23.08.2020
23.08.2020

Млынар, мука… Бісквіт! :)

logo
Думкі ўслых
0 80
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Цікавыя ўсё ж супадзенні надараюцца… А можа, так спецыяльна было задумана ці зроблена…

У беларускім народным календары 23 жніўня – Лаўрэн, свята млынара: «На Лаўрына сьпяшайся да млына». А ў іншых – Сусветны дзень бісквіта, альбо Дзень бісквіта. Млынар, мука… І вось – бісквіт!

Сусветны дзень бісквіта

Млынар. Свята млынара. Старажытны млын.

Эх, усё ж нікуды не дзенешся ад рэцэпта, які толькі згадвала ў аповедзе пра Яблычны Спас… Падзялюся, вядома ж, але трохі пазней. Толькі дамаўляемся! Калі хтосьці лічыць, што гэта не бісквіт, не сапраўдны бісквіт, зусім не бісквіт і г.д… Той не чытае… А калі хтосьці пячэ па такім жа рэцэпце… Сябры! 🙂

А вось вельмі цікава ў наш час пабываць на млыне, нават калі гэта проста, так бы мовіць, музейная пабудова. Вы былі? Я дык – не раз. І штосьці ёсць у тых драўляных будынках заваблівае… Таямніца якаясьці, подых гісторыі… Я ўсё гэта там так выразна адчувала!

Вядома ж, цікава было б пабываць на старажытных млынах, якія працуюць… Ветраным і вадзяным… Паслухаць, як рыпяць цяжкія жорны… Паназіраць, як тонкім альбо шырокім струменем сыплецца мука… Во дзе сіла трэба была млынару! І здароўе, вядома ж… А вы б пайшлі ў млынары?! 🙂

Але-але… Толькі падчас леташняга падарожжа ў Гервяты мы задумліва пастаялі на мосце ды паназіралі за вадаспадзікам, які яшчэ ў мінулым стагоддзі круціў там якраз-такі жорны вадзянога млына…

Млынар. Свята млынара. Вадзяны млын у Гервятах.

Будынак, які захаваўся дагэтуль, пабудаваны ў 1914-ым годзе. Кажуць, што мясцовыя старажылы даўней маглі распавесці пра свой вадзяны млын у падрабязнасцях. І тое, што пабудаваў яго мясцовы пан Дамейка. І што мелася ў ім сучаснае абсталяванне, якое палягчала ручную працу. І нават самага тонкага памолу атрымлівалі муку! Уяўляеце, якія смачныя з яе пякліся бісквіты?! 🙂

Магчыма, і іх прапануюць наведвальнікам кавярні, якая размешчаная зараз у старажытным будынку. Шкада, што мы не мелі часу туды зазірнуць. Дарога клікала. І так цемначы вярталіся здалёк дадому… Ды яшчэ незапланавана завіталі ў Крэва, бо дужа хацелася зноўку там пабываць… Рэспект брату, які быў за рулём!

Але ж да бісквіту… Альбо, як даўней казалі, бісквітаў… Ці ведаеце вы, што іх гісторыя пачынаецца ў Англіі? І што тады гэта былі так званыя карабельныя бісквіты альбо марскія сухары, якія фактычна нічога не мелі агульнага з бісквітам сучасным. Не, мусіць, мелі ўсё ж – адмысловы смак… Бо недарэмна ж у свой час у Англіі вырашылі, што бісквіты дастойныя таго, каб з’явіцца на каралеўскім стале…

Што было вызначальным для іх на той час? Паколькі ў рэцэпце не мелася сметанковага масла, карабельныя бісквіты доўга не псаваліся. Да таго ж, іх яшчэ падсушвалі. І нават пры доўгім захоўванні (а плаванне магло доўжыцца месяцамі) на іх не з’яўлялася плесня. А яшчэ яны былі наяднымі і не займалі шмат месца.

Ну, а пазней бісквіты ператварыліся ў вельмі смачныя і пяшчотныя торты ды пірожныя, якімі і мы іх ужо ведаем і любім!

Зрэшты, у кожнага віду цеста – бісквітнага, пясочнага, дражджавога і г.д. – ёсць свае аматары і тыя, хто не есць адно ці другое ні пры якіх абставінах. На маё шчасце, я люблю рознае цеста, але перавагу аддаю сапраўды бісквітнаму.

Рэцэпт бісквіта

Як заўважала ўжо раней, рэцэпту, з якім са мной яшчэ на пачатку 1990-х падзялілася адна сваячка, ужо шмат гадоў. А відазмяняючы начынне і праслойку, мы ад бісквіту не стамляемся ніколі!

Рэцэпт прыводжу, ужо напалам падзелены. Бо калі пячы бісквіт на 6 яек… Атрымаецца дужа вялікім.

Млынар. Свята млынара. Цеста для бісквіта.

Інгрэдыенты:

  • 3 яйкі
  • ½ шклянкі цукру (вар’іруецца – у залежнасці ад густу)
  • 1 шклянка мукі
  • 1 пакецік ваніліну
  • ¾ ст.л. разрыхляльніка для цеста (мой уласны дадатак у апошнія гады, у класічным рэцэпце не было)

Прыгатаванне:

  1. Бялкі аддзяляем ад жаўткоў.
  2. Любым зручным спосабам (у мяне яшчэ старэнькі, але любімы міксер) узбіваем бялкі ў моцную пену.
  3. Дадаем цукар, узбіваем.
  4. Дадаем жаўткі, узбіваем яшчэ раз.
  5. Прасейваем (абавязкова!) муку разам з ванілінам і разрыхляльнікам, дадаем да узбітых з цукрам яек.
  6. Дбайна вымешваем і даем пастаяць 10-15 хвілін.
  7. Далей ужо са змазваннем-пасыпаннем-засціланнем формы (альбо з прапусканнем якіх элементаў) разбіраемся самастойна – як вы прывыклі.
  8. Выпякаем пры тэмпературы 180° прыкладна 30-40 хвілін. Але, вядома ж, кантралюем працэс.

А затым... Можна есці проста бісквіт. Можна разрэзаць яго напалам і змазаць сметанковым крэмам (смятана, узбітая з цукрам, прапорцыі адвольныя) унутры і зверху. І туды, і туды дадаць парэзаны кружочкамі банан. Зверху пасыпаць шакаладам (надзерці шакаладныя цукеркі ці кавалачкі шакаладу на тарцы альбо выкарыстаць для ўпрыгажэння какаву). Калі задумалі шарлотку, на дно формы спачатку ўкладваем парэзаныя долькамі яблыкі (лепей скурку зрэзаць), а тады заліваем цестам.

Варыянтаў – мора! Проста прастора для фантазіі. Галоўнае, што аснова ўсяму – ён, бісквіт. Таму так і хочацца сёння выгукнуць: «Віват, бісквіт!» І – «Смачна есці!» А напрыканцы – традыцыйнае! 🙂 Ці любіце вы бісквіт так, як люблю яго я?!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 80

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".