1 Снежня
01.12.2018

Надвор’я нам – пяшчотна-снежнага!

logo
Думкі ўслых
102 0 26
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ну што ж, з зімой нас усіх, шаноўныя сябры! З першым днём каляндарнай зімы! Прыемна, што яго абяцаюць такім – марозным і сапраўды снежным. А каб яшчэ і сонечным! Праўда, невядома, якім канкрэтна абласцям ды раёнам пашанцуе пабачыць «белыя мухі» і наколькі іх будзе шмат… Але настрой у мяне з нагоды прыходу зімы сапраўды цудоўны! Чаго і вам усім шчыра жадаю!

Так, ужо зусім блізка зноў плюс на тэрмометры і дажджы. Як сцвярджаюць сіноптыкі... І гэта ў снежні! Праўда, у мяне заўсёднае спадзяванне на панядзелак, калі прагноз абнаўляецца і здаецца больш рэальным і дакладным. Таму калі і сапраўды зноў пакажуць парасончыкі з кропелькамі, дык хочацца спадзявацца, што ненадоўга. І што хаця б зіма парадуе нас сваёй звычайнасцю. А звычайнасці той сапраўды хочацца, праўда?! Бо нязвыкласцю гэтая пара года апошнім часам любіць здзіўляць.

Многія сайты стараюцца зацікавіць сваіх чытачоў прагнозам надвор’я на такую чаканую чароўную навагоднюю ноч, калі пасля апоўначы людзі сем’ямі і кампаніямі прыходзяць на забаўляльныя мерапрыемствы да ёлкі.  І не мае значэння, што прагнозы тыя не спраўджваюцца на 99-100%! Галоўнае – усе чытаюць і вераць. Часцяком – у дыяметральна супрацьлеглае. І чакаюць. А тады расчароўваюцца.

Але я ўпэўнена, што многія маюць сваю формулу цудоўнага настрою на 31 снежня. Падзяліцеся з іншымі, сябры! Давайце ствараць адчуванне свята разам!

Напрыклад, у нас у традыцыях вечаровая прагулка па святочна ўпрыгожанаму гораду ўвечары 31 снежня. Калі практычна ўсё ўжо зроблена-падрыхтавана. Праўда, тыя, хто якраз у гэты час яшчэ бяжыць у крамы па нешта неабходнае, незадаволена касавурацца ў наш бок. А знаёмыя нават і пытаюцца: “Як?! Вы ўжо ўсё зрабілі?! Вы проста гуляеце?!” Ну, так… Проста – гуляем… І ловім свой настрой у наваколлі! Пад зорным небам… Пад вулічнымі ліхтарамі… Пад вокнамі з мігатлівымі гірляндамі на іх…

Але здараецца, што ні сняжку няма 31 снежня, ні марозіку. А пад нагамі – слата. Тады прагулкі, вядома ж, адмяняюцца. А яшчэ калі і надвор’е досыць пахмурнае… Тады дзесьці а трэцяй дня я шчыльна ссоўваю шторы ва ўсіх пакоях і… Уяўляю, што там, за нябачнымі цяпер вокнамі, гурбы снегу!!! І што Новы год у нас традыцыйны ў плане надвор’я!

Атрымліваецца ўявіць яшчэ, мабыць, і таму, што ў мяне з дзяцінства ёсць любімы мульцік пра Сусліка. Калі не памыляюся, называецца «Страшная гісторыя». Там Суслік баяўся цемры і ценяў. І, між іншым, нездарма: Ліса сапраўды палявала на яго. Але аднойчы, калі ён ішоў дахаты цёмначы, дык вырашыў пераадолець свой страх.

І вось падыходзіць Суслік-баязлівец да сваёй хаткі, а Ліса абкруцілася вакол яе і чакае. Задаволеная такая…  І тут… Суслік заплюшчыў вочы ды кажа: “Светлым-светлым днём… Ішоў Суслік дахаты… І нікога не сустрэў!” І дзверы за сабою – ба-бах! І ледзь Лісе імі не па носе!!! А ў Лісы ад здзіўлення сківіца адвалілася!

Між іншым, калі падчас прыгатавання святочных страў ці іншых спраў 31 снежня ўключыць ноутбук і паставіць адзін са сваіх любімых навагодніх фільмаў…  Дзе, да ўсяго, яшчэ і гурбы снегу… Так лёгка ўявіць сябе ў снежнай казцы!

Ну, а сёння – выхадны! Значыць, ёсць магчымасць у цудоўным настроі прагуляцца па свежым паветры! У нас ужо дробны, але настойлівы сняжок прыцерушыў зямлю. Бялютка вакол... Выдатнага дня ўсім! І цікавых прыгод!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

102 0 26

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.