14 Чэрвеня
14.06.2019

Мы ім давяраем жыццё...

logo
Думкі ўслых
188 0 55
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
А ўсё ж шкада, што свята прадстаўнікоў пэўнай прафесіі бывае, як і дзень народзінаў, толькі раз на год. І менавіта тады мы спяшаемся сказаць ім самыя лепшыя словы, уганараваць, шчыра падзякаваць, падарыць кветкі і… забыцца. Яшчэ на год. Да наступнага свята.
А ёсць жа такія людзі, ад якіх, напрыклад, у літаральным сэнсе залежыць наша здароўе, а ў некаторых выпадках і жыццё. Так, гэта, кажучы высокім стылем, людзі ў белых халатах, якія ў нядзелю, 16 чэрвеня, якраз-такі і будуць адзначаць сваё прафесійнае свята! І – 100-годдзе аховы здароўя Беларусі! Знакавая дата!

– Скажыце, а як часта вам людзі дзякуюць?! – спыталася я неяк у знаёмага хірурга. – Ці прыгадваюць пра вас пасля аперацыі? Калі нічога ад урача не трэба ўжо… А проста, сустрэўшы на вуліцы, яшчэ раз сказаць «дзякуй»?

– Ну-у-у-у-у, – задумаўся мой знаёмец. – А ведаеце, рэдка. Усё ж нашы колішнія пацыенты стараюцца хутчэй забыцца на непрыемныя моманты свайго жыцця, звязаныя з болем і пакутамі. А мы, атрымліваецца, напамін… Вось і не любяць з намі сустракацца.

Цяпер задумалася я. Мабыць, праўда, так і ёсць. Вось у пэўным сэнсе і разгадка, чаму медыцынскім работнікам мы таксама дзякуем раз на год – падчас прафесійнага свята. Хаця… Хацелася б, як за мяжой. Сямейнага доктара мець. Каб ведаў ён усё пра цябе дасканала. А мы б маглі, як раяць многія вытворцы лекаў, БАДаў, лекавых траў ды іншага, перад прыёмам пракансультавацца з ім. У любы час. Па тэлефоне ці ў вайберы… Можа, калісьці і ў нас да гэтага дойдзе?!

А пакуль… Пакуль я прыгадваю нашу Чэрвеньскую бальніцу, якой яна была гадоў 20 таму. Калі працавалі адны і тыя ж, часцяком мясцовыя ўрачы. Альбо прыезджыя, якія аселі ў Чэрвені ды так тут і засталіся. На ўсё жыццё. І калі твой тэрапеўт на ўчастку не мяняўся не тое што гадамі – дзесяцігоддзямі! Быў добра знаёмы з табой і тваёй сям’ёй (ну практычна сямейны ўрач!). І ты яму давяраў…

Шчыра прызнаюся: асабіста я не люблю бываць у паліклініках і бальніцах. Без крыўдаў толькі, добра?! Гэта з дзяцінства яшчэ ідзе. Пасля аднаго выпадку рэальна пабойваюся лячэбных устаноў і ніяк не магу сябе пераадолець. Таму стараюся не хварэць. Па магчымасці.

Але калі даводзіцца суправаджаць роднага чалавека ў адзін з РНПЦ… Прыязджаю адтуль хворай. Маральна. Бо столькі людскога гора бачыш!!! Тысячы людзей за дзень праходзяць перад вачыма. А як жа вытрымліваюць штодня ўрачы?! Столькі людскога болю і пакутаў! А мы… Раз у год павіншуем са святам і падзякуем. А можа, і не павіншуем. Хаця б на словах. Эх…

Калі хварэем самі альбо нашы блізкія… Калі боль накрывае раптоўна і даводзіцца выклікаць «хуткую»… З якой надзеяй мы пазіраем на тых, хто прыехаў да нас! Адратаваць, палегчыць пакуты… Каб можна было зноў дыхаць… І жыць… І хіба задумваемся пра тое, што хтосьці з-за сваёй маладосці, нявопытнасці, абыякавасці ці яшчэ чаго не зможа дапамагчы?! Ды мы літаральна молімся на людзей у белых халатах! Якімі ж усёмагутнымі здаюцца нам яны ў гэты момант! І часцяком мы чакаем ад іх звычайнага цуду…

Ведаю, як здзіўляюцца колішнія вучні, калі заканчваюць школу і самі ўжо становяцца дарослымі, бацькамі ўласных дзяцей. Маўляў, а настаўнікі-то таксама людзі! Са сваімі праблемамі, турботамі… Дык вось і ўрачы таксама людзі! І яскрава можна гэта зразумець, прачытаўшы матэрыял і паглядзеўшы відэа ў нашай аднайменнай рубрыцы. Можа, калі б наведвальнікі паліклінік гэта ўсведамлялі, дык і стасункі з урачамі ішлі б лягчэй і прасцей?!

Літаральна ўчора мне пашчасціла пабываць на ўрачыстасці ў Палацы Рэспублікі, прысвечанай Дню медыцынскіх работнікаў і 100-годдзю аховы здароўя Беларусі. І калі яна распачалася відэаролікам, створаным камандай нашага інфармацыйнага партала «Здаровыя людзі»… Ведаеце, такі гонар адчула! Абсалютна выпадкова «падгледзела» рэакцыю адной жанчыны, якая сядзела праз пару радоў ад нас. Яна выцірала слёзы. Пасля кадраў пра аварыю на ЧАЭС. Мабыць, штосьці асабістае прыгадала. Хаця калі я пабачыла іх упершыню, таксама плакала…

Падчас мерапрыемства гучала шмат віншаванняў, прыязных слоў, падзяк… Падчас канцэрта – дзесьці нават і высокім стылем… Але гэта так падбадзёрвае! Выклікае гонар за прафесію, узнімае на вышыню! І калі б медработнікі часцей такое чулі, думаю, гэта сапраўды б іх зараджала пазітывам, давала штуршок для далейшага самаразвіцця і ўдасканальвання, выклікала жаданне палегчыць людскі боль не толькі лекамі, а і добрым словам.

Вельмі ўразіла прамова новага міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка. Без «шпаргалкі», абсалютна нязмушана, проста і вельмі шчыра… Ну вось тое, што патрэбна і ў свята, і напярэдадні яго! Кажу не як супрацоўнік аддзела інтэрнэт-праектаў «Медыцынскага весніка», а як простая беларуска.

Разумею, што ў кожнага свой вопыт стасункаў з урачамі, свае гісторыі, уражанні… І гэта абсалютна натуральна. Але хочацца, каб мы сталі больш добрымі адзін да аднаго. Мы – да ўрачоў, а яны – да нас. А пакуль…

Пакуль мы шчыра віншуем з надыходзячым прафесійным святам і 100-годдзем аховы здароўя Беларусі ўсіх, хто з гонарам носіць белы халат. Здароўя вам моцнага, шчасця, кахання і любові, дабрабыту, пабольш спакойных дзён і начэй. І няхай часцей гучыць да вас, сказанае вельмі шчыра: «Дзякуй, доктар!»

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

188 0 55

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.