17.10.2020
17.10.2020

«Многія не здагадваюцца, што ў іх алексітымія». Хто гэта і ў чым праблема? (+тэст)

logo
Здароўе дарослых
0 141
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Такія наведвальнікі – не рэдкасць у тэрапеўтаў: яны скардзяцца на недамаганні, боль, шукаюць унутраную хваробу, але абследаванні не выяўляюць ніякай паталогіі. Гэта можа быць праявай эмацыянальнага расстройства – алексітыміі.

Псіхатэрапеўт, асістэнт кафедры псіхіятрыі і медыцынскай псіхалогіі БДМУ, сябра Беларускай псіхіятрычнай асацыяцыі Таццяна Раманоўская распавяла, што гэта такое і як з гэтым працаваць.

Алексітымія (з грэчаскага «без слоў для пачуццяў») – гэта складанасць ва ўспрыманні і выказванні ўласных эмоцый і цяжкасці ў разуменні пачуццяў іншых. Калі казаць больш папулярнай мовай, гэта праблемы з эмацыянальным інтэлектам. На прыёме ва ўрача Таццяны Раманаўскай пацыенты з сімптомамі алексітыміі – не рэдкасць. І «вылічыць» іх нескладана.

Таццяна Раманоўская.

– Перш за ўсё такіх пацыентаў выдае гаворка, – кажа ўрач. – У ёй мала апісваюцца пачуцці, больш канкрэтныя працэсы работы мозгу: «я бачу», «я думаю». Тыповая фраза: «Мне дрэнна, чаму – не ведаю, напэўна, прастудзіўся». Таксама яны цяжка вызначаюць уласныя эмоцыі і пачуцці. Абмежаваная міміка і жэстыкуляцыя. Бываюць цяжкасці ў фантазіраванні. Увага засяроджаная на знешнім свеце, а не на ўнутраных перажываннях.

Як развіваецца алексітымія

Тэорый, чаму і як узнікае алексітымія, шмат. Біялагічная і гендэрная тэорыя кажуць пра функцыянальную перавагу левага «рацыянальнага» паўшар'я над правым. Кагнітыўна-паводніцкая тэорыя тлумачыць алексітымію асаблівасцямі выхавання: да прыкладу, хлопчыкаў выхоўваюць з меншай увагай да пачуццяў, навязваюць ім стэрэатыпы «мужчынскіх паводзінаў».

– У сваёй практыцы я часцей за ўсё назіраю сямейную гісторыю: пацыенты выраслі ў сем'ях, дзе эмоцыі дзіцяці і аднаго з бацькоў былі не дужа важнымі. Часта бацькі не ўмеюць растлумачыць дзецям, якія эмоцыі яны адчуваюць і якімі спосабамі іх можна выказваць, дзеляць іх на негатыўныя і пазітыўныя. Насамрэч няма дрэнных і добрых эмоцый, яны ўсё функцыянальныя і звязаныя з суб'ектыўнай ацэнкай рэальнасці, – тлумачыць псіхатэрапеўт.

Чым небяспечная алексітымія

Галоўная небяспека алексітыміі ў тым, што чалавек яе не ўсведамляе. Падобныя пацыенты звяртаюцца да спецыялістаў з трыма асноўнымі праблемамі, удакладняе эксперт:

– Першая праблема – псіхасаматыка. Чалавек скардзіцца на галаўны боль, артэрыяльную гіпертэнзію, праблемы з СКТ, хаця па выніках аналізаў і даследаванняў паталогій няма. Справа ў тым, што ўсе эмоцыі маюць цялеснае выяўленне. Калі мы іх адчуваем, наша цела аўтаматычна выдае мышачны малюнак эмоцыі. Менавіта таму, гледзячы на чалавека, мы можам сказаць, што ён злуецца, радуецца ці сумуе. Але часта ў соцыуме мы не можам праяўляць свае эмоцыі: злосць не падтрымліваецца, сум лічыцца недарэчным. Спрабуючы справіцца з эмоцыямі, мы выкарыстоўваем розныя спосабы псіхалагічнай абароны, у выпадку з алексітыміяй – гэта падаўленне, што прыводзіць да пастаяннай напругі і ў выніку – да розных псіхасаматычных рэакцый.

Самыя распаўсюджаныя псіхасаматычныя растройствы ад алексітыміі: язвавая хвароба дванаццаціперснай кішкі; язвавы каліт; нейрадэрміт; бранхіяльная астма; артэрыяльная гіпертэнзія; гіперфункцыі шчытападобнай залозы; рэўматоідны артрыт, аліментарнае атлусценне.

Другая праблема – пабудова адносінаў... з самім сабой.

– На прыёме чалавек кажа: «Я не ведаю, чаго хачу, хто я, мне цяжка зрабіць выбар, прыняць рашэнне». Гэта вытлумачальна. Наша цела вельмі выразна паказвае, які выбар для нас жаданы – мы можам адчуваць правільнасць нашых дзеянняў. Людзі, у якіх парушаны кантакт з целам і эмоцыямі, спрабуюць абапірацца толькі на лагічныя выкладкі. Таму ім і складана прымаць рашэнні, зразумець свае сапраўдныя патрэбы.

Трэцяя праблема – адносіны з іншымі людзьмі, у прыватнасці, сямейныя канфлікты. Часта муж і жонка не ў стане выказаць свае рэальныя патрэбы зразумелым спосабам. Напрыклад, за прэтэнзіямі пра нямыты посуд можа хавацца жаданне звярнуць на сябе ўвагу, атрымаць падтрымку.

Сумнае і небяспечнае следства алексітыміі – захапленне алкаголем, наркотыкамі, кампульсіўнае пераяданне. Калі чалавеку дрэнна і ён не разумее – чаму, яму цяжка знайсці адэкватны спосаб палегчыць свой стан.

Як дапамагае псіхатэрапеўт

Таблетак, якія б маглі дапамагчы чалавеку распазнаваць свае эмоцыі і ўмець працаваць з імі, няма. Таму псіхатэрапія – адзіны спосаб, кажа эксперт.

– Асноўная мэта тэрапіі – дапамагчы чалавеку наладзіць кантакт са сваімі эмоцыямі, прайсці стадыю, прапушчаную ў дзяцінстве. Наступны этап – нармалізацыя пачуццяў і эмоцый. Многія людзі лічаць некаторыя пачуцці ненармальнымі. Напрыклад, часта адмаўляецца зайздрасць, хаця, па сутнасці, гэта пачуццё якраз-такі адкрывае нашы сапраўдныя патрэбы (чаго мы хочам насамрэч). Усе эмоцыі і пачуцці нармальныя. Нармальна злавацца на дзіця, нармальна адчуваць агіду да рэчаў, якія шмат у каго выклікаюць, да прыкладу, спагаду. Пытанне, як гэта праяўляць. Таму наступная задача псіхатэрапеўта – навучыць чалавека апрацоўваць эмоцыі. Галоўнае, што трэба запомніць: эмоцыі пражываюцца праз цела, а спосаб пражывання іх можа быць розным. Праз словы, фізічныя практыкаванні, спорт, спевы, сэкс, уборку кватэры і г.д.

Выпадак з практыкі

Псіхатэрапеўт прывяла паказальны прыклад алексітыміі. Да яе пацыентку накіраваў стаматолаг. У жанчыны была моцна заціснутая ніжняя сківіца, а ўначы яна адчайна скрыгатала зубамі. Яе сточаныя зубы вельмі яскрава дэманстравалі выяўленае напружанне мышцаў ніжняй сківіцы. Ёй было цяжка размаўляць і ўсміхацца.

– На маё пытанне, як часта яна адчувае злосць і гнеў, жанчына адказала: «Ні разу, я вельмі добрая жанчына». Высветлілася, што скрыгатанне зубоў з'явілася пасля таго, як да іх у аднапакаёвую кватэру прыехала пагасцяваць маці мужа. Яна павінна была пажыць зімовыя месяцы, а потым з'ехаць дадому, але так і не з'ехала. Пацыентка лічыла, што не павінна адчуваць «нядобрых» эмоцый да свекрыві, забараняла сабе праяўляць незадаволенасць тым, што тая жыве толькі ў іх, хаця ёсць яшчэ іншыя сыны.

Сутнасць тэрапіі была ў тым, каб жанчына прызнала, што злавацца і быць незадаволенай сітуацыяй – нармальна. Гэта было складана, бо яна пазіцыянавала сябе як «пакорлівую хрысціянку», для яе тое, што яна злуецца, было роўнае таму, што яна дрэнная. Ёй патрэбная была дапамога ў падзеле таго, што яна адчувае, з тым, да каго яна адчувае: злосць не да свекрыві, а да сітуацыі. Калі яны прызнала гэтую злосць і незадаволенасць, я прапанавала ёй падумаць, як змяніць сітуацыю да лепшага для яе. Жанчына знайшла ў сабе сілы пагаварыць з мужам. Аказалася, што ён таксама быў незадаволены сітуацыяй, проста выяўляў гэта па-іншаму: радзей бываў дома. Больш за тое, высветлілася, што свякроў таксама не ў захапленні, што жыве ў аднапакаёвай кватэры, калі ў аднаго з яе сыноў ёсць прасторны прыватны дом. У выніку на сямейнай нарадзе было вырашана, што іншыя дзеці паўдзельнічаюць у жыллёвым пытанні мамы сталага ўзросту.

У ходзе тэрапіі высветлілася, што справа не толькі ў свекрыві, пацыентка стрымлівала эмоцыі на працы, у адносінах з мужам, які наракаў, што яна «халодная і не ўмее падтрымліваць». У цялесна-арыентаванай практыцы пацыентка вучылася на ўзроўні цела ўсведамляць свае адчуванні і звязваць са сваімі перажываннямі, казаць пра гэта. Сумесна мы пачалі шукаць спосаб скіду мышачнай напругі. Ёй спадабалася: спяваць у машыне, дыхальная тэхніка расслаблення, працяглыя прагулкі з мужам у парку. Скрыгат зубоў спыніўся, часам толькі сціскаецца ніжняя сківіца. Але для пацыенткі гэта толькі сігнал, што нешта не так і трэба канкрэтныя дзеянні.

Як казаць пра пачуцці правільна

Вербальна апісваць эмоцыі і пачуцці – вельмі важна, гэта адзін са спосабаў іх пражывання. Для гэтага варта перабудаваць свае базавыя слоўныя канструкцыі.

– Часта мне даводзіцца чуць ад пацыентаў, што я, маўляў, не люблю лаяцца, таму аддаю перавагу маўчанню. Але злосць можна выказваць па-рознаму. Не праз прэтэнзіі, а праз свае перажыванні.

Замест: «Ты мяне злуеш, ты мяне засмучаеш», лепей сказаць: «Калі ты так робіш, я адчуваю злосць». Такім чынам вы выказваецеся не пра чалавека, а пра яго паводзіны і пазначаеце свае перажыванні, а не даяце ацэнку.

Парады блізкім: як не вырасціць алексітыміка

Псіхатэрапеўт Павел Бесчастнаў у адным з інтэрв'ю сказаў: «Калі вы хочаце зрабіць сваё дзіця алексітымікам, трэба не дэманстраваць уласныя пачуцці і караць яго за любыя моцныя эмоцыі, крычаць на яго: «Чаго ржэш, як конь!», ствараць адчуванне, што праява эмоцый – дрэнна, што калі ты рыдаеш, цябе ніхто не абдыме, а калі весялішся, на цябе будуць глядзець коса».

Таццяна Раманоўская перафармулявала гэтую антыпараду:

– У першую чаргу, дарослым трэба быць уважлівымі да сваіх пачуццяў: дзеці вучацца выяўляць эмоцыі на прыкладзе бацькоў. Па-другое, трэба заахвочваць праяву эмоцый. Эмацыянальны інтэлект фарміруецца з маленства, і ў бацькоў цяжкая задача: з аднаго боку, заахвочваць спантаннасць эмоцый, з другога – мякка накіроўваць дзіця ў іх выяўленні з улікам нашых культурных традыцый і сацыяльных нормаў. Зараз эмацыянальнаму інтэлекту пачало надавацца больш увагі пры выхаванні. Лічу, што гэта абавязковы кампанент псіхалагічнай культуры. Для беларусаў гэта актуальна яшчэ і таму, што наша культура – алексітымічная, яркая праява эмоцый праз цела ў нас не ўхваляецца, а значыць, мы – у групе рызыкі.

Карысныя кнігі:

  • Гэрыс Чэпмен «5 моў кахання»;
  • Барыс Лемберг «Эмацыянальны інтэлект. Як розум стасуецца з пачуццямі».

Для дыягностыкі алексітыміі прымяняюць Таронцкую шкалу. Прайдзіце тэст – і даведайцеся, ці сябруеце вы са сваімі эмоцыямі.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 141

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).