадчуванне. Сталым папрасіць суседзяў схадзіць па прадукты.

Акрамя таго, адзначыла спецыяліст, вельмі важна, каб, апроч асноўнай тэрапіі, заўсёды ў запасе былі таблеткі, якія адносяцца да «хуткай дапамогі». Напрыклад, для гіпертонікаў – гіпатэнзіўныя лекавыя сродкі (каптапрыл), для астматыкаў – прэпараты, якімі купіруецца прыступ (інгалятар), для хворых са стэнакардыяй – нітрагліцэрын, для людзей з хваробамі апорна-рухальнай сістэмы – абязбольвальныя таблеткі, супрацьзапаленчая мазь.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 8

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама