15.03.2022
15.03.2022

Мяне завуць Лахнэска (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 62
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

У невялікай сажалцы апалонікаў ажно кішыць. Неўзабаве яны адгадуюць лапкі, скінуць хвосцікі і стануць жабкамі.

Гэтага чакае – не дачакаецца і апалонік Апалон.

Апалонам яго назвала адна з дарослых жаб. Яны часта наведваліся да сажалкі – паглядзець, як расце маладняк.

Апалонікі

– Вось гэты – самы спрытны. І самы ВЯЛІКІ! – штораз захоплена казала жаба. – Якая дасканалая форма галавы! А хвост! Сапраўдны Апалон!

Пра Апалона, бога прыгажосці, жаба даведалася, калі лавіла камароў пад вокнамі мастацкай вучэльні і пачула лекцыю па гісторыі старажытнай Грэцыі. Ад той пары яна не ўпускала нагоды паказаць сваю адукаванасць!

Так апалонік атрымаў мянушку і перакананне, што быць вялікім – несумненнае шчасце.

Слова «вялікі» пульсавала ў кожнай яго жылцы, але ўтайне Апалон пераймаўся.

– Жабка застанецца жабкай, нават калі падрасце. Не цягацца ёй ні з кракадзіламі, ні з бегемотамі, –  разважаў Апалон. –  Ды што заморскія жывёлы! Нават з Красуляй не зраўняцца жабцы ў памерах!

Аднойчы ўначы сумненні асабліва даймалі Апалона. Не спалася, і ён плаваў пры месяцовым святле.

Жабка Апалон

Раптам нечая галава прыпала да вады і засапла.

–  Красулю не забралі з поля! – перапалохаўся Апалон і што духу сігануў на глыбіню.

Каровы Красулі апалонікі баяліся. Яна пасвілася непадалёк, і аднойчы так рыкнула над вадой, што ў апалонікаў ледзь не паадвальваліся хвосцікі. Тым разам абышлося, але раптам зараз Красуля надумала выжлукціць у сажалцы ваду?

Апалон назіраў за істотай.

Калі гэта Красуля, куды падзеліся яе рогі? Чаму не бачна вушэй?

Набраўшыся адвагі, апалонік паціху пачаў падымацца наверх.

Вочы істоты зіхацелі, адбіваючы месяцовае святло, і Апалону было страшна так, што хвост млеў. Аднак цікаўнасць была мацнейшай –  і ён вытыркнуўся з вады.

–  Ты хто? – уздыхнула істота, і ў яе голасе апалонік пачуў захапленне.

–  Я – Апалон! – апалонік выкаціў колам грудзіну і наструніў, каб выдаваць большым, хвост. – Мяне кожны ведае! А ты – хто? Такой грамадзіны я тут раней не заўважаў!

З вачэй істоты выкаціліся і ўпалі ў ваду дзве агромністыя слязіны.

–  Лахнэс-навахнэс, –  сумна прамовіла яна. – Твая праўда! Я – грамадзіна.

– Не плач! – перапалохаўся Апалон. –  А то сажалка выйдзе з берагоў!

Істота цяжка ўздыхнула, але адвярнулася, і цяпер яе слёзы падалі на зямлю.

Апалонік назіраў за незнаёмкай.

–  Даруй, –  падаў ён голас, –  ты, часам, не апалонік? Ты вельмі падобная да нас, толькі вялікая! Ты натхняеш мяне сваім выглядам!

–  Натхняю? – Здзівілася істота.

Лахнэска

–  Ну так! Я –  маленькі апалонік, але мару стаць вялікім! Хачу вырасці такім, як ты!

Істота перастала плакаць.

–  Навошта расці вялікім! Ты такі ладны! Гэта я б хацела быць такой як ты! Ды, на жаль, я не апалонік!

–  Але ж і не карова? – разгубіўся збіты з панталыку Апалон.

–  Я – Лахнэска, – узрушылася незнаёмка, – а ніякая не карова! Хаця адна рыбіна ў возеры Лах-Нэс дражніць мяне менавіта так! Праз яе я і з дому збегла!

–  А як выглядае тая рыбіна? – зацікавіўся апалонік.

–  Касцістая і танюткая, як пруток!

– Дык яна зайздросціць! Ты – прыгожая! Такіх больш няма!

Лахнэска недаверліва зірнула на Апалона.

– Ведаеш, колькі я праплыла па марах, азёрах і рэках перш, чым трапіць сюды? І паўсюль чула: цяпер мода на пляскатых, як камбала, ці на доўгіх і тонкіх, як вугорыч! Быць вялікай старамодна!

– Яны нічога не кемяць у красе!

– Марская Зорка смяялася з мяне…

– Яна баялася, што яе зорнасць патухне побач з табой!

– Але мне і маім родзічам спакою няма нават у родным возеры! Думаюць, калі мы такія вялікія, дык пусцімся ўсіх крыўдзіць! А мы самі хаваемся ад свету!

У Лахнэскі з вачэй зноў закапалі слёзы.

Апалонік да сябе не мог дайсці ад здзіўлення. Такая вялікая, такая гожая – і каб так не разумець свайго шчасця! Яму закарцела зрабіць для новай знаёмай штосьці добрае.

– Я! Стану! Супержабам! Дастану! Табе! З неба! Зорку! Каб ты ведала, што самая прыгожая! Я б дастаў і месяц, але ён вялікі, не адужаю!

Лахнэска

Лахнэска засмяялася.

– А ты ведаеш, чаму месяц здаецца большым за зоркі? Ён бліжэйшы да зямлі. Можа, тыя драбнюткія, як мак – і ёсць самыя вялікія. Толькі яны ду-у-ужа далёка, і мы не можам разгледзіць гэтага, – сказала яна і дадала: – Не ўсё, што выглядае маленькім – маленькае па сутнасці. Вось у цябе – вялікае сэрца!

– Але ж, – сумеўся Апалон, – і маленькае падабаецца не ўсім! Я пра вялікае мару!

– А давай сябраваць! – прапанавала Лахнэска. – Ты марыш пра вялікае, мяне захапляе маленькае – нам будзе цікава разам!

Так Лахнэска і Апалон пасябравалі.

Лахнэска раскзала Апалону пра возера Лах-Нэс, дзе жывуць апошнія на зямлі дыназаўры. Яны мусяць хавацца ад старонніх вачэй, бо не толькі Марская Зорка і касцістая рыбіна не любяць іх. Людзі, якія амаль нічога не ведаюць пра іх род, празвалі лахнэсак пачварамі!

– А ў чым наша віна? Гіганты і карлікі ёсць нават сярод зор! Усе – розныя! – сказала Лахнэска.

Сябры сцішыліся, думаючы пра разнастайнасць свету.

Раптам па небе пакацілася зорка. Трэба было паспець загадаць жаданне!

«Хачу стаць прынцэсай!» – падумала Лахнэска.

«Хачу стаць рыцарам, каб бараніць яе!» – загадаў Апалон.

Пашчасціла сябрам! Зорка, на якую яны загадалі, выконвала жаданні адразу. Зараз жа Лахнэска ператварылася ў вытанчаную прынцэсу, Апалон – у годнага рыцара.

Нібы ў эльфаў, у іх выраслі крылцы. Сябры лёталі ў небе і смяяліся так звонка, што было чуваць і над сажалкай, і над возерам Лах-Нэс.

А калі пачало днець, яны спусціліся на зямлю і зноў сталі такімі, якімі былі. Але цяпер апалонік ні кроплі не сумняваўся, што будзе вялікім і дастане зорку з неба.

Лахнэска ж абгледзела сябе з усіх бакоў і здзівілася: як яна не бачыла раней, што ў яе грацыёзная шыя, вялікія вочы і гладзенькая скура?

– Не такая ўжо я і пачвара, – падумала яна і не кінулася хавацца.

Яна ўсміхнулася і сказала ўсім:

– Прывітанне! Мяне завуць Лахнэска!

– Крум-крум-крум! – азваліся дарослыя жабы.

– Му-у-у! – рыкнула ўражаная Красуля і аддала гаспадыні ў два разы больш малака, чым звычайна.

Паднялося сонца. Яно зырка свяціла і сагравала ўсіх: і маленькіх, і вялікіх.

Паводле казкі "Мяне завуць Лахнэска" таксама быў знаты мультфільм.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 62

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама