21.05.2017
21.05.2017

Мы – тое, у што мы апранаемся!

logo
Прыгажосць і догляд
0 521
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Адзенне, як нішто іншае, дэманструе свету наш светапогляд, прыналежнасць да той ці іншай субкультуры ці прафесіі. З дапамогай адзення можна выказаць адкрыта пратэст альбо заявіць пра сябе як пра частку соцыуму, ці прадэманстраваць сваю яркасць, неардынарнасць, крэатыўнасць.

Але, як бы там ні было, уменне апранацца прыгожа і дарэчы – важная частка нашага ўнутранага свету, гармоніі з сабой і тымі, хто побач. Стыльна, прыгожа, густоўна апрануты чалавек заўсёды прыцягвае ўвагу, прымушае браць прыклад, і ніколі не застанецца незаўважаным. І да гэтага трэба быць маральна гатовым!

У прыгожа апранутага мужчыны самі сабой распраўляюцца плечы, спіна становіцца роўнай, а хада – нязмушанай. А жанчына, апранутая з густам, неадкладна прыцягвае ўвагу супрацьлеглага полу, што робіць яе хаду жаноцкай, ўсмешку – прывабнай, і яна пакідае пасля сябе шлейф загадкавасці і зачаравання.

Вы ніколі не заўважалі змены паводзінаў, унутранага адчування ўпэўненасці ў сабе, калі апраналі класічны касцюм ці вячэрнюю сукенку? Прыгожая вопратка – гэта самы просты спосаб паказаць свету, якім вы хочаце быць.

Як апранацца правільна?

Мы можам доўга і ўпарта вывучаць сайты мод, сачыць за паказамі знакамітых дызайнераў, але для таго, каб у паўсядзённым жыцці выглядаць годна, выклікаць захапленне і адчуваць сябе камфортна, гэтага відавочна недастаткова.

Калі вы вырашылі змяніць сваё жыццё, прыўнесці ў яго нешта новае, змена гардэроба стане свайго роду тэрапіяй і значным крокам наперад.

Як правільна абнавіць гардэроб, не выкінуўшы пры гэтым грошы на вецер?

У першую чаргу, неабходна скласці базавы гардэроб. Памятайце пра тое, што класіка вечная. Яна падкупляе прастатой, стрыманасцю і ўніверсальнасцю. Да вартасцяў класічнага адзення можна аднесці і той факт, што яно выдатна камбінуецца з рознымі прадметамі гардэроба.

У наяўнасці абавязкова неабходна мець і пару яркіх рэчаў. Такое адзенне падыме настрой, вылучыць з натоўпу, а спалучаць яго можна нават з класічным гардэробам.

Калі выбіраеце абноўку, заўсёды візуальна ўяўляйце, з чым вы зможаце яе спалучыць. Менавіта камбінаванне рэчаў дасць магчымасць не быць аднастайным, здзіўляць і дэманстраваць густ.

Ніколі не забывайце, што рэч, якая б ўльтрамодная яна ні была, павінна падыходзіць вашаму тыпу фігуры і падкрэсліваць яе вартасці. Не трэба, з мэтай дагадзіць пераменлівай модзе выстаўляць напаказ тое, што было б нядрэнна схаваць.

Падбор адзення па колеры скуры:

  • Уладальнікам вельмі светлай скуры ідэальна падыдуць халодныя тоны, адценні шэрага, бледна-ружовы, а таксама травяны і цёмна-сіні колеры.
  • Калі ж ваша скура сярэдне-светлага адцення, звярніце ўвагу на пастэльныя тоны, халодныя сінія і чырвоныя колеры. Аранжавы колер у гэтым выпадку супрацьпаказаны.
  • З сярэдне-смуглым адценнем скуры выдатна спалучаюцца слівавы колер, металічныя адценні, а таксама ярка-сіні, насычаны пурпурны, колер чырвонага віна.
  • Смуглую скуру выдатна адцяняюць насычаныя колеры (цёмна-зялёны, глыбокі сіні, напрыклад), цёплы чырвоны тон, блякла-жоўты.
  • З цёмнай скурай выдатна спалучаюцца ярка-аранжавы, чырвоны колер, сіні кобальт і яркі барвовы.

Як правільна спалучаць рэчы ў гардэробе?

У першую чаргу неабходна звярнуць увагу на спалучэнні колераў адзення. Тут працуюць некалькі правілаў.

  1. Пажадана выкарыстоўваць у адным камплекце адзення не больш як тры колеры.
  2. Халодныя колеры варта спалучаць з халоднымі, а цёплыя – з цёплымі. Чорны і белы – універсальныя колеры і добра спалучаюцца з любымі тонамі.

Варта адзначыць, што розныя колеры вопраткі могуць выкарыстоўвацца і для вонкавай змены прапорцый. Так, высокім дзяўчатам рэкамендуюць спалучаць два колеры ў адным камплекце адзення.

Для невысокіх магчымая карэкцыя росту з дапамогай прапорцый: прыніжаная талія вонкава паменшыць рост, а завышаная – павялічыць.

Яшчэ адно правіла спалучэння асобных элементаў гардэроба – выкарыстанне ў адным камплекце рэчаў, аднолькавых па стылі. Пагадзіцеся, класічныя штаны са спартыўнай футболкай наўрад ці зробяць станоўчае ўражанне.

Асаблівую ўвагу трэба надаць абутку. Вядома, тут шмат чаго залежыць ад сезону, індывідуальных пераваг. Але пры выбары класічнага ці паўсядзённага абутку аддавайце перавагу класічным колерам (чорны, карычневы, белы, бэжавы), што выдатна спалучаюцца з любым стылем.

Дзякуючы гэтым простым правілам, вы зможаце заўсёды выглядаць стыльна, дарэчы і выклікаць захапленне ў тых, хто навокал.

Як захаваць дрэс-код і не згубіць уласны стыль?

Многія працадаўцы патрабуюць ад сваіх супрацоўнікаў пэўнага знешняга выгляду. А некаторыя структуры ўводзяць строгі дрэс-код. У адным выпадку абавязковая ўніформа, у іншым – сваім знешнім выглядам офісныя работнікі прэзентуюць не толькі сябе, але і кампанію ў цэлым.

Што рабіць, калі дрэс-код ненавісны, а прытрымлівацца яго трэба?

 Выйсце адно: калі не можаце змяніць сітуацыю, змяніце стаўленне да яе. Чаму мы не разглядаем дрэс-код як інструмент, што можа дапамагчы ў дасягненні мэтаў? Паверце, супрацоўнік, які ўмее любую сітуацыю павярнуць сабе на карысць, куды хутчэй прасунецца па кар'ернай лесвіцы. А ўсё з-за таго, што адзенне, як ні дзіўна, здольнае трансліраваць інфармацыю пра нас. Дзяўчына ў міні і з глыбокім дэкальтэ не ўспрымаецца як сур'ёзны дзелавы партнёр.

У кожнага чалавека, асабліва з дзелавых колаў, гадамі ствараецца і адпрацоўваецца стэрэатып таго, як выглядае чалавек, якому можна давяраць.

Як апрануцца прыгожа і па правілах?

 Што тычыцца мужчын, то ім, напэўна, у нейкай ступені пашанцавала. Паколькі адсутнасць выбару часам дазваляе надаваць больш увагі значным рэчам. Узгадайце Марка Цукерберга. Яго гардэроб не адрозніваецца асаблівай разнастайнасцю. Гэта джынсы, чорныя футболкі і спартыўная кофта. А ўсё чаму? Ды таму што такім людзям неабходна прымаць сотні важных рашэнняў штодня, і хоць бы ў выбары адзення ім хочацца, каб усё было проста.

Дзелавы вобраз мужчыны прадугледжвае нашэнне касцюма. І ўсё. Тут ужо моцна не разысціся. Але ёсць дробязі, на якія нельга не звярнуць увагу. Касцюм павінен ідэальна сядзець па фігуры, адпавядаць сезону. Правільныя аксэсуары – вось ключ да стварэння вобразу паспяховага, дзелавога чалавека. Не забывайцеся на гэта і не грэбуйце імі.

У жанчын усё значна складаней. Надзець спадніцу ці штаны, блузку ці сукенку, кардыган ці пінжак, туфлі на абцасах ці плоскай падэшве – гэтыя пытанні штодня мучаць мільёны жанчын па ўсім свеце.

Крайнасці небяспечныя. Вобраз не павінен быць кідкім, не павінен паведамляць пра імкненне жанчыны наладзіць асабістае жыццё, роўна як і рабіць з яе шэрую мыш.

Памятаеце, што дзелавы дрэс-код – гэта не абавязкова манахром. Пінжак можа адрознівацца па каляровай гаме ад штаноў ці спадніцы. І ад гэтага камплект стане толькі лепш.

У летні час разбаўляйце цёмныя тоны класічнага дрэс-кода пастэльнымі, цёплымі, светлымі колерамі.

Лаканічны крой рэчаў пакажа вашу стрыманасць, але хто сказаў, што нельга дапоўніць іх аксэсуарамі, каб падкрэсліць індывідуальнасць?

Будзьце ўмеранымі ва ўпрыгажэннях, але ні ў якім разе не адмаўляйцеся ад іх.

Калі чорны, белы, шэры колер – гэта сімвалы ўладарнасці, лідарскіх якасцей і моцнага характару, то нотку жаноцкасці ў ансамбль можна ўнесці з дапамогай яркіх туфляў.

Як бы там ні было, не адзенне ўпрыгожвае чалавека. Развівайцеся духоўна, інтэлектуальна, фізічна. І вопратка стане вашым выдатным дапаўненнем.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 521

Глядзіце таксама