15.07.2021
15.07.2021

Навошта нам млыны і кросны, альбо Як у музеях-скансэнах зберагаюць мінулае дзеля будучыні

logo
Адметнасць беларусаў
0 96
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У малодшай школе гарадскіх дзяцей папрасілі назваць хатніх птушак. Некаторыя задумаліся, а адзін хлопчык адказаў: «Папугай». Настаўніца перадала гэта бацькам, і тыя моцна задумаліся: расце пакаленне, зусім адарванае ад вёскі, якое не сустракаецца з народным побытам і як дзіва разглядае карову, што пасецца ўздоўж шашы...

А ці патрэбна ім, дзецям стагоддзя інфармацыйных тэхналогій і камфорту, тое ткацтва ці саломапляценне? Навошта ім ведаць, якія песні спявалі іх продкі і як бялілі печ? Пра важнасць непарыўнасці з вытокамі – наша гутарка з выкладчыкам ткацтва ў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў Святланай Еўдакіменка.

Святлана Еўдакіменка

Святлана, прадмет, які вы выкладаеце, даволі спецыфічны і ў разуменні сярэднестатыстычнага гараджаніна архаічны. Але попыт на яго ёсць. У чым сакрэт?

Дазвольце не пагадзіцца з архаічнасцю. Галоўны прынцып маёй работы – выкладаць сучаснае мастацтва на аснове традыцый. Не прытрымліваюся патрабавання дзейнічаць непасрэдна ў традыцыі, як гэта робяць, напрыклад, сябры Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, кожны з якіх засвоіў пэўную тэхналогію, традыцыю і дзейнічае ў яе межах.

Вывучаць розныя традыцыі надзвычай цікава. Яны складаюцца рэгіянальна, у кожнай мясцовасці, і гэтыя вобласці не супадаюць з геаграфічнымі межамі. Асаблівасці ёсць абсалютна ва ўсіх відах дзейнасці чалавека: як будавалі жытло, як займаліся пэўнымі пытаннямі гаспадаркі.

Мёд, напрыклад, збіралі і елі паўсюдна, толькі ў адным месцы вуллі ставілі на выспе, а ў другім – карысталіся дупламі ў дрэвах ці падвешвалі што. Рыбу лавілі паўсюдна, але рознымі спосабамі.

Скансэн. Музей-скансэн у Строчыцах. Рыбная лоўля.

Адрозненні ёсць і ў ткацтве. І гэта зусім не архаіка, сёння вельмі папулярны хэнд-мэйд. Вялікім попытам карыстаюцца тканае адзенне, рэчы для інтэр'ера (посцілкі, настольнікі, дыванкі), жаночыя сумачкі і шоперы. Тыя ж паясы ў кагосьці асацыіруюцца са слуцкімі шырокімі, музейнымі. Але сучасныя паясы – гэта і рамяні ў джынсы, і папружка моднай торбачкі.

Прыемна бачыць інтэграцыю мінулага ў сучаснасць. І ўсё ж: цікавасць да вытокаў – гэта мода на аўтэнтычнасць і хэнд-мэйд ці жаданне ведаць сваю краіну, адчуць сябе беларусам?

Думаю, і тое, і тое. Цікавасць дзяцей залежыць ад таго, наколькі рана яны сутыкаюцца з прадметамі народнай культуры. Калі пакаленне зусім адарвалася ад вёскі, не ездзяць да прабабуль, бо няма іх, не сутыкаюцца з побытам, дык такім дзецям фактычна з нуля трэба распавядаць пра падзеі даўнасцю з паўстагоддзя. Для іх гэта ўсё роўна, што даведацца пра тое, што было 1000 гадоў таму... Настолькі даўно, што не змяшчаецца ў іх свядомасці.

Ранейшае пакаленне было часткова вясковым або толькі  выйшла з вёскі, дзеці бавілі вакацыі ў бабуль і дзядуляў. Таму нават калі рэч ужо не была ў актыўным карыстанні, яна ўсё роўна заставалася ў доме, і можна было запытацца, для чаго гэта. Як прасавалі гэтай прыладай? Як касілі? Як граблі?

Скансэн. Чым даўней прасавалі бялізну.

Навошта ім гэта зараз і ў будучым? Філасофскае пытанне. Тут можна ўзгадаць, што без каранёў дрэва не расце, гісторыя – гэта ключ да будучыні... Але я расказваю пра скансэн.

Скансэн?

Так. Пад Мінскам у Строчыцах ёсць музей народнага дойлідства і побыту, дзе з рэгіёнаў сабраныя архітэктурныя будынкі рознага функцыянальнага прызначэння. Там і храмавыя будынкі (цэрквы), і жыллё, і побытавыя (млын, карчма, кузня). Лепей за ўсё, дарэчы, прадстаўленая цэнтральная Беларусь.

А ў кожнай хаце свой занятак: у адной ткачыха посцілку тчэ, у другой апрацоўваюць лён, у трэцяй гаспадар кош пляце. Напрыканцы вуліцы стаіць хата каваля. Яго праца звязаная з агнём, і гэта небяспечна для вёскі – ад адной іскры могуць згарэць усе, таму і жыве ён на аддаленні.

І вось гэты музей – сапраўдны скансэн, на жаль, адзіны ў Беларусі (назва паходзіць ад шведскага skans – умацаванне).

Скансэн. Музей пад адкрытым небам у Строчыцах.

Асацыяцыі з ваеннай крэпасцю...

І не дарма. У Швецыі, у межах Стакгольма, на адной з выспаў ёсць невялікая старадаўняя крэпасць, напаўразбураная. Там усе хлопчыкі царскага паходжання праходзілі ваеннае навучанне.

На пачатку 19 стагоддзя заможны гандляр Ён Бургман набыў гэтую тэрыторыю, рэстаўраваў невялікі замак побач і пасадзіў сад. Гэтая маёмасць і атрымала назву Скансэн, бо была пры крэпасці.

А яшчэ праз некалькі дзясяткаў гадоў гэты комплекс набывае Артур Хазеліус, які суправаджае сваю пакупку запіскай: «Маю намер стварыць на гэтым месцы фальклорна-гістарычны музей пад адкрытым небам, аналагаў якога не існуе ў свеце».

Скансэн. Музей у Швецыі.

У 19 стагоддзі пачалася актыўная ўрбанізацыя, індустрыялізацыя ва ўсіх краінах, з вёсак людзі пераязджаюць у гарады, і адпаведна, вясковы побыт змяняецца на гарадскі. Назіраючы гэта, Артур Хазеліус звозіць у музей характэрныя пабудовы ўсіх нацыянальнасцяў, якія прадстаўленыя на тэрыторыі Швецыі.

Сёння ў Скансэне сабрана больш за 150 дамоў і сядзібаў XVIII-XX стагоддзяў, дзе захаваная абстаноўка людзей рознага сацыяльнага становішча з розных раёнаў Швецыі. Наглядчыкі дамоў сустракаюць гасцей у строях адпаведнай эпохі.

Надзвычай багата прадстаўлены жывёльны свет: тут сабраныя прадстаўнікі тых, хто лётае ў паветры, ходзіць па зямлі і нават плавае ў вадзе.

Там паказана ўсё, чым людзі займаліся. Калі рабілі сыр, дык  выкарыстоўвалі малако ад авечак, і вось статак авечак пасецца побач. Калі варылі піва, дык хмель вырошчвалі непадалёк. Увесь тэхналагічны працэс прадстаўлены цалкам.

Скансэн. Музей у Швецыі, тэхналогіі.

Артур Хазеліус хацеў, каб у скансэне працягвалі дзейнічаць носьбіты рамёстваў, каб не спыняўся працэс перадачы ведаў. Пажадана, вядома ж, дынастычная перадача ведаў, як у народзе і было. Але калі іншы чалавек падвучыўся, дык таксама прымальна.

І праз стагоддзе гэты падыход апраўдаўся, бо зараз у многіх жыхароў скандынаўскіх краінаў акрамя сваёй прафесіі, асноўнага занятку, якім яны зарабляюць, ёсць хобі. Звычайна гэта звязане з традыцыйнай тэхналогіяй. І часта, калі яны выходзяць на пенсію, хобі робіцца асноўным заняткам, які дазваляе распачаць уласны бізнэс: напрыклад, вырабляць драўляную мэблю ці варыць мыла.

Годны прыклад, дастойны распаўсюджвання. Ён жа знайшоў водгук у іншых краінах?

А як жа! Ідэя такога музея пад адкрытым небам разышлася па свеце. Еўропа ўжо ў 70-я гады ХІХ стагоддзя пачала актыўна ствараць скансэны (назва стала намінальнай), у іх у кожным рэгіёне такі музей ёсць. У Славакіі тэрыторыя больш горная, і трохі далінаў. Дык вось што ні даліна – там абавязкова такі музейчык-скансэн.

Скансэн. Музеі пад адкрытым небам у Славакіі.

У Беларусі ён толькі адзін, доўгі час такога асяродка не было. У нас, у адрозненне ад Швецыі, атрымаўся больш статычны варыянт скансэна, але ён ёсць. Там час ад часу праводзяць майстар-класы, канцэрты, сустрэчы.

На жаль, у грамадстве існуе стэрэатып, што культурныя мерапрыемствы і каштоўнасці – гэта штосьці другаснае, што патрабуе ўвагі і выдаткаў па рэшткавым прынцыпе...

На вялікі жаль. Павінна ж быць наадварот: спачатку культура, бо яна вызначае каштоўнасці, а потым астатняе. Калі ў чалавека ёсць унутраная культура, то будзе і культура побыту. Калі ёсць унутраная культура і пачуццё прыгожага, то прыгожым будзе і атачэнне чалавека. Калі ёсць разуменне якасна рабіць усё, да чаго ты дакранаешся, то будзе адказнасць за тое, што робяць твае рукі.

Фота – Андрэй Васкрасенскі, Святлана Адамовіч, Святлана Еўдакіменка і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 96

У журналістыцы з 1999 года. Любімая тэма – чалавек, яго лёс. Упэўнена: толькі той матэрыял будзе жыць, які прапушчаны аўтарам праз сэрца, прачулы да апошняй коскі. Сухія ж, шаблонныя артыкулы не затрымаюцца ў памяці чытача, не паўплываюць на яго светаўспрыманне... Вельмі люблю сваю працу. Але штораз, паказваючы герою матэрыялу гатовы нарыс, хвалююся, быццам здаю важны іспыт: ці здолела зберагчы-перадаць словамі тое самае, асабістае? Ці адгукаецца душа на радкі? Цвёрда перакананая, што «маленькіх» людзей не бывае. Веру ў закон сеяння і жніва.
Глядзіце таксама