17 Сакавіка
17.03.2019

Мова і медыцына: ёсць кантакт!

logo
Думкі ўслых
92 0 61
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

...Футбольны манеж. Міжнародная спецыялізаваная выстава «Ахова здароўя Беларусі 2019/BelarusMedica 2019». Стэнд газеты «Медыцынскі веснік» і інфармацыйнага партала «Здаровыя людзі». Маё дзяжурства (разам з іншымі калегамі) – чацвер пасля абеду і пятніца да абеду.

– А чаму вы размаўляеце па-беларуску?

– Бо я жыву ў Беларусі...

Такое простае пытанне – і такі відавочны адказ, праўда? Да майго здзіўлення, пачула яго толькі ад адной наведвальніцы, што завітала да нашага стэнда. І тое, як кажуць, зададзенае сапраўды з чыстай цікавасці. Абышлося без развіцця тэмы, чаму я, па шчырасці, узрадавалася.

А вось што сапраўды ўразіла, дык гэта прыхільнасць да роднай мовы тых, хто мае непасрэднае дачыненне да медыцыны, і проста цікаўных. Даўно не чула столькі кампліментаў менавіта таму, што размаўляю па-беларуску! Ды яшчэ ў сталіцы! А як прыемна было, калі на родную мову пераходзілі людзі ўсіх узростаў: студэнты, інтэрны, маладыя спецыялісты і медыцынскія работнікі з вопытам, тыя, хто на заслужаным адпачынку...

– О, вы гаворыце па-беларуску! Гэта так прыемна!

– Дзякуй, але ж і вы – таксама...

– А я вырашыла вас падтрымаць...

Яшчэ адзін дыялог, які сагрэў сэрца! Мілая спадарыня не проста адказвала на пытанні нашай віктарыны, падчас якой за правільныя адказы можна было выйграць невялікі прыз. Яна стасавалася са мной на роднай мове.

Студэнты, інтэрны... Хлопцы і дзяўчаты... Многія праяўлялі шчырую зацікаўленасць не толькі да віктарыны. Хтосьці з юнакоў нават пытанні спрабаваў адразу ж перакладаць па-беларуску, і разважаць на роднай мове.

– А чаму ваша віктарына на рускай мове?!

Упс! Пытанне паставіла ў тупік. А хацела ж, хацела частку пытанняў прапанаваць зрабіць па-беларуску! Ды не дакруціла да канца задумку, выбачаюся!

Мяркую, наступным разам абавязкова хаця б частку віктарыны зробім на роднай мове. Магчыма, нават такім чынам: альбо перакласці штосьці медыцынскае з адной мовы на другую, альбо адгадаць, як будзе па-беларуску... таксама медыцынскі тэрмін ці назва. З варыянтамі адказаў, вядома ж. Як вам ідэя?! Здаецца, будзе цікава.

Адышоўшыся на хвілінку, вяртаюся ўжо да заканчэння цікавай размовы маладога чалавека (аднаго з удзельнікаў выставы) з каляжанкай. Але ён і для мяне паўтарае гісторыю пра сваю самую незвычайную ўзнагароду. Гэта калі пра яго напісалі ў... «Медыцынскім весніку»! А прафесар зрабіў на матэрыяле дарэнчы надпіс. І наш субяседнік уставіў яго ў рамачку.

– Вось газетай мяне дагэтуль ні разу не ўзнагароджвалі! – з усмешкай зазначыў ён.

І таксама крыху паразмаўляў па-беларуску. І паабяцаў заходзіць на наш сайт «Здаровыя людзі». А да гэтага, як патлумачыла мне каляжанка, выйграў у віктарыне не адзін прыз!

Яшчэ і зараз я пад уражаннем ад стасункаў з жанчынай ва ўзросце, але вельмі элегантнай і актыўнай. Яна з такой лёгкасцю і нязмушанасцю адгукнулася ў адказ на роднай мове! Як аказалася, наведвае курсы «Мова нанова», спявае ў хоры, ходзіць на цікавыя выставы... Суцэльнае захапленне!

– (Мужчына, надзяваючы акуляры і чытаючы надпіс на стэндзе) О, «Медыцынскі веснік»?! Мая любімая газета! Выпісваю і чытаю. Віктарына? Ой, мабыць, нічога не адгадаю... Ну, давайце паспрабую...

– А можна, мы калектыўна адкажам на пяць вашых пытанняў?!

Гэта ўжо бойкая студэнтка.

– Так, толькі прыз будзе адзін.

– А які?

– Ручка з назвай нашага выдання.

– Хлопцы, дзяўчаты, хадзіце сюды! Дапамажыце мне выйграць ручку!

Ну бы сапраўдная каманда знатакоў са «Што? Дзе? Калі?» сабралася! І так сур’ёзна абмяркоўвалі...

– О, глядзіце, якая ручка! Дзякуй!

І шчаслівая студэнтка паляцела далей наперадзе сваёй каманды аднакурснікаў.

– Якая ў вас прыгожая беларуская мова...

А вось гэты камплімент гучаў не аднойчы. Як і наступнае:

– Дзякуй вам, вы зрабілі мой дзень!

– Ой, так спадабалася ваша віктарына! Пытанні – супер!

– А мне звычайна ніколі не шанцавала. А тут і прыз выйграла, і проста так прыз дастаўся, бо выцягнула шчаслівую паперку...

Дзякуй усім, хто запыняўся ля нашага стэнда, згаджаўся адказваць на пытанні віктарыны... Хто з задавальненнем стасаваўся, даведваўся цікавыя факты з медыцыны і пра штосьці незвычайнае распавядаў сам. Хто з’яўляецца нашым падпісчыкам і наведвальнікам інфармацыйнага партала, хто хацеў бы супрацоўнічаць.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

92 0 61

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.