18.04.2021
18.04.2021

Улюбёныя ў мінулае. Сёння – Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў

logo
Думкі ўслых
0 324
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Бадай, не знойдзецца такога куточка Беларусі – горада, пасёлка, вёскі, дзе б не было хаця б аднаго помніка, памятнай мясціны, гістарычнай пабудовы. Апошнія дзесьці старажытныя, а дзесьці – не вельмі, разбураныя і не адноўленыя альбо рэстаўраваныя. А помнікі такія розныя – з каменя, з дрэва, з мармуру... І ў многіх з іх жыве мінуўшчына, старажытнасць, сівая даўніна і… людская памяць.

Сёння самы час успомніць пра гэта, бо 18 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў.

Помнікі і гістарычныя мясціны. Сядзіба Агінскіх.

Мне пашчасціла пабываць у розных месцах – у Беларусі і за яе межамі. Але сёння няхай размова ідзе толькі пра свае мясціны і помнікі.  Велічныя і сусветна вядомыя альбо маленькія, каштоўныя толькі для жыхароў населенага пункта. Гэта не мае значэння. Галоўнае – шанаваць тых, каму пастаўленыя помнікі, памятаць пра гістарычныя альбо іншыя падзеі, якія адбываліся ў пэўных мясцінах.

Даволі складана стварыць уласныя топ-10 і нават топ-5. Але я паспрабую. У надзеі, шаноўныя сябры, што вы распавядзеце пра свае. А зрабіць гэта можна ў каментах адной з нашых супольнасцяў – у Фэйсбуку, УКантакце, альбо далучыўшыся да нас у Вайберы (супольнасць «Слушна»). Буду чакаць! 🙂

А зараз – мой топ-5. На дзесяць пакуль не размахнуся. Паехалі! 🙂

Помнікі і гістраычныя мясціны. Нясвіж.

  1. Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс + касцёл.

Завітаўшы туды ўпершыню напачатку 1990-х, яшчэ задоўга да рэстаўрацыі і пажару (!), вельмі ўразілася і захапілася. Магчыма, у мінулым жыцці я там жыла? Інакш чаму мяне туды цягне з неадольнай сілай?! У любую пару года. На любую колькасць дзён…

Пахадзіць па цудоўных парках, падысці павітацца да помніка сабаку, адшукаць у практычна поўнай цяпер заросласці мармуровых ільвоў… Палюбавацца на сістэму сажалак, а калі пашанцуе, дык і на сямейства лебедзяў…

Там я магу гуляць бясконца, і мне ніколі не надакучыць! У дождж пад парасонам, захінаючыся ад пранізлівага ветру, пад пякельным сонцам… Назіраючы за паркамі зялёнымі і ў залацістым убранні…

Шкада, што пакуль не ажыццявілася мара прагуляцца там па першым снезе. І ўвогуле – па снезе. Не рызыкнула дабірацца на такой колькасці транспарту ад Чэрвеня да Нясвіжа падчас пандэміі каранавіруса. Так што гэтая вандроўка, я веру, у мяне яшчэ наперадзе.

Помнікі і гістарычныя мясціны. Мір.

  1. Замкава-паркавы комплекс «Мір», Мірскі замак, як падае назоў Вікіпедыя.

Называю яго, бо блізкі па сваёй старажытнасці, загадкавасці, легендах і нават тэрытарыяльна да любімага Нясвіжа.

Хаця ў Міры я была нашмат меней разоў. Па многіх прычынах. Да гэтага часу прыгадваю нашу вялікую аўтобусную экскурсію з Чэрвеня ў Мір – таксама яшчэ да рэстараўцыі замка.

А ведаеце, чым найбольш яна запомнілася?! Болем у нагах! 🙂 Настолькі, што па ўласным жаданні я больш ніколі не буду караскацца на верхні ўзровень, а тым больш – спускацца адтуль. Настолькі заціснула мышцы над каленямі, што я яшчэ тыдні два па вяртанні хадзіла па ўласным горадзе з плачам і енкам, асабліва – па лесвіцах. Цяпер-то смешна, а тады…

А калі сур’ёзна, мне вельмі падабаецца тая таямнічая атмасфера, якая пануе ў замку, ва ўнутраным дворыку… Падабаецца разглядаць сцены велічнага гістарычнага будынка зблізку і здалёк. А які ён фантастычны ўвечары, у мудрагелістым асвятленні! Мне падабаецца гуляць вакол, а таксама ля вады, на другім беразе сажалкі, адкуль атрымліваюцца проста фантастычныя фотаздымкі.

Канстанцін Петрыман і яго батлейка.

А яшчэ ў мяне там ёсць цудоўны экскурсавод і добры сябар па жыцці – Канстанцін Петрыман. Памятаеце, я пісала ўжо пра яго, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, і батлейку, якой ён – не кіруе, не! Жыве!!! І батлейка – гэта таксама цуд з цудаў усяго Міра!

Дык вось мне пашанцавала займець персанальную экскурсію ў ваколіцах замка. Незабыўныя ўражанні!

Помнікі і гістарычныя мясціны. Троіцкі касцёл у Гервятах.

  1. Вёска Гервяты, што на Гродзеншчыне, і тамтэйшы Троіцкі касцёл.

«АХ!!!! Высокім шпілем – у самае сэрца!» – напісала я, пабыўшы там падчас сямейнай аўтамабільнай вандроўкі, на якую запрасіла колісь сям’я брата.

Так, па добраўпарадкаванні тэрыторыі адразу ж прыгадаўся Мосар. Але касцёл!!! Я ўжо распавядала, як мне падабаюцца касцёлы. І трапіўшы ўнутр Троіцкага… «Як жа хораша і ўзрушліва пачуваешся, ажно да слёз! Аа-а-а-а-а-а, пакіньце мяне тут!!!!!!» – мае думкі на той момант.

Карацей, слоў не хапае, каб апісаць тое хараство. Вельмі раю пабачыць на свае вочы… Калі  нас выпусціць нарэшце са сваіх хцівых лапаў каранавірус. Альбо калі ёсць магчымасць паехаць на аўласным аўто, тады ў любы момант.

Помнікі і гістарычныя мясціны. Строчыцы.

  1. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту «Строчыцы» (в. Азярцо).

Цудоўныя мясціны, якія знаходзяцца непадалёк ад Мінска. Музей пад адкрытым небам (музей-скансэн).

На сайце музея знаходзіцца вось такая інфармацыя: «На працягу 1987-1994 гадоў для наведвальнікаў былі адчынены тры навукова-экспазіцыйных сектары: «Цэнтральная Беларусь» і часткова сфарміраваныя «Паазер'е» і «Падняпроўе». Сёння ў склад экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ўваходзяць каля 40 аб'ектаў, частка якіх знаходзіцца ў стадыі рэстаўрацыі».

Таксама была там не аднойчы і ў розныя поры года. І гуляць там можна до-о-о-о-ооўга, бо тых самых пабудоў – вясковых хатаў сем’яў рознага дастатку з узноўленымі інтэр’ерамі, гаспадарчых з рэчамі і прыладамі, ды іншых вельмі шмат.

І гэта толькі здаецца, што вясковымі хатамі нас не здзівіш! Завітайце! Здзівіцеся абавязкова! І ландшафты там цудоўныя. А мне пасля першай вандроўкі асабліва спадабаўся «Святлапісны кабінет» – рэканструкцыя ўнікальнага фотасалону сярэдзіны 19 стагоддзя. А спадабаўся таму, што сапраўдным у Мінску валодалі… Эмерык і Жазэфіна Адамовічы! 🙂

І, вядома ж, не магу не згадаць свой Чэрвеньскі раён (колішні Ігуменскі павет). Мясцінаў гістарычных тут хапае. Але няхай гэта будзе…

Помнікі і гістарычныя мясціны. Раваніцкі палац Слатвінскіх.

5. Раваніцкі палацава-паркавы комплекс паноў Слатвінскіх + касцёл Святога Антонія. У сэнсе, тое, што ад іх засталося…

А чаму менавіта яны? Ды калісьці мне сон дзівосны прысніўся. Што стаю я ў тамтэйшым касцёле, у старажытнай сукенцы, на службе. А касцёл зусім цэлы, з дахам, сценамі і ўнутраным начыннем. Хто я? Чаму я там? Невядома. Але, магчыма, і там калісьці жыла – у мінулым жыцці…

Калі яшчэ працавала ў чэрвеньскай раёнцы, у Раванічах бывала нярэдка. І заўсёды радавалася, калі шлях праходзіў міма гістарычных будынкаў. Разбураных, але ўсё роўна велічных.

Апошні раз была там з мэтай напісаць пра маршруты па экалагічных сцежках сучаснай Чэрвеньшчыны-старажытнай Ігуменшчыны, якія распрацаваў Чэрвеньскі лясгас з дапамогай Інстытута лесу НАН Беларусі.

Вось тады атрымалася падабрацца блізка і да палаца, і да касцёла, добра іх пафатаграфаваць і ў літаральным сэнсе дакрануцца да гісторыі, прыклаўшы руку да старажытных сценаў…

Гэта ўсяго толькі топ-5 гістарычных мясцінаў і збольшага – уражанні пра іх. Калі ж працягваць… Баюся, і топ-10 будзе малавата. 🙂 Са святам усіх аматараў сівой даўніны!

Фота з архіва аўтара

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 324

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".