28.03.2022
28.03.2022

«Мяне ўспрымалі як выскачку». Адна з самых маладых мастацтвазнаўцаў Беларусі расказала, як не баяцца крытыкі

logo
Асобы i лёсы
0 279
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Мастацтвазнаўца Аксіння Сяліцкая-Ткачова стала вядома шырокай публіцы Беларусі ў 2016 годзе, калі адкрыла першы выставачны праект, прысвечаны знакамітаму мастаку Барысу Аракчэеву. На той момант дзяўчыне было 28 год.

У Беларусі прафесія мастацтвазнаўцы не з'яўляецца папулярнай, менавіта таму Аксіння выклікала цікавасць ў многіх калег, абурэнне і нават сумненне. Тым не менш, за сем гадоў актыўнай дзейнасці яна даказала, што з'яўляецца прафесіяналам. У краіне яе называюць адным з вядучых мастацтвазнаўцаў.

Мода, музыка ці мастацтва?

— Калі ў мяне пытаюцца, колькі гадоў я ў прафесійным мастацтве, то, як правіла, загадзя мяркуюць каля дзесяці. Насамрэч актыўна займацца мастацтвазнаўствам, курыраваннем выставак я пачала толькі гадоў 6-7 таму. Першапачаткова планаў прысвяціць жыццё мастацтву не было. Першае, што мяне стала прыцягваць — гэта мода. Доўгі перыяд хацелася быць мадэльерам, дызайнерам адзення. Да сённяшняга дня захаваліся сшыткі з маімі першымі накідамі жаночага адзення. Але гэта засталося марай. Тым не менш менавіта гэты факт стаў першым званком, які дапамог вызначыць, што сфера мастацтва мне цікавая.

Доўгі час Аксіння захапляецца вывучэннем мастацкай літаратуры, пачынаючы ад еўрапейскіх казак, заканчваючы больш сур'ёзнымі ўзорамі сучаснай літаратуры. Але вызначальным фактарам у выбары будучай прафесіі, як ні дзіўна,  для дзяўчыны стала вучоба ў музычнай школе.

Аксіння Сяліцкая

— Мая сям'я заўсёды была далёкая ад мастацтва. Мама інжынер, а тата – фізік. Ва ўзросце 6-ці гадоў маці аддала мяне ў музычную школу па класе фартэпіяна, кіруючыся тым, што калісьці яе таксама ў 6 гадоў мая бабуля адправіла займацца музыкай. Дзесяць гадоў я вучылася там, а пасля чатыры у музычным вучылішчы. На трэцім курсе, калі сталі вывучаць музычны імпрэсіянізм, я зразумела, які напрамак цікавіць мяне ў мастацтве.

Захапілася жывапісам, спецыялізаванай літаратурай, графікай. У мяне заўсёды было дзве школы: агульнаадукацыйная і музычная. Спачатку ставілася да музыкі як да абязалаўкі. Вучылася, бо мама песціла мару, што я буду музынтам. Да заняткаў нават не рыхтавалася: была упартым дзіцем. Але не гледзячы на ​​гэта ў конкурсах і канцэртах удзельнічала. Першыя восем гадоў мяне ўпрошвалі скончыць музыкалку, а пасля ўцягнулася і стала ўспрымаць музычную школу як школу нумар адзін.

Дзень Аксінні заўсёды быў распісаны па хвілінах: першую змену яна хадзіла ў агульнаадукацыйную школу, а да гадзіны ці двух ляцела ў музычную. Так 5 дзён на тыдзень. Дадому прыязджала позна, рабіла ўрокі. Да гэтага часу з уздрыгваннем успамінае фізіку і геаметрыю. А ў выходныя па 8-10 гадзін займалася на фартэпіяна.

— Мне ў вольны час заўсёды хацелася пайсці пагуляць, адарвацца, але з гадамі стала з'яўляцца самадысцыпліна, якая не дазваляла губляць час дарма. Я баялася меркавання аднакласнікаў, бо музычная школа давала ім нагоду лічыць мяне батанікам. А потым я вырашыла не звяртаць увагу на чужое меркаванне, і гэтая якасць да гэтага часу мне вельмі дапамагае. Я заўсёды сябе адчувала белай варонай, асабліва калі маё жыццё было падзелена на дзве школы.

Станаўленне

Аксінне стала лягчэй толькі ў музычным вучылішчы, калі патрапіла ў асяроддзе людзей, якія таксама жылі музыкай. Толькі першыя два-тры месяцы вучобы прыйшлося прывыкаць да шуму: у музвучылішчы ніколі не бывае ціха, заўсёды хтосьці займаецца ў класах ці калідорах. А потым, як расказвае дзяўчына, калі гулу і шуму вакол не было чуваць, ёй заўсёды чагосьці не хапала.

Аксіння Сяліцкая

— Цягам апошніх двух гадоў вучобы ў вучылішчы я мэтанакіравана хацела паступаць у Акадэмію музыкі. Разглядала розныя варыянты: Расію, нашу мінскую акадэмію. Калі надышоў момант выбіраць: быць практыкуючым піяністам або тэрэтыкам, я нечакана для сябе выбрала другое. Гэта быў 2008 год. Паступіла на спецыяльнасць «Сусветная і айчынная культура» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Там адукацыйны працэс быў падобны на мікс з мастацтвазнаўства і культуралогіі, нас вучылі філасофскаму асэнсаванню ўсіх культурных працэсаў. Тады ж я і палюбіла жывапіс.

Падчас вучобы ва ўніверсітэце Аксінья атрымала добрую тэарытычную базу. Потым быў перыяд, калі яна выкладала ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава. І з таго часу ўсё часцей яе сталі наведваць думкі, а ці не паспрабаваць выкладаць ці праявіць сябе з практычнага боку – адкрыць выстаўку, напісаць прафесійны артыкул у спецыялізаванае выданне.

Ёй хацелася выйсці ў больш шырокае кола чытачоў і гледачоў. Першы вопыт быў хвалюючы: хвалявалася, таму што не ведала, як яе ўспрыме старэйшае пакаленне мастацтвазнаўцаў. Калі сёння адкрываеш выстаўку альбо рэалізуеш праект, ад цябе чакаюць адпаведнага прафесійнага ўзроўня. А наколькі гэта магчыма, калі табе 28?

— Быў перыяд, калі я пачынала змагацца са страхам. Тады мой муж сказаў, што я павінна для сябе вырашыць, буду я добрым выкладчыкам і пайду па навуковай, тэарытычнай лініі прафесійнай дзейнасці або акунуся ў свабоднае плаванне і буду выбіраць для сябе найлепшыя варыянты далейшай працы на практыцы. Я выбрала другі варыянт.

Першы культурны праект Аксінні адбыўся ў 2016 годзе. Да гэтага яна арганізоўвала адзінкавыя выстаўкі нічым не звязаных паміж сабой мастакоў. Пакуль самы галоўны праект  у яе прафесійнай дзейнасці прысвечаны мастаку Барысу Аракчэеву, які дзяўчына стварыла з цыкла мерапрыемстваў: выставак і вечароў памяці. Над праектам, які ў выніку выліўся ў манаграфію («Барыс Аракчэеў. Этапы вялікага шляху»), мастацтвазнаўца працавала 2,5 гады.

Аксянья Сяліцкая 3

— Калі была скончана манраграфія, я ўспрымала яе як сваё дзіця — першынца. І сёння маёй кнігай часта цікавяцца. Памятаю, што да першых пакупнікоў я ставілася вельмі рупліва, з'яўляўся сум, што мой дэбют як мастацтвазнаўцы ўжо адбыўся.

Грамадства беларускіх мастацтвазнаўцаў аказалася не самай адназначнай у той момант. Паколькі арт-рынак не такі буйны і шырокі як у Расіі ці Еўропе, то кожны прадстаўнік арт-супольнасці ў якасці мастацтвазнаўцы спрабуе ўрваць свой кавалак. Рэакцыя на поспех Аксінні была рознай.

— У мяне атрымалася арганізаваць моцны праект, і гэта  выклікала не толькі радасныя водгукі, але негатыў і крытыку. Такая рэакцыя, натуральна, была звязаная з узроставымі крытэрамі. Не заўсёды ў мяне верылі і не заўжды прымалі. Было цяжка. Але я разумела, што калі ўзялася за справу, то павінна давесці да канца, чаго б гэта не каштавала. Крытыка была менавіта з боку старэйшага пакалення. Цяпер я разумею, што, магчыма, крытыка, была канструктыўная, і трэба зважаць увагу на меркаванне людзей, якія ўжо 30 гадоў працуюць у мастацтве, але і сваё адстойваць. Мяне спачатку ўспрымалі як выскачку. Былі ў асяроддзі людзі, якія ў твар казалі, што нічога не атрымаецца. Вядома, крыўдзіла, але ў мяне побач была галоўная падтрымка – мой муж. Мы заўсёды былі блізкія па духу і прафесійна.

Жыццё з мастаком

Муж Аксінні знакаміты беларускі мастак Аляксандр Сяліцкі, творчасць якога засноўваецца на сучаснай інтэрпрэтацыі традыцый рэалістычнага мастацтва. Пара сёлета адзначае 12 гадоў сумеснага жыцця.

— Я ніколі не хацела мужа мастака, заўсёды была ўпэўненая, што мой муж будзе музыкантам. Калі пазнаёмілася з Сашам і даведалася, што ён мастак, была здзіўлена. Я ведала шмат біяграфій розных аўтараў і мысліла шаблонамі: якімі б мастакі не былі практычнымі, яны ўсе не з нашай планеты. І гэта трэба прыняць. Яшчэ першапачаткова вырашыла не перарабляць мужа пад свае стэрэатыпы. Разумею, што хто-небудзь на маім месцы ўжо б разышоўся, але я заўсёды спакойная.

Аксіння і Аляксандр Сяліцкія

Розніца ў сужэнцаў 7 гадоў. Калі пазнаёміліся, Аксіння была студэнткай, а Аляксандр выкладчыкам. Момант няёмкасці прысутнічаў. Але з часам межы сцерліся, і кожны змог сябе знайсці і ў творчасці, і ў жыцці. Самымі складанымі ў іх сям'і былі першыя тры гады падчас прыціркі. Аляксандр заўсёды прапанаваў Аксінье ўзяць у руку пэндзаль і паспрабаваць памаляваць. Першыя пяць гадоў дзяўчына адчувала страх чыстага ліста, аднак апошні час муж і жонка разам малююць ў хатняй майстэрні.

— Не гледзячы на ​​тое, што я тэарэтык, я сама стала падцягвацца да Сашы, каб больш зразумець яго свет, жыццё. Муж часам жартуе: «Глядзі, хутка разам агульную выстаўку адкрыем».

Стыль мастацтвазнаўцы

У кожнага мастацтвазнаўцы ёсць галоўная карціна, з сэнсам якой ён звязвае жыццё. Да такой Аксіння адносіць работу малавядомага французскага аўтара Эміля Бернара «Мадлен у лесе кахання». Работа далёкая ад ідэальнай і вытанчанай. Яна зачапіла дзяўчыну ўнутраным зместам.

Наогул стыль мастацтвазнаўцы – асаблівая тэма для размовы. Аксіння ўпэўнена, што мастацтвазнаўца ніколі не будзе апранацца як усе, не будзе прытрымлівацца моды.

— Калі чалавек больш схільны да класічнага мастацта, як правіла ён выбірае такі ж стыль і каларыстыку ў адзенні, калі цікавы авангард – стылістыка адпаведная. Асабіста я люблю сукенкі. Іх у мяне ў гардэробе шмат, нашу з задавальненнем, а перавагу аддаю менавіта цёмным адценням.

Аксіння Сяліцкая 4

Разам са стылем і выбарам дызайну, кожны мастацтвазнаўца аддае перавагу пэўнаму колеру. Многія выбіраюць чырвоны: асацыюецца з колерам жыцця, энергіяй. Аксіння любіць чорны колер, таму што адчувае сябе ў ім камфортна і абаронена.

— Не лічу гэты колер змрочным або жалобным. Магу насіць нават улетку. Але ў апошні час пачала эксперыментаваць: насіць джынсы ў нямецкім стылі ў спалучэнні з класічнымі блузкамі. Дарэчы, у мяне на выбар адзення яшчэ ўплывае жыццёвая сітуацыя. Я пра моду магу казаць шмат, але за ёй ніколі не рухалася. Адзінае што магу падкрэсліць, мас-маркет, трэндавыя рэчы – не мая гісторыя. Мой стыль падобны на карціны Эдварда Мунка. Я, як і ён, часта спалучаю цёмныя тоны з яркімі адценнямі, а вось па музычнасці ліній я больш падобная на Ван Гога. Не люблю строга геаметрычных арнаментаў, выбіраю пластычнасць. У Мадзільяні на палатне «Жанна» мы можам убачыць сінюю маленькую сукенку, такая ж з нядаўняга часу прысутнічае і ў маім гардэробе, чым я ганаруся.

Планы

У будучыні мастацтвазнаўца хоча паспрабаваць сябе ў фатаграфіі. Яна не спыняцца толькі на жывапісе, паглыбляецца ў розныя кірункі творчасці, сама пачынае ствараць прадукты мастацтва. Аксіння спрабуе сябе ў жывапісе  – прычым не ў алейным, а акрылавым. У мастацтвазнаўстве плануе працаваць менавіта са знакавымі мастакамі класічнага напрамку, чые работы былі ацэненыя часам.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 279

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама