01.07.2019
01.07.2019

«Моцных лёс вядзе, а слабых – цягне...»

logo
Здаровы лад жыцця
0 47
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Хачу падзяліцца пацешнай гісторыяй пра жыццё адной акварыумнай рыбкі. У хвіліны роспачы менавіта яна дапамагае мне зірнуць у іншым ракурсе на ўласнае жыццё і перагледзець стаўленне да многіх рэчаў. Спадзяюся, камусьці мая гісторыя нагадае пра тое, што ўсё не так ужо і дрэнна…

У мяне дома ёсць акварыум – увасобленая мара дзяцінства. Штовечар я медытую, сузіраючы павольны свет падводнага жыцця. Рыбы там розныя: вялікія і маленькія, яркія і не вельмі... І, уласна, сом. Пра яго і пойдзе гаворка.

Набыты амаль мальком, ён два гады жыў і валадарыў у адведзеных яму ста літрах прэснай вады, пакуль у адзін цудоўны дзень не стала зразумелым, што ён вырас і ператварыўся ў гіганцкую рыбу. Сом драпаў скуру аб акварыумныя канструкцыі, абзавёўся калекцыяй шнараў, з'еў усіх слімакоў і практычна не мог плаваць.

Ці заўважаў ён сам, што звыклы свет стаў яму цесным, – не ведаю. Хутчэй за ўсё, як і любы з нас, ён стараўся прыстасавацца, плаваць акуратна і не высоўвацца лішні раз з хаткі, якая стала яму відавочна малой. І тут умяшалася наканаванне... На сямейным савеце было вырашана знайсці гіганту новы дом, і праз пэўны час яго ўжо чакалі ў новым акварыуме на пяцьсот літраў.

Гадзіна ікс была прызначаная, але сом пра яе не здагадваўся («Божая воля неспасцігальная»), і здарыўся Апакаліпсіс. З самымі лепшымі намерамі бедную рыбу сталі адлоўліваць сачком. Сом супраціўляўся, мужна змагаўся, хаваўся. Ён выкручваўся, уцякаў, але, у рэшце рэшт, знясілены, быў злоўлены і змешчаны ў вядро.

Сом

Там, нічога не разумеючы, загнаны ў кут, ён асуджана чакаў свайго канца, варушачы вялізнымі вусамі... Зрэшты, няма такой сітуацыі, якая не можа змяніцца да горшага: новы дом сома знаходзіўся за сорак кіламетраў, большая частка з якіх пралягала па ажыўленых хуткасных трасах. Вядро ажно ўздрыгвала, бедную рыбу штарміла. Канец свету быў у самым разгары. Будучае выклікала сумненні ў прынцыпе... А потым усё скончылася.

Новы свет стаўся лепшым, прасторным і больш маляўнічым. У ім сома чакалі камфорт і зручнасць, новыя знаёмствы і асабісты велізарны корч…

Жыццё паступае з намі гэтак жа. Яно з усімі жывымі істотамі паступае прыкладна аднолькава. У пэўны момант нам робіцца цесным утульны і родны маленькі свет. Перамены палохаюць, нават калі ведаем, што яны на карысць. Больш за ўсё мы хочам стабільнасці і камфорту, але менавіта яны здольныя ператварыць наш жыццёвы вадаём у балота.

Хтосьці здольны ўсвядоміць тое, што адбываецца, і рашаецца на перамены сам, не заўсёды ўяўляючы, да чаго яны прывядуць. Кагосьці, як беднага сома, ураганам цягнуць вышэйшыя сілы...

Старажытныя грэкі сцвярджалі: «Моцных лёс вядзе, а слабых – цягне». Калі ў вас з'явілася адчуванне, што звыклы свет бурыцца, прыгадайце майго сома. Будзьце мужнымі і верце: перамены – да лепшага.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 47