10.07.2020
10.07.2020

«На Самсона дождж – сем тыдняў то ж…»

logo
Беларускі код
0 75
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

От даліся нам сёлета дажджы дык даліся! Хто б мог падумаць… Што наш дачны ўчастак як схаваецца пад вадой, быццам Атлантыда, так і не выплыве… Возера на яго месцы зараз, па якім вецер гоніць хвалі… А тут яшчэ сёння – Самсон Сенагной, дзень, пра які нашыя продкі казалі: «На Самсона дождж – сем тыдняў то ж…» Сапраўды, суцэльныя няшчасці ў высакосны год.

Сасон Сенагной. Абяцанне дажджоў.

Даўней такіх праяў, як дажджы ў ліпені, таксама не любілі. Бо ў самым разгары быў сенакос, калі людзі нарыхтоўвалі сена на зіму. А яно павінна было добра высахнуць. Адсутнасць неабходнай колькасці сена абяцала напаўгалодную зіму для свойскай жывёлы, чаго сяляне стараліся ні ў якім разе не дапусціць.

Таму на пакосы выходзілі ўсе, ад малых да старых. І кожны выконваў працу па сіле. Для дзяцей нават рабілі маленькія грабелькі, каб яны маглі варушыць скошаную траву. І менавіта дзеткі звярталіся да «нябеснай канцылярыі» з замовамі, каб перасталі ісці дажджы. Прыгаворваючы штосьці накшталт: «Радуга-дуга, не давай дажджа, давай сонейка – калаколнейка».

Зрэшты, пра дождж сяляне казалі, што ён глухі.

«Госпад яму сказаў:

– Ідзі туды, дзе цябе ждуць!

А дождж пайшоў туды, дзе жнуць.

Госпад загадаў дажджу:

– Ідзі, дзе цябе просяць!

А ён пайшоў туды, дзе сена косяць».

Пра гэта пісала і Алена Васілевіч у сваёй тэтралогіі «Пачакай, затрымайся…». Выдатна ў ёй выпісаныя сцэны з сялянскага жыцця, у тым ліку і сенакосы. Мая мілая мамачка таксама прыгадвала, што ўсё гэта – быццам пра яе вясковае дзяцінства…

Самон Сенагной. Сенакос для старых і малых.

А вы ўдзельнічалі ў сапраўдных сенакосах?! З касой ці граблямі? Калі на лузе шчыраваць патрэбна цэлы дзень, толькі з невялікімі перапынкамі. Мне вось у сваім вясковым дзяцінстве не давялося. Толькі з бацькамі на дзялянках з буракамі, якія ў той час у калгасе шчодра намервалі на лета нават настаўнікам… Ад кожнага, як кажуць,  па здольнасцях…

Я вельмі люблю пах свежаскошанай травы. І пах сена, асабліва свежага. І прыгожыя стажкі, якія так ажыўляюць краявіды. А яшчэ ж з дапамогай сена можна пазбавіцца ад закладзенасці носа і нават гаймарыту. І няхай сабе гэты рэцэпт адносіцца да народнай медыцыны, але даўней дапамагаў, і не раз.

Магчыма, камусьці таксама спатрэбіцца. Калі сітуацыя не вельмі запушчаная. Размова, праўда, ідзе пра сянную пацяруху, якую трэба даставаць з самага нізу стажка. Але мы ў свой час прасілі ў знаёмых проста жмені сена. А яшчэ калі дадаць туды лекавых травак…

Самсон Сенагной. Рэцэпты з сенам.

Рэцэпт для тых, хто добра пераносіць паравыя інгаляцыі. Бо пры пэўных відах захворвання яны забароненыя.

Добрую жменю сянной пацярухі (проста сена, сена + лекавыя травы) заліць 2 літрамі кіпеню, кіпяціць пад накрыўкай 10 хвілін на маленькім агні, яшчэ 5 хвілін настойваць. Накрыўшыся коўдрай, дыхаць над каструлькай з гаючай парай 10 хвілін. Чаргаваць: удыхаць носам – выдыхаць ротам, удыхаць ротам – выдыхаць носам. Поўны курс – 10 сеансаў. Але мне заўсёды хапала напоўніцу і сямі, а то і яшчэ меней. Прабівала закладзенасць носа выдатна!

Але вяртаемся да Самсона Сенагноя. Паколькі прыпадае ён акурат на купальскія дні, дык нашыя продкі прыкмячалі: «Да Івана паўдажджу не ўмоліць, пасля Івана баба фартухом нагоніць». А яшчэ да нашых дзён дайшла такая народная прыкмета: калі конскае шчаўе «плача» (а ў некаторых раслінаў ёсць такая асаблівасць, нават у хатніх, нават у «доларавага дрэва»), значыць, праз суткі-двое абавязкова пойдзе дождж. І такі барометр не падводзіць…

Самсон Сенагной. Калі барометр – конскае шчаўе.

Што ж да надвор’я гэтага тыдня, дык нам усё асцярожна абяцаюць: «Магчымы дождж». Вось і разумей, як хочаш… Няхай бы ўжо высушыла добра зямлю, траву ды сена. І людзям даў бы Самсон пагаспадарыць. Але тут ужо – як складзецца. Капрызлівая апошнім часам нашая прырода, і вельмі.

Так што звяртаемся сёння да «нябеснай канцылярыі» з просьбамі аб добрым надвор’і (і пажадана ажно да заканчэння лета), назіраем, ці плача конскае шчаўе, і… Косім ды грабём сена, калі ёсць такая магчымасць! Як і даўней, усё  – уручную…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 75

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".