22.12.2022
22.12.2022

«Нам цікава разам». Тамара і Уладзімір Васюк пра каханне ў жыцці

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Дзве знакамітыя асобы ў беларускім сучасным мастацтве — Уладзімір і Тамара Васюк не перастаюць кранаць шчырым стаўленнем да жыцця і творчасці. Іх жыццёвы шлях можа стаць добрым сцэнарам для кнігі пра тое, як прыехаўшы па асобнасці з аднаго рэгіёну ў вялікі горад, яны сталі адным цэлым і перамаглі ўсё складанасці.

Асноўнай тэмай іх творчасці стала бацькаўшчына, а творы мастакоў прасякнуты глыбокай павагай да культуры і традыцый беларускай зямлі. Аўтары такія розныя ў напрамках мастацтва, але ж усе жыццё дапаўняюць адзін аднаго.

Зараз у мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» дэманструецца выстаўка керамікі і графікі «Творцы» сям’і Васюк. Экспазіцыя знаёміць гледачоў з творчасцю гэтых двух таленавітых беларускіх аўтараў. У межах адкрыцця праекта мастакі расказалі пра самыя цікавыя моманты і падзеі іх жыцця.

Тамара і Уладзімір Васюк

СУЛАДДЗЕ

— Уладзімір Уладзіміравіч, Тамара Іванаўна, у чым сакрэт даўгалецця вашай сям’і, і як творчасць уплывае на адносіны паміж вамі?

Уладзімір Васюк:

— Мы з Тамарай вельмі блізкія людзі. Добра падышлі па менталітэту, бо нашы вёскі на Гомельшчыне знаходзяцца недалёка адна ад адной. Мы нават нарадзіліся ў адзін месяц — я другога ліпеня, а Тамара на Купалле — шостага. Акрамя  ўсіх жыццёвых супадзенняў нас таксама аб’яднала мастацтва. Дзякуючы яму, мы заўсёды вучылі і вучымся адзін у аднаго.

Мы сустрэліся падчас вучобы. Я быў ужо пасля войска, а Тамара пасля дзявятага класа паступіла ў Мінскае мастацкае вучылішча. Затым разам вучыліся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце. Ужо на першым курсе ў нас нарадзіўся сын. Акадэмічны адпачынак не бралі. У Мінску ў нас нікога не было, таму дзіця не было з кім пакінуць, а дэкан прапанаваў нам не губляць год. Так і вучыліся: дзень я прыходзіў на вучобу, дзень Тамара. Вось у момант, калі сям’я толькі зарадзілася, мы адчулі, што такое суладдзе і пачалі яго берагчы. Тамара заўсёды была маёй музай і ў жыцці, і ў творчасці. Мне вельмі падабаецца, што мы працуем у розных кірунках мастацтва.

Тамара Васюк:

Нам цікава разам. Вось і ўвесь сакрэт. А увогуле мяне маці навучыла, што не трэба мужчыну мяшаць, яму трэба даць свабоду, каб ён мог сам прымаць рашэнні. У нас у сям’і ёсць сялянская тактоўнасць. Каштоўная рэч! Гэта значыць, што мы не будзем чапляцца адзін да аднаго проста ад нечага рабіць, нам цікавей папрацаваць. Я заўсёды ганаруся неверагодным адчуваннем пластыкі і формы Валодзі: усе дробнае ён робіць з вялікай адказнасцю і дасканала, не ўмее зрабіць наводмаш, нават калі гэта патрэбна.

— А ў чым заключаецца ваш працэс навучання ў сям’і? Гэта ніколі не перашкаджала развіццю індывідуальнасці?

Уладзімір Васюк:

Я б тут паглыбіўся ў філасофію. Жонка такі ж для мяне чалавек як маці. Мы ўдваіх крыху грубаватыя, але ж справядлівыя. Бывае, Тамара мне зробіць заўвагу, што можа не так намаляваў. А я з ёю не згодны. З ранку прыходжу ў майстэрню, гляджу на тую работу і разумею, што Тамара мае рацыю.

А ўвогуле, калі вярнуцца, да пачатку стварэння нашай сям’і, то мы перажылі шмат складанасцяў. Сёння няма патрэбы паглыбляцца ў руціну, мы атрымліваем задавальненне ў сям’і і на працу нам прыемна прыйсці. Напэўна, галоўнае, што мы не разменьваемся на дробязі. Паміж намі няма канкурэнцыі. Хіба што толькі белая зайздрасць ёсць (усміхаецца).

Мне падабаецца казаць Тамары, што я захапляюся яе творамі. Гэта ж такая ўнікальная магчымасць ганарыцца талентам свайго блізкага чалавека. Тым больш, Тамара апантаная керамікай. Яна вельмі злуецца на студэнтаў, якія прыйшлі вучыцца толькі дзеля дыплому. Яна паважае тое, што робіць.

Шлях жа мары Уладзіміра і Тамары Васюк

ШЛЯХ ДА МАРЫ

Уладзімір Уладзіміравіч, ведаю, што стаць графікам было вашай запаветнай марай. Як атрымалася, што ў Тэатральна-мастацкім інстытуце вы скончылі аддзяленне керамікі? 

— Некалькі разоў спрабаваў паступіць на графіку, але ж не атрымлівалася. Тады вырашыў паступаць на тую спецыяльнасць, дзе вучылася жонка. Памятаю, як узнікла думка, што падчас вучобы буду паралельна хадзіць і глядзець, як вучацца графікі, буду браць у прафесараў заданні. Так і атрымалася. Я ствараў работы ў матэрыяле: лінагравюры, афорты. Займаўся плакатам.

Упэўнена магу казаць, што разам з керамікай, скончыў аддзяленне графікі. Праўда, паспрачаўся з кіраўніком дыпломнага праекта, які казаў, што нічога ў мяне не атрымаецца. Я рабіў вялікія вазы так, як мне здавалася яны павінны былі выглядаць. А кафедра казала рабіць чысцей. У выніку я зрабіў дзве вазы: першую цалкам свой варыянт, а другую такую, якую патрабавалі правілы ўстановы. Калі ўсе скончылася, сказаў свайму кіраўніку, што больш не дакрануся да матэрыяла керамікі. Ну можа гэта і добра, бо два кераміста ў сям’і было б занадта.

— Пачуўшы такую гісторыю, хочацца даведацца, у чым для вас  асаблівасць графікі?

— Гліну, сам працэс лепкі — трэба па-сапраўднаму любіць, як гэта робіць Тамара. А ў мяне так атрымлівалася, што я нават дзесьці з прымусам гэта рабіў. Маляваць я любіў з дзяцінства. І дзякуючы графіцы ўсе мае ідэі мне атрымлівалася рэалізоўваць. Ёсць у мяне асаблівае пачуццё матэрыялу. Бярэш аркуш, адразу на ім пачынае вобраз з’яўляцца. А потым, калі пачынаеш яго напаўняць, знаходзішся ў працэсе пошуку пластыкі, масштаба, светаценю, адчуваеш, што гэта твой наркотык.

Увогуле мне падабаецца тэхніка алоўка. Колер я не надта люблю, таму што не жывапісец. Я выкладчык, і калі мае студэнты не разумеюць пра што кажу, калі расказваю пра тэхніку, я раю ім успомніць знакаміты мультфільм «Вожык у тумане». Там бачна, як павінна стварацца работа: спачатку трэба адпрацаваць першы план, пасля стварыць матэрыяльнасць.

Мне здаецца, што менавіта зараз я найбольш увайшоў у густ матэрыялу. Атрымліваецца ствараць твор мякка, пяшчотна. Я люблю пісаць пейзажы.

Тамара Васюк

— Тамара Іванаўна, а як вы прыйшлі да таго, што палюбілі кераміку?

— Я нарадзілася пад Гомелем. Давялося мне трапіць ў Палац піянераў і дакрануцца да Гомельскай школы мастацтваў, якая славіцца такімі майстрамі як Віталь Цвірко. Мой выкладчык Пакаташкін Валянцін Пятровіч як раз вучыўся ў Цвіркі. Таму мой пачатак быў не з керамікі, а з таго, што ёсць мастацтва. А паступаючы ў Мінск, думала пайду вучыцца на манументальнае мастацтва, а выпадкова трапіла на кераміку. Яна мне вельмі падабалася, але ж я баялася, бо не ведала яе як матэрыял.

Паступіла. І зноў мне пашанцавала сустрэць геніяльнага чалавека — мастака-кераміста Угрыновіча Уладзіміра Вікеньцьевіча. У яго можна было адзін год павучыцца і ведаць пра гліну ўсё. Калі пры Угрыновічы хто да гліны дакранаўся, у таго ж адразу ўся душа да справы прырастала. А майстры-керамісты з Івянца толькі яму давяралі свае сакрэты. Яны бачылі ў ім шчырасць і глыбіню.

Работы Тамары Васюк

Я калісьці складана магла паверыць у тое, што сама буду выкладчыкам. Таму што не люблю выкладчыцкай правільнасці. Я люблю нефарматна са студэнтамі ўзаемадзейнічаць, таму што такія ў мяне самой былі настаўнікі па жыцці. З іх бяру прыклад і сёння падчас працы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

У творчасці вы ўдваіх абралі тэму гісторыі і культуры, шмат твораў прысвячаеце роднай зямлі. Што паўплывала на выбар? Напісаўшы не адзін дзясятак твораў, адкуль чэрпаеце натхненне?

Уладзімір Васюк:

— Я сам з вёскі, таму вельмі люблю  прыроду. Я памятаю дрэвы, памятаю шолах лісця, памятаю, які ён — вясковы пах майго дзяцінства. Мне так важна пераносіць усе гэтыя працэсы ў творчасць, каб яны працягвалі жыць. Мне не зразумела, як на гэтую прыгажосць можна глядзець абыякава ці проста не заўважыць яе. Таксама я вельмі паважаю нашу гісторыю. Колькі  ў плакатнай справе прысвяціў твораў знакамітым беларускім культурным дзеячам, колькі сёння працягваю падглядаць жывых матываў вакол, якія пасля праяўляюцца ў маіх творах.

Творы Тамары Васюк

Тамара Васюк:

— Мне да сённяшняга дня здаецца, што ў нас з Валодзем шмат комплексаў.

Мы сапраўды многа атрымлівалі «па носе» падчас вучобы. Нам казалі, навошта вы прыехалі вучыцца ў Мінск, трэба было заставацца на вёсцы і займацца сельскай гаспадаркай. І гэта траўма да сённяшніх дзён.

Шмат нашага часу пайшло на тое, каб пазбавіцца ад іх. Падчас вучобы мы працавалі мастакамі-афарміцелямі ў Ленінскай бібліятэцы. Бібліятэка нам дала многае. Хоць складана было адначасова і вучыцца, і працаваць, у нас быў доступ да самай лепшай літаратуры. Мы чыталі і трымалі ў руках тыя рэдкія кнігі, якія немагчыма было знайсці. Менавіта гэта і дапамагло нам у далейшым шляху: нам не трэба было прыдумляць тэмы, нам многае падказалі тыя самыя кнігі, якімі мы зачытваліся.

Творы Уладзіміра Васюка

ПРА АСАБІСТАЕ

— Уладзімір Уладзіміравіч, ведаю, што вы добра ставіцеся да крытыкі і заўсёды шчыра можаце пакрытыкаваць як сябе, так і іншых творцаў…

— Калі ёсць крытыка, то гэта нармальна. Не трэба ставіцца да гэтага негатыўна. Наадварот, калі творцу крытыкуюць, ён будзе разумець, куды яму рухацца. Не бывае такога, што ты самы таленавіты альбо разумны, таму трэба, каб падказалі, направілі. Толькі крытычна падыходзячы да сябе, зможаш стаць сапраўдным творцам.

Мне здаецца, што нашай мастацкай сістэме не хапае пошуку новых формаўтварэнняў. У кожным жанры творчасці трэба шукаць, прыдумляць новае. Пазычаць у іншых краін альбо аўтараў не трэба. Можна ж нам вывучаць хаця б сваю прыроду. Калі любую тэму новай формай уздымаеш, дык яно заўсёды цікава і актуальна. Што робіцца сёння? Шчыпанулі ў аднаго класіка, звярнуліся да іншага, дык гэта заўсёды праяўляецца. А трэба захоўваць індывідуальнасць. Я заўсёды бачу ў студэнтаў, калі яны ідэю падглядзелі ў інтэрнэце. Прашу іх, каб працавалі сваёй галавой, толькі тады можна разлічваць на новыя імены ў мастацтве.

Скульптура Тамары Васюк

— Калі азірнуцца назад і ўспомніць увесь творчы і сямейны шлях, вы  дасягнулі ўсяго, што хацелі?

Тамара Васюк

— Мы дасягнулі нават болей. А гэта дзякуючы таму, што нам шансавала на добрых і цікавых людзей, якія нам дапамагалі. У тым ліку нам пашчасціла, што мы былі знаёмыя з Уладзімірам Караткевічам. Я памятаю, як ён сказаў, што даўно не чуў такой сапраўднай беларускай мовы як у мяне. А я яму ў адказ сказала, что я размаўляю на трасянцы. Уладзімір Сямёнавіч папрасіў пры ім больш не казаць гэтага слова, бо ён яго не разумее. Гэта для мяне была вялікая адзнака, якую я да сённяшніх дзён успамінаю з павагай. А праз некалькі гадоў я даведалася, што ў дзённіку пісьменніка былі занатаваны ўспаміны пра нашу сустрэчу.

Баланс у творчасці і адносінах. Наталля і Рыгор Івановы расказалі пра дыпламатыю ў сям’і

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама