19 Лютага
19.02.2021

Народная медыцына vs сучасная доказная. А як лечыцеся вы?

logo
Навiны
0 048
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Яшчэ падчас асабістай сустрэчы з даследчыкам народных традыцый і народнай медыцыны Таццянай Валодзінай, інтэрв’ю з якой з’явілася на нашым інфармацыйным партале тыдзень таму, дужа шмат усяго ўзгадвалася па гэтай тэме. І ўласнае захапленне фітатэрапіяй, і нетрадыцыйныя метады лячэння, выпрабаваныя на сабе… Вось і захацелася падзяліцца думкамі з вамі, шаноўныя сябры. І заадно папытацца: а вы давяраеце народнай медыцыне? Выкарыстоўваеце штосьці з яе рэцэптаў?

Народная медыцына. Травалячэнне.

Плюс толькі ўчора прайшла тэст на адным з сайтаў, дзе пыталіся, ці можа чалавек адрозніць дзейсныя парады з народнай медыцыны ад бескарысных? Ну, вынік-то мяне не здзівіў… 10/10. Так часцяком бывае ў мяне з тэстамі. Проста адказы на пэўныя пытанні ты ведаеш дакладна, а на іншыя – на ўзроўні інтуіцыі. Але разумееш, што адказаць трэба менавіта так, бо складальнікі гэта і мелі на ўвазе. А ў вас так бывае?

Што тычыцца слоўнага выніку, дык было напісана пад маёй дзясяткай літаральна наступнае: «За вас мы спакойныя. Вы давяраеце толькі правераным спосабам лячэння». Як кажуць, дробязь, а прыемна. 🙂 Тым больш, услед за маёй мілай мамачкай, прывучаная з дзяцінства да травалячэння, у гэтай справе я сапраўды давяраю інтуіцыі і ўласным адчуванням. Мо, так і трэба?

Напрыклад, калі пасля кубка гарабаты з мелісай сапраўды супакойваецца галаўны боль (асабліва, калі захопліваеш яго на самым пачатку), дык навошта прымаць таблетку? Альбо калі ціск (не крытычна высокі) сапраўды зніжаецца, калі павольна выпіць шклянку гарачай гатаванай вады чайнай лыжачкай альбо нацерці ступні ног воцатам, надзець шкарпэткі і пахадзіць па хаце… Правераных рэцэптаў і прыёмаў шмат. Але ўсе яны сапраўды дзейнічаюць настолькі індывідуальна…

Народная медыцына. Як суцішыць галаўны боль.

Зрэшты, звяртаю вашу ўвагу, шаноўныя сябры, на тое, што на нашым інфармацыйным партале напісана пасля кожнага матэрыялу: «Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by».

Таму і гэтыя мае думкі, разважанні і ўзгадкі ні ў якім разе не ўспрымаем як кіраўніцтва да дзеяння. Я ўвогуле за тое, каб прытрымлівацца залатой сярэдзіны паміж доказнай і народнай медыцынай. Бо калі шматкроць праверана на сабе і працуе… Як я магу гэтаму не давяраць?! Няхай нават і ніяк не вытлумачыш гэта з пункту гледжання сучаснай навукі, як сышліся мы ў меркаваннях з шаноўнай Таццянай Валодзінай, узгаданай мной на пачатку. Ведаеце, вельмі прыемна сустракаць чалавека з такімі ж думкамі і мераваннямі. А яшчэ калі гэта навуковец… 🙂

Кожны з нас, вядома ж, выбірае тое, што яму падаецца правільным, карысным, выніковым, праўда? Калі адзін час у мяне было падазрэнне на гаймарыт, якраз трапілася на вочы добрая парада: рабіць інгаляцыі з пацярухай з сена (мы бралі само сена). І што вы думаеце?! 6-7 сеансаў (там раілі да 10) – і нос дыхаў. Як новенькі.

Народная медыцына. Інгаляцыі з сенам пры гаймарыце.

«Ай, там не гаймарыт тады быў!» – адмахнуцца скептыкі. На жаль, ён. І такі стан мог узнікаць не адзін раз на год, некалькі гадоў запар. І рэцэпт нязменна мяне ратаваў. А пасля я і зусім забылася на праблему (цьфу-цьфу-цьфу! Ага, таксама прымхі! 🙂 ).

Апошнім часам мой нос (што дзіўна, у абедзвюх маіх пляменніц гэткая ж праблема) чуйна пачаў рэагаваць на вецер. Толькі пройдзешся па ім – закладвае. Вядома ж, ёсць і тут свогй дыягназ. Толькі я не аматар наведвання ўрачоў. J А вось пляменніцы былі. У розных. Неаднойчы. Думаеце, вылечыліся?! Не-а!

А ў мяне праблема вырашылася (хаця і часова толькі, мабыць) дзіўным чынам. Варта было… пачаць насіць маску і на вуліцы ў холад. Усё! Нос больш не балуецца… 🙂

А што тычыцца гаймарыту і такога ацалення ад яго з дапамогай народнай медыцыны... Гэта мой асабісты выбар, бо з дзяцінства я баюся (даруйце!) дактароў і бальніц. Дужа ўжо негатыўны вопыт атрымала яшчэ ў 9-гадовым узросце.

А вось мая добрая знаёмая і суседка па пад’ездзе, сама медсястра, натуральна, выбірае для ацалення сродкі традыцыйнай доказнай медыцыны, у тым ліку і хірургічнае ўмяшанне.

Аднойчы паскардзілася, што, па ўсім відаць, зноўку гаймарыт накінуўся. Я прапанавала ёй рэцэпт інгаляцый напісаць. «Ой, ты што! – пачула ў адказ. – Я лепей пракол зраблю…» Вось так, без праблемаў. А для мяне б гэта быў – стрэс, шок! Таму і кажу, што ўсе мы розныя... 🙂

Народная медыцына. Традыцыйная медыцына. Пракол пры гаймарыце.

Пра сваю пяшчотную любоў да лекавых раслінаў пісала, і не раз. Пра вопыт выкарыстання «Фітагору» – таксама. Праўда, у гэты сезон піць яго не рызыкнула. Бо ўсе гэтыя непаразуменні з каранавірусам, імунітэтам і г.д. Лепей пачакаць.

Што тычыцца замоў ды іншых дзействаў магічна-рытуальнай медыцыны… Неяк у дарослым жыцці не было нагоды звяртацца да знахараў. Таму са свайго вопыту нічога не магу сказаць. А вось з вопыту даследчыка народнай медыцыны Таццяны Валодзінай… Сачыце за публікацыямі!

І ўсё ж… А вы якую медыцыну звычайна выбіраеце?! 🙂

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 48

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.