26.11.2018
26.11.2018

Музычны… прымус?!

logo
Думкі ўслых
0 35
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Усе мы – розныя. І гэта натуральна. Любім розныя стравы, колеры ў вопратцы, кнігі, фільмы… І, вядома ж, розную музыку. Дык вось менавіта апошняя, як сцвярджаюць вучоныя, здольная ўплываць не толькі на настрой чалавека, але і на яго самаадчуванне, работу галаўнога мозгу. Ды што там на чалавека! Кажуць, што пад пэўную музыку каровы лепей дояцца і даюць больш малака, а расліны квітнеюць, зелянеюць і радуюць вялікім ураджаем.

Зразумела, што станоўчы эфект ад музыкі можна атрымаць, калі мы слухаем яе, так бы мовіць, добраахвотна. А што, калі… пад прымусам?! На жаль, апошнім часам толькі і раблю, што трапляю ў такія сітуацыі. І самаадчуванне рэальна пагаршаецца.

“Пад прымусам – гэта як?!” – можаце запытацца вы. А хтосьці ўжо, магчыма, і здагадаўся, бо таксама адчуў на сабе ўсе наступствы таго прымусу. У маім разуменні і ўспрыняцці – гэта калі хтосьці з навакольных уключае музыку на досыць вялікую магутнасць. А паколькі густы ва ўсіх розныя…

Даўней такім чынам выдзялялася моладзь, калі касетны магнітафон быў вялікім дэфіцытам. Так-так! Зараз ён ужо лічыцца “дыназаўрам”. А калісьці… Асаблівым шыкам было ўзяць яго на плячо і прайсціся па вуліцах. А шчаслівы ўладальнік магнітафона лічыўся першым хлопцам на вёсцы!

касетны магнітафон

Крутым было ўключыць аўтамагнітолу ў легкавіку (у часы дэфіцыту ўласных аўто – няўжо і гэткае было???) і з вецярком ды гучнай музыкай ляцець па трасе. Альбо радаваць навакольных, паставіўшы машыну ля хаты ці дачнага дамка. Такое, між іншым, і зараз часцяком сустракаю. Я ўжо не кажу пра звычку выставіць калонкі вялікай магутнасці на падваконне і ўрубіць музыку на максімум! Зараз значна радзей, але ёсць, усё яшчэ ёсць!

У часы імклівага развіцця інтэрнэту на пярэдні план выйшлі індывідуальныя навушнікі. Здаецца, пацішэла значна вакол. Але ж навушнікі бываюць розныя. Па адных гук ідзе толькі ў вушы слухача, другія па-ранейшаму радуюць навакольных няхай сабе не гучнай, але ўсё ж не ўпадабанай імі музыкай.

уплыў музыкі на здароўе

Ну і, нарэшце, самы прымус, з-за якога і з’явіліся гэтыя разважанні. Музыка ў прыватных маршрутках і гарадскіх ці прыгарадных, а таксама міжгародніх аўтобусах! Часцей за ўсё – галаўны боль у прамым сэнсе гэтага слова! Асабліва для тых, у каго няма звычкі ўсюды і заўсёды начапляць свае навушнікі з упадабанымі мелодыямі. Хаця некаторыя “бух-бух-бух” (як трапна называе гэта мая мама) і мелодыямі не назавеш.

Тое, што вадзіцелі маршрутак уключаюць абраны канал радыё ці запісаны на флэшку зборнік любімых песень, цалкам зразумела. Такі раздражняльнік патрэбны, каб не заснуць за рулём і каб сумна не было. Але калі хтосьці робіць гук прыглушаным, аддаючы перавагу размове з пасажырам побач (а як жа не адцягваць увагу вадзіцеля падчас руху???), дык іншы – на ўвесь салон! Вось спецыяльна ў калонкі ззаду падае! Трапляла так, і не аднойчы! І далёка не заўсёды тыя мелодыі ўспрымаліся мозгам нармалёва. Часцей прыязджаю дахаты проста з хворай галавой.

А ёсць і вельмі добрыя, адэкватныя вадзіцелі. Яны ўключаюць музыку нягучна, толькі для сябе. Тады і прыснуць нават пасажырам можна… Я люблю з такімі ездзіць. Але часцей атрымліваецца пэўны канал радыё з “бух-бух-бух”. Ёсць сярод вадзіцеляў яго адданы прыхільнік. Толькі згледжу яго за рулём – і настрой адразу псуецца.

Аднойчы вярталіся дахаты ў маршрутцы з мамай з бальніцы. І як бы я ні старалася прапускаць тое бухканне міма вушэй, не атрымлівалася. А ўжо як было маёй маме слухаць такое? Я доўга цярпела, але на палове дарогі літаральна ірванула да вадзіцеля і спыталася, ці можа ён гук прыкруціць?! А то мазгі выскокваюць. Прыкруціў. Але бачылі б вы, якім грэблівым позіркам мяне акінуў! Маўляў, што табе трэба???

сварка

… А сёння мне не пашанцавала двойчы. Не, музыка вадзіцеля была не самай неўспрымальнай, і гук вушы ў трубачку не скручваў. Затое на сядзенні ўперадзе размясціўся студэнт з “няправільнымі” навушнікамі, з-пад якіх “бух-бух-бух” і даносілася. І ў выніку адразу двух раздражняльнікаў мае бедныя мазгі літаральна разбягаліся ў розныя бакі! Давялося мабілізоўваць усё сваё ўменне прапускаць музыку міма вушэй.

А ці з’яўляецца для вас, сябры, раздражняльнікам музыка пад прымусам?

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 35

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".