18 Жніўня
18.08.2019

«Можна перамагчы сваё стаўленне да хваробы»

logo
Жыццё з анкалогіяй
2 0 23
Аўтар:
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Алена Шаліма, майстар выцінанкі, фатограф, сябра Саюза дызайнераў і Саюза майстроў народнай творчасці, ініцыятар посткросінгу і фотавыставы «Са-тварэнне» ў рамках Эстафеты «У імя жыцця»
Алена Шаліма – фатограф

Алена, на чым сфакусаваны зараз Ваш прафесійны інтарэс?

Дзякуй Богу, дажыла да пенсіі, але займаюся сувенірнай прадукцыяй як рамеснік, зрэдку малюю і фатаграфую на замову. Але асноўная мая дзейнасць – гэта папулярызацыя беларускай культуры. Раблю персанальныя выставы як майстар выцінанкі і фатограф. Таксама шмат разоў была куратарам калектыўных, нават міжнародных праектаў у гэтых напрамках. Займаюся гэтым амаль 20 гадоў.

Адметна, што вучылася будучы рамеснік зусім не ў творчай установе адукацыі, а ў радыётэхнічным інстытуце, зараз БДУІР. Працавала па спецыяльнасці да 1991 года. У 1991-ым нарадзілася дзіця, рухнуў СССР, захварэла матуля і г.д. Давялося змяніць сферу дзейнасці.

Спачатку распісвала сувенірную кераміку, потым пазнаёмілася з Вячаславам Дубінкам, які адрадзіў мастацтва выцінанкі ў Беларусі, і з сябрамі фотаклуба «Мінск», якім доўгі час  кіраваў Юрый Васільеў. Гэтыя людзі захапілі Алену сваёй дзейнасцю, яна зразумела, што культура – гэта тое, што для яе важна.

Алена Шаліма, фатограф

Пэўна ж, ёсць дасягненні, якімі Вы ганарыцеся? Распавядзіце пра іх.

Самае вялікае маё дасягненне – гэта сям’я. Сёлета роўненька 30 гадоў, як мы разам з мужам. І вынік нашых пачуццяў – адказны і самастойны сын. У галіне культуры – як куратар я выступала ў двух фотапраектах маладых беларускіх фатографаў Андрэя Мацура і Янака Коўзеля.

Персанальныя выставы ў галерэі «Высокае места» – у 2017 годзе выстава «Не мой Мінск», а нядаўна завяршылася мая выстава выцінанкі «Папяровыя мары». Прыемна, што прафесійныя музейшчыкі адзначылі, што такой выставы выцінанкі яны яшчэ не бачылі. Нават запрасілі ў іншыя прэстыжныя залы Мінска.

Алена Шаліма на выставе

А ёсць штосьці такое, што не атрымалася?

Магчыма, і ёсць, але зараз не прыгадаю. А, зноў хачу ў Рым! Усё наперадзе. Але планамі на будучыню не дзеляцца. Як кажуць: «Хочаш насмяшыць Бога – распавядзі пра свае планы».

Алена Шаліма вырашыла падтрымаць Эстафету «У імя жыцця», бо заўсёды робіць добрыя справы.

– Да таго ж, мне гэта нічога не каштавала. Я назапасіла шмат фотаздымкаў, якія можна выкарыстаць для візуальнай тэрапіі. Глядзіш, напрыклад, на прыгожыя беларускія пейзажы – вочы адпачываюць.

Некаторыя людзі часам адчуваюць цяжкасці ў камунікацыі з анкапацыентамі і нават страх. Але – не Алена.

–  Вы пытаецеся так, быццам рак – гэта праказа. Так, анкалогія зараз, кажуць,  «чума ХХІ стагоддзя». Вялікі оперны тэатр Беларусі нават класічную оперу Вердзі «Травіята» перайначыў! Галоўная гераіня хворая на рак, а не на сухоты. Бо ў наш час сухоты – ужо не такая праблема, як 200 гадоў таму.

Але, ведаеце, на жаль, гэтая хвароба атрымала зараз такое распаўсюджанне, што цяжка знайсці сям’ю, якую б яна не закранула. Тым больш, у Беларусі. Можна пабачыць гэта на свае вочы ў анкадыспансеры ў Бараўлянах. Дактары жартуюць, што няма здаровых людзей, ёсць недаабследаваныя. Можна з гэтым пагадзіцца.

Нядаўна даведалася, што прычынай інфаркту ці інсульту таксама можа быць рак. Той выпадак, калі кажуць, што «адарваўся тромб» з-за, напрыклад, праўдзівай паліцытэміі. Статыстыка будзе лічыць гэта як сардэчна-сасудзістыя захворванні, што робіць яе недакладнай.

Мой тата тры гады таму памёр ад раку. Але ў пасведчанні аб смерці напісана іншая прычына. На маю думку, гэта вельмі дрэнна – весці ўлік такім чынам, бо замінае знайсці правільны шлях для вырашэння праблемы.

Апроч таго, сучасная медыцына яшчэ далёка не ўсё ведае, не персаніфікаваная. Яна не ўлічвае той факт, што паводзіны кожнага чалавека розныя. Адны будуць перажываць самі, іншыя – зрывацца на блізкіх.

Што для Вас значыць – перамагчы рак?

Гэта для мяне амаль што пустыя словы. Бо пакуль што перамагчы рак немагчыма, калі ведаеш пра гэтую хваробу больш дасканала. Праявы анкалагічных захворванняў – толькі вяршыня айсберга. Бо гэта структурныя змены арганізма, генныя мутацыі, якія працягваюцца шмат гадоў.

Напрыклад, схаваны перыяд эрытрэміі (хранічнага лейкозу) – больш за 20 гадоў. Уяўляеце сабе?! Таму не кажуць – ачуняў ад раку. Кажуць – у рэмісіі. На маю думку, перамагчы можна толькі сваё стаўленне да хваробы і яе наступстваў. Часта з дапамогай блізкіх людзей, магчыма – супольнасці анкапацыентаў.

Рамеснік узгадвае, што ў школе ў яе быў жыццёвы дэвіз: «Per aspera ad astra» – «Праз церні да зорак». Цяпер ён як ніколі адпавядае яе настрою і дапамагае пераадольваць перашкоды. А яшчэ з гэтым выдатна спраўляюцца сям’я і творчасць. «Ну, і характар маю», – з усмешкай адзначае Алена.

Алена Шаліма. Персанальная выстава

У Вас ёсць любімыя творы мастацтва?

Зашмат любімых кніг і фільмаў, якія магу перачытваць і глядзець бясконца. Святлана Алексіевіч – аўтар, які паўплываў на мае думкі апошніх гадоў, але не магу назваць яе любімым аўтарам, бо тое, пра што яна піша, вельмі балюча ўспрымаю. Як горкія лекі.

Большасць людзей чамусьці лічыць, што мастацтва павінна быць прыгожым і прыемным. Але, пагадзіцеся, «Герніка» Пікаса ці карціна Рэпіна «Іван Жахлівы забівае свайго сына» зусім не лагодныя, але, безумоўна, мастацкія творы. Мастацтва, на маю думку, павінна кранаць душу. З адносна новага – «Радзіва Прудок» А.Горвата адкрыла для сябе на беларускай мове.

А якія творы Вы б параілі чалавеку, які знаходзіцца ў крызісе?

Так, ёсць такая кніга. Мне яе падараваў сын. «Тонкое искусство пофигизма: Парадоксальный способ жить счастливо» – другая кніга, выдадзеная амерыканскім блогерам і пісьменнікам Маркам Мэнсанам. Фільм «Рымскія канікулы» і вандроўку на Браслаўскія азёры ці шмат яшчэ ў якія прыгожыя куткі нашай Радзімы і за яе межы, калі ёсць магчымасць.

Дзякуем Алене Шаліма за падтрымку Эстафеты «У імя жыцця»!

Да сустрэчы 24 жніўня 2019 у Мінску. Эстафета «У імя жыцця» гэта акцыя для анкапыцыентаў і іх блізкіх. Будзем вучыцца граматна дапамагаць сабе і людзям, якія маюць у тым патрэбу.

Супраць раку мы мацнейшыя разам!

Oncopatient.by

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

2 0 23

Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця»