20.10.2019
20.10.2019

«Міхал лічыў Нясвіж Парыжам», альбо Гайда ў горад, куды хочацца вяртацца!

logo
Думкі ўслых
328 0168
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Што можа быць лепей за вандроўку ў чароўны, непаўторны, незабыўны, таямнічы і загадкавы беларускі Нясвіж?! Толькі вандроўка залатой восенню ў пару бабінага лета разам з калектывам! У гэтым на ўласным прыкладзе ўпэўніліся супрацоўнікі газеты «Медыцынскі веснік» ды інфармацыйнага парталу 24health.by (Здаровыя людзі).

І як жа ўсё цудоўна склалася! Камфартабельны мікрааўтобус з вельмі акуратным і прафесійным вадзіцелем (бялюткі-бялюткі – прама лайнер! :)), адсутнасць затрымак падчас культурнай праграмы (дзякуй нашай актыўнай і адказнай каляжанцы Аксане Жураўлёвай), дружная кампанія, выдатныя экскурсаводы ў Нясвіжскім палацы і ратушы (ну што тут скажаш? Пашанцавала!).

І, вядома ж, нам спрыяла надвор’е! Калі яшчэ толькі планавалі вандроўку, тады нават паняцця не мелі, якое сапраўды багатае і шчодрае бабіна лета нас чакае ў кастрычніку. І вось яно – прыйшло ў сваім залатым убранні, з цёплымі сонечнымі промнямі, ласкавым ветрыкам… І так шчодра нас адарыла! 🙂

Вы былі ў Нясвіжы? Не?! Ды вы жартуеце! Тэрмінова туды! Кажу шчыра і без усялякіх жартаў. Сама была толькі за месяц да гэтай вандроўкі. І паехала з задавальненнем. І яшчэ ў 11-ы раз паеду, калі толькі ўсё складзецца ўдала.

Бо гэта ж НЯСВІЖ! Для тых, хто там быў, спадзяюся, тлумачэнняў не патрабуецца. І хочацца верыць, што вам гэтак жа пашанцавала на надвор’е, выдатных экскурсаводаў і прыемную кампанію.

Але нават калі хтосьці не быў у Нясвіжы, дык хоць штосьці чытаў пра яго, знаёміўся са шматлікімі прыгожымі легендамі і паданнямі, бачыў аднаўленне палацава-паркавага комплексу па тэлевізары ці з дапамогай сеціва, чуў па радыё альбо ведае пра яго па расповедзе сяброў-знаёмых.

Асабіста я была ў Нясвіжы ў розныя часы. На пачатку 1990-х, калі яшчэ не было аднаўлення палацу. Там размяшчаўся санаторый, куды мы хадзілі на танцы. На пачатку аднаўлення, праз некаторы час пасля яго… Застаецца толькі захапляцца тым, што з дапамогай дзяржавы атрымалася ўзнавіць.

Пра Нясвіжскі палац нават не хочацца казаць, што ён велічны! Велічны – гэта значыць халодны, недасяжны… А ён настолькі цёплы, якісьці блізкі… Глядзіш – і нагледзецца не можаш!

… Вось гэтак і мы. Спачатку захоплена ўзіраліся ў яго здалёк, затым зблізку. І –  крочачы ўслед за экскурсаводам з пакоя ў пакой, з залы ў залу.

І як, скажыце мне, застацца абыякавым, бачачы ўсе гэтыя партрэты, з якіх загадкава пазіраюць на нас колішнія шматлікія гаспадары палаца – вяльможныя пані і паненкі з роду Радзівілаў ды іх абраннікі-абранніцы?! Быццам спрабуюць адгадаць, што за людзі з такім здзіўленнем азіраюцца вакол.

Як захоплена не ахкаць у залатой зале?! І з пэўным страхам (але ж цікава – за вушы не адцягнуць!!!) зазіраць у люстэркі, дзе загадкавым чынам адлюстроўваецца тунэль, з якога, хутчэй за ўсё, і з’яўляецца прывід Чорнай Панны Нясвіжа – Барбары Радзівіл?!

І няхай яе асоба і нават факт смерці абраслі таямнічымі легендамі, і мы не ведаем, дзе праўда, а дзе – мана… Але як жа не захапіцца самой асобай гэтай велічнай жанчыны, каралевы?!

На пачатку 1990-х я не бачыла гэтых люстэркаў з тунэлем, але напісалася тады… Паэма-не паэма – доўгі верш. Які праз пэўны час аказаўся страчаным. І толькі некалькі радкоў прыгадваецца:

Гадзіннік б’е, Нясвіж адпачывае.

Цікаўны месяц свой забыўся сон:

Чароўную жанчыну бачыць ён

І светлую сцяжынку пракладае…

Ды яшчэ вось гэта:

Глядзіцца ў люстра,

Хоча твар убачыць –

Ды люстра свой адбітак не дае:

На вечнае блуканне і пакуты

Асуджана Барбара ў даўніне…

Кожны вылучаў у захапляльным аповедзе экскурсавода штосьці цікавае менавіта для сябе. Як і ў шматлікіх залах-пакоях. Мужчыны, зразумела ж, цікавіліся зброяй.

Дзяўчаты і жанчыны прыхарошваліся перад люстэркамі ды разглядалі незвычайную столь над галавой, панскія пакоі…

І ўсё гэта занатавалася (так і хочацца напісаць – для нашчадкаў :)) у шматлікіх фотаздымках. І не толькі на асабістыя тэлефоны, але і на прафесійны фотаапарат нашага фотакарэспандэнта Віталя Гіля.

Дзякуй, Віталь, за цудоўныя здымкі! Хоць у друк, хоць для уласнага карыстання – проста супер! Ну, а для мяне шэдэўральным і атмасфЭрным (па дакладным выразе нашай каляжанкі Таццяны Арант! :)) стаўся вось гэты здымак – з люстэркам, намі і тунэлем у ім.

А яшчэ вельмі прыемна, што наш фотакарэспандэнт нікому не адмаўляў у індывідуальных здымках! Чым, уласна кажучы, мы і карысталіся! 🙂 Між іншым, вось гэтае рамантычнае фота Анжалікі Саўчанкі вартае ўпрыгожыць палосы многіх рэспубліканскіх газет ці вокладкі часопісаў!

А фота Аксаны Жураўлёвай і Святланы Стахоўскай – стаць рэкламнымі здымкамі нашага партала!

Дарэчы, з майкамі дзяўчат звязаны і смешны выпадак у рэстаране. Калі яго супрацоўнік прапаноўваў набыць чаркі «Карамбамбулі», за сталом прагучала: «Не, дзякуй! Гэта ж «Здаровыя людзі»!» І хлопец, зірнуўшы на майкі, нават не здолеў нічога адказаць! 🙂 Затое пасля вызначыўся ў імправізаванай «падтанцоўцы». Дружна рагаталі ўсе!

Але што ж проста так распавядаць, нават з дапамогай фотаздымкаў, пра тое, што трэба бачыць на свае вочы?! Так што гайда, сябры, у горад мараў, куды хочацца вяртацца зноў і зноў!

…Ну, а мы бадзёрым крокам пераходзім у гарадскую ратушу, дзе нас чакае яшчэ адзін экскурсавод з не менш захапляльнымі аповедамі. Вельмі цікава даведацца, як жа ў старажытнасці ў Нясвіжы «разрульвалі» (як мы цяпер папросту кажам) здарэнні, прэтэнзіі адно да аднаго, грамадзянскія справы…

Якімі грашыма карысталіся, як каралі фальшываманетчыкаў… І як жа спрыяюць уяўленню пра тыя часы фігуры вяршыцеляў лёсу, змешчаныя ў залах ратушы! Да аднаго з іх «на паклон» прыйшла і наша каляжанка Святлана Хорсун. 🙂

Інфармацыі падчас дзвюх экскурсій мы атрымалі столькі, што яшчэ, мабыць, некалькі дзён будзем яе ўкладваць у галаве стройнымі радамі і абмяркоўваць усё ўбачанае і пачутае.

А наперадзе нас чакаў заказаны зараней абед у прасторнай і ўтульнай зале рэстарана за вялізнымі круглымі сталамі… Каб вы бачылі тыя порцыі грэчкі, якія мы атрымалі!!! Ды там талеркі не тое што на дваіх – на траіх хапіла б! 🙂

І паколькі час яшчэ заставаўся… Вядома ж, наперад! У сэнсе, у нас атрымалася – назад. У паркі, да сажалак! Якое ж там хараство! Размеценыя толькі сцежкі, а так – мора апалага лісця, што так прыемна шамаціць пад нагамі. І яго так весела падкідваць!

Абавязковы пункт у праграме – наведаць русалку, сабачку, анёлаў, Чорную Панну Нясвіжа – Барбару Радзівіл…

Прайсціся па алеі з бюстамі выбітных людзей Нясвіжа. А гэта, на хвілінку, не толькі яго ўладальнікі. Тут і архітэктар Ян Марыя Бернардоні, і Якуб Колас, і Уладзіслаў Сыракомля… Вітаешся з імі ўжо як з добрымі сябрамі. Але на некаторых уладальнікаў Нясвіжа пазіраеш усё ж доляй страху – дужа сур’ёзныя і грозныя яны на выгляд.

… На зваротнай дарозе да мікрааўтобуса наперабой прыгадваем легенды і паданні, чутыя і прачытаныя раней. І пра дарогу з солі, па якой улетку Радзівілы і іх госці каталіся на санях, і пра «гарбатую» труну, і пра гісторыю Марысі, у гонар якой быў названы парк…

Спадарожна захапляемся рэстаўрацыяй касцёла Божага Цела. Фантастыка проста! Калі была тут за месяц да гэтага, на сцяне ледзь-ледзь праглядаліся абрысы роспісу. А зараз такая прыгажосць! І адразу ж зацікавіла: гэта сучаснае, так бы мовіць, «прачытанне» ці даўней касцёл сапраўды меў такі выгляд?! Я толькі памятаю аднекуль, што Нясвіжскі касцёл, хутчэй за ўсё, быў першым на Беларусі, чые фасады атынкавалі і пабялілі.

Хм… Цікава… І куды ж сплыў гэты ў літаральным сэнсе залаты дзень?! Яшчэ, здаецца, не нагуляліся, не наразглядаліся, не нафатаграфаваліся, а ўжо час ехаць дахаты. І ўсё ж дзякуй гэтаму дню за тое, што ён быў і застаўся – у памяці ды фота!

«Да пабачэння, Нясвіж!» – дружна ў думках сказалі мы чароўнаму гораду. З надзеяй на вяртанне.

Я даўно хацела пабываць у восеньскім Нясвіжы, пагуляць па алеях, пашамацець апалым лісцем. А цяпер і новая мара з’явілася – завітаць сюды ўзімку. І каб абавязкова шмат снегу было! І марозік лёгкі. І каб блакітны іскрысты снег рыпеў пад нагамі. Чакай, Нясвіж! Я абавязкова прыеду да цябе на чарговае спатканне…

А ўсім, хто спрычыніўся да арганізацыі гэтай вандроўкі, наша шчырая падзяка!

Фота – Віталь Гіль.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

328 0 168

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.