07.06.2019
07.06.2019

У чым смеласць, брат? І як адрозніць яе ад неразважлівасці (+відэа)

logo
Адносiны
0 107
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Скакаць з парашутам, бегаць па краі даху, ганяць на забароненых хуткасцях... Сучасная культура даволі агрэсіўна навязвае мужчынам вобраз альфа-самца. Адной з характарыстык яго, несумненна, з'яўляецца смеласць. Аднак гэтую важную якасць чамусьці часта блытаюць з неразважлівасцю. Выхваляюцца дзёрзкімі ўчынкамі, думаючы, што зараз-то ў вачах навакольных выглядаюць «сапраўднымі мужчынамі».

У чым заключаецца сапраўдная мужчынская смеласць? Чаму барадатыя напампаваныя мужыкі на праверку часта аказваюцца «дзяўчынкамі»? Ці можна выхаваць у сабе якасці «альфа-самца»? Ці заўсёды так дрэнна быць баязліўцам? Пра гэта разважаем з пастаяннымі экспертамі рубрыкі «Пра што маўчаць мужчыны».

50 адценняў смеласці

 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Смеласць часам трактуецца як адсутнасць страху. Але гэта памылковае меркаванне. Смеласць азначае магчымасць здзяйсняць мужныя ўчынкі насуперак сваім страхам. Хаця заўсёды важны кантэкст сітуацыі. І часам страх – вельмі важнае пачуццё, якое дапамагае выжыць і не наламаць дроў. У сацсетках часта траплялася нарэзка відэа, дзе маладыя людзі выконвалі небяспечныя трукі на вышыні, лазілі па дахах, ладзілі шалёныя гонкі на матацыклах паміж машынамі. Для мяне гэта не пра смеласць, а пра некаторае вар'яцтва.
 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» г.Брэста
Адносна смеласці Леў Талстой казаў: «Гераізм ляжыць у справах простага шэрага будня». У 90% выпадкаў мы адчуваем, што нам трэба прымусіць сябе, нават пры ўмове, што гэта любімая справа. Гэта не смеласць, а момант пераадолення. Напрыклад, зайсці ў кабінет да чалавека, які вышэйшы за цябе па рангу, і пазначыць сваю пазіцыю. Страшна. Для гэтага трэба зрабіць крок. Смеласць адносіцца не толькі да справы, але і да слова. І нават да баязлівасці. Каб прызнацца сабе сапраўды хаця б у глыбіні душы: «Я спалохаўся». Але тады атрымліваецца, што адвага – роўна «сумленнасць», «веданне сваіх патрэбаў». Для мужчыны смеласць – выказваць пачуцці, заплакаць, сказаць пра каханне, падарыць кветкі, усміхнуцца касіру ў краме. Гэта заўсёды сумленны крок адносна таго, што я ведаю пра сябе і што я гатовы зараз зрабіць.

Узгадаваць у сабе «альфу»

Ці можна выхаваць смеласць у хлопчыка ці ў дарослага мужчыны?

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» г.Брэста
Не люблю апошнім часам слова «выхаваць». Бо некаторыя такія «выхавальнікі» – страшныя людзі, якія папросту могуць зламаць чалавека. Вельмі шмат кажуць пра мужнасць і гераізм тыя, хто гэтымі якасцямі не валодае. П'яныя бацькі з цыгарэтай у зубах настаўляюць хлопчыкаў, дзе трэба ўдарыць, калі прамаўчаць, а калі скокнуць на 4 метры ў той час, як сын можа толькі на метр. Гэта ломка псіхікі і гвалт. Потым такія пакалечаныя дзеці часта прыходзяць па псіхалагічную дапамогу. А вось іх бацькі – не. У іх няма смеласці для гэтага. Выхаваць смеласць і мужнасць, калі ў цябе іх няма ў самога, немагчыма. Ніякімі настаўленнямі. Ёсць адно правіла для ўсіх: «Мужчына, выхавай сябе сам». Вучыцца смеласці можна ва ўсім вядомых волатаў. Звярніце ўвагу, якімі якасцямі яны валодаюць: дабрынёй, любоўю, шырынёй сэрца. Добрае і напоўненае жыццё і прывядзе за сабой смеласць. А яна заўсёды павінна быць у імя якойсьці вышэйшай мэты, сэнсу. Напрыклад, для таго, каб абараняць Радзіму, трэба ўяўляць сабе гэтае паняцце – «Радзіма». Аберагаць жанчыну – таксама смеласць.

 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Часта мужчынскі і жаночы погляды на мужнасць, смеласць адрозніваюцца. Мужчына, як правіла, аддае сына ў секцыі бокса, барацьбы, каратэ і г.д., мяркуючы, што гэты від спорту дапаможа выхаваць тую самую смеласць, цярпенне, мужнасць. Слушнасць у гэтым ёсць. Але са свайго прафесійнага пункту гледжання часта раю бацькам: адзін год – на бокс, другі – у драмгурток. Гэта трэба для таго, каб захаваць баланс і развіваць разам з фізічнай сферай эмацыянальную, пачуццёвую.

Баязлівец не гуляе ў хакей?

Баязлівец не гуляе ў хакей?

У процівагу смеласці часта называюць баязлівасць. Але ці заўсёды гэтая якасць носіць негатыўную афарбоўку?

 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Я супраць ярлыкоў і ацэнак. Я за тое, каб разглядаць учынкі. Часам мужныя людзі здзяйсняюць баязлівыя дзеянні. Але гэта не значыць, што чалавек адразу зрабіўся баязліўцам. Нам усім уласціва баяцца, адчуваць страхі. Часам унутранай сілы не хапае. Паняцце баязлівасці звязана напрамую з пачуццём абавязку. У гады Вялікай Айчыннай вайны былі героі і баязліўцы. Сёння вызначыць паняцце абавязку і яго межаў не заўсёды проста. Напрыклад, я як мужчына павінен утрымліваць сваю сям'ю. І калі з гэтым абавязкам не спраўляюся, адседжваюся, ігнарую, ці можна назваць мяне баязліўцам? Калі я лічу, што мужчына абавязаны гэта рабіць, дык так. А калі ў мяне погляды, што мужчына і жанчына павінны ўносіць аднолькавы ўклад у сямейны бюджэт? Цяпер усё памянялася. Калі раней важнымі былі моцныя мышцы, мускулы, уменне хутка бегаць і не стамляцца, дык сёння тыповы альфа-самец – багаты бізнесмэн з жывоцікам. І ён можа дазволіць сабе значна больш, чым здаровы напампаваны мужык.
 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» г.Брэста
Мужчынскія якасці вызначаныя трыма словамі: хутчэй, вышэй, мацней. Не толькі фізічна, але і духоўна. Калі мужчына ідзе ў трэнажорную залу, каб напампавацца і быць прыгожым, – гэта псеўдамужнасць. Не факт, што такі чалавек здольны на ўчынкі. Баязлівасць – калі страшна. Калі я ведаю, што неабходна зрабіць крок, але застаюся на ранейшых пазіцыях. Але часам трэба звярнуць увагу на свае інстынкты і адчуванні, не лезці ў вострую сітуацыю. Прыслухацца да інтуіцыі і адысці ўбок. І гэта будзе верны смелы крок.

 

Паслухай жанчыну, а зрабі...

У жаночым асяроддзі баязліўцаў не паважаюць, але і безразважных смельчакоў не ўхваляюць. Што тады рабіць мужчынам?

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» г.Брэста
Ёсць слушная прыказка: «Паслухай жанчыну і зрабі наадварот». Жанчына часта бліжэй да матэрыяльнага, мужчына ж імкнецца ўверх. Смелы атрымлівае больш увагі, ён папулярны. Таму яго спадарожніца часта ўсялякімі абходнымі шляхамі спрабуе пазбегнуць канкурэнцыі з іншымі дамамі: «Паляжы, нікуды не хадзі, адпачні». І вось ужо ён забыўся пра свае зоркі і самалёты, стаў зручным. Укатала. А потым сама яго ненавідзіць. Але пытанне да мужчыны. Чаму ты гэта дазволіў? Горш за ўсё, калі ты ўсё ведаеш і разумееш, але здраджваеш сабе.

Сапраўдная мужчынская смеласць – здольнасць дзейнічаць насуперак сваім страхам, пры гэтым захоўваючы разважнасць. Гатоўнасць выказваць пачуцці, ісці за марай, быць сабой. Падробак пад «смеласць» у сучасным свеце мноства. Важнае правіла на ўсе часы – у пагоні за формай не выпусціць з-пад увагі змест.

Відэа – Святлана Стахоўская, Генадзь Сукач.
Фота – Генадзь Сукач.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 107

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.