03.05.2020
03.05.2020

Мы клічам іх – яны да нас ляцяць…

logo
Думкі ўслых
0 72
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
І не хацела б наганяць суму ды тугі ў дзень выхадны, але ўсё ж давядзецца. Прабачце, гэта зноўку будзе допіс болю… Не ведаю, ці ўключанае ў беларускі народны каляндар свята… Ці ёсць у сістэме памінання продкаў… Але мая любімая мамачка была са Смаленшчыны, хаця і з колішняй беларускай яе часткі. Таму ўсё ж я напішу пра свята. Магчыма, хтосьці таксама захоча зрабіць гэтак. Па народнай традыцыі трэцяга мая – Акліканне продкаў.
Акліканне продкаў.

Вы верыце, што ТАМ таксама ёсць жыццё? І што душы нашых продкаў назіраюць за намі, апякаюць і нават дапамагаюць? Я веру… Дакладней, я так хачу ў гэта верыць!!! Бо проста невыносна адчуваць, што вельмі моцная сувязь з дарагім чалавекам пасля яго сыходу ў Вечнасць разарваная…

І ўсё ж недарэмна калісьці ўзнікла такая традыцыя. Людзі верылі, што менавіта ў дзень трэцяга мая душы памерлых, якія сумуюць па жыцці зямным, могуць наведаць сваіх нашчадкаў. Што паміж тым і гэтым светам на дзень знікаюць межы. І застаецца толькі адна, якую жывыя павінны дапамагчы пераадолець.

У гэты дзень прынята наведваць могілкі, плакаць-галасіць і клікаць сваіх дарагіх памерлых. Тады душы змогуць пераадолець апошнюю мяжу, прыляцець на Зямлю і пагасцяваць у сваім жытле да апоўначы.

Але ж не ва ўсіх можа атрымацца наведаць сёння могілкі. Тады можна проста паклікаць продкаў з ганку. Але мне падаецца, клікаць можна і проста з дому альбо кватэры. Услых ці ў думках. Галоўнае – клікаць.

Зрэшты, асабіста я гэтак раблю штодня… З 16 красавіка, калі мая любімая мамачка нас пакінула. Я штохвілінна думаю пра яе, плачу, клічу… Дзе б я ні была – дома, на дачы… Усюды – яна. Усюды – успаміны пра яе…

Я так спадзяюся, што хаця б сёння, у магічны дзень, мамачка сапраўды мяне пачуе. А я зноўку адчую нашую сувязь. Бо за ўвесь гэты час толькі аднойчы ў сне пачула яе голас, і аднойчы мамачка да нас прыйшла. У маім жа сне. Пад раніцу ўжо. І абодва разы гэта было так сумна і балюча… Бо я зразумела, што яна ўсё яшчэ пакутуе там… А я – тут…

Па народных традыцыях сёння ладзіцца таксама памінальны абед. На стале павінна быць шмат страў, сярод іх абавязкова гарачыя і кісель. З трох лыжак апошняга і пачынаецца частаванне. Усё гэта робіцца для спакою продкаў. Каб яны бачылі, што іх нашчадкі добра жывуць. У сэнсе – не галадаюць.

Для старэйшай душы ставяць стул, яе запрашаюць на пачэснае месца. А вось на папярэчыны стула альбо стала ногі ставіць жывым забараняецца. Лічыцца, што менавіта там размяшчаюцца душы памерлых.

Не ведаю, што тут праўда, а што – проста народныя ўяўленні… Але я, чалавек зусім не рэлігійны, у гэта веру… Па-свойму. Ну трэба ж у штосьці верыць!!! І вельмі хачу атрымаць хаця б які знак ад сваёй мамачкі… Што яна мяне бачыць і чуе…

Душы дарагіх памерлых іх нашчадкі выходзяць праводзіць на ганак. Лічыцца, што яны пакідаюць гэты свет апоўначы…

Што яшчэ вядома пра сёння? Па народных прыкметах трэцяга мая забаронена лавіць рыбу. Забаронена таксама спрачацца, каб не засмучаць душы продкаў. А вось разводзіць жывы агонь у печцы альбо каміне лічыцца добрым знакам. Але такая магчымасць таксама ёсць далёка не ў кожнага. Таму, лічу, што і полымя свечкі будзе дарэчы…

… Як мне падаецца, галоўнае – адчуць настрой гэтага дня, пераняць асноўнае. Зрабіць усё адзін у адзін з тымі, хто жыў, напрыклад, у мінулым стагоддзі, усё роўна не атрымаецца. Жыццё іншае, і мы іншыя… Але так хочацца, каб нашыя дарагія людзі, якіх мы страцілі, хаця б на дзень, хаця б нябачнымі і нячутнымі, а ўсё ж вярнуліся да нас…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 72

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".