21 Лютага
21.02.2021

«Мы зноў прызнаемся ў любові сваёй». Сёння – Міжнародны дзень роднай мовы (+тэст)

logo
Думкі ўслых
0 082
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Размаўляць-не размаўляць, вучыць-не вучыць, любіць-не любіць… Ужо колькі дзесяцігоддзяў, калі толькі распачынаецца гаворка пра беларускую мову і яе распаўсюджванне, людзі задаюць сабе гэтыя пытанні. І сёння, у Міжнародны дзень роднай мовы, мы ўпэўнена кажам: «Так!» Размаўляць, вучыць, любіць! Як малыя дзеці, пачынаць з некалькіх слоўцаў, складваць іх у сказы, сказы – у аповеды…

Міжнародны дзень роднай мовы. Размаўляем па-беларуску.

Ужо амаль 30 гадоў я штодня размаўляю на роднай мове, пішу на ёй, стасуюся, радуюся і сумую, падтрымліваю і спачуваю... А як усцешна, што апошнім часам у сеціве сустракаю ўсё больш і больш аднадумцаў, якія жывуць не толькі ў Беларусі. Як прыемна даведвацца, што не забываюцца мовы сваёй у Расіі і Эстоніі, Літве і Германіі, Чэхіі і Японіі…

За час працы на інфармацыйным партале Здаровыя людзі пра гэтае цудоўнае свята – Міжнародны дзень роднай мовы – распавядаю ўжо трэці раз (думкі ўслых папярэдніх гадоў можна прачытаць тут і тут). Таму, не марудзячы, пераходзім да справы! Тэст! Давайце праверым, як добра вы памятаеце вершы беларускіх паэтаў-класікаў і іх біяграфіі, а таксама што чулі пра сучасных аматараў беларускай паэзіі.

Проста адказваем на ўсе 10 пытанняў па парадку, а затым націскаем на «Даведацца больш».

Міжнародны дзень беларускай мовы. Партрэты класікаў літаратуры.

  1. Хто назваў беларускую мову «ільняной, жытнёвай, сялянскай»?

а) Янка Купала

б) Максім Танк

в) Пімен Панчанка

  1. Маці слыннага беларускага паэта Максіма Багдановіча была родам з:

а) Койданава

б) Ігуменя

в) Прапойска

  1. Хто гэтак сумна распавядаў пра сваё чаканне вясны:

Вясна, вясна! Не для мяне ты!
Не я, табою абагрэты,
Прыход твой радасны спаткаю, –
Цябе навек, вясна, хаваю.

а) Якуб Колас

б) Уладзімір Караткевіч

в) Янка Купала

  1. А хто так паэтычна напісаў пра дождж і каханне?

Сыпле з раніцы дождж,

Ды й даволі густы,

Па тэорыі подласці,

Добра вядомай.

Я чакаю цябе.

Я чакаю, а ты

З-за дажджу засталася, напэўнае, дома!

а) Ніл Гілевіч

б) Генадзь Аўласенка

в) Рыгор Барадулін

  1. Рыгор Барадулін меў чорнага катка з белымі лапкамі і манішкай па мянушцы:

а) Васька

б) Сімба

в) Мірон

  1. Хто гэтак прызнаваўся ў любові да беларускай мовы?

Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!

а) Ніл Гілевіч

б) Генадзь Бураўкін

в) Сяргей Законнікаў

  1. Якую міфалагічную істоту згадаў Максім Багдановіч у сваім вершы, які пачынаецца так:

Стаяў калісь тут бор стары,
І жыў… у тым бары.

а) Балотніка

б) Лесуна

в) Дамавіка

  1. Словы песні «Я не ганю землі чужыя…», якую мы памятаем у выкананні Данчыка, належаць:

а) Генадзю Бураўкіну

б) Рыгору Барадуліну

в) Данчыку

  1. Захавай маю мову для родных маіх,
    Захавай не як памяць, а кветку жывую,
    Захавай маю мову, як зрок і як слых,
    Як мелодыю свету, якую я чую.

Гэтыя душэўныя радкі напісаў:

а) Генадзь Аўласенка

б) Алесь Ставер

в) Навум Гальпяровіч

  1. І, нарэшце, прыгадаем пра жанчын! 🙂 Чый верш заканчваецца гэтым чатырохрадкоўем?

Хай мова птушкай лётае па свеце,

Няхай яе палюбяць нашы дзеці,

Што падрастуць і скажуць без прымусу:

– Мы ганарымся тым, што беларусы!

а) Наталлі Арсенневай

б) Еўдакіі Лось

в) Святланы Адамовіч.

Ну, а цяпер –  адказы + вынікі.

За кожны правільны адказ налічваем сабе 1 бал, за няправільны – 0 балаў.

Міжнародны дзень роднай мовы. Падлічваем балы.

З Міжнародным днём роднай мовы, сябры! Будзьма разам!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 82

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.