22.10.2022
22.10.2022

Гісторыя жанчыны, якая перамагла заіканне

logo
Асобы i лёсы
0 70
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Наталля Абакумава з дзяцінства марыла стаць вучоным, але большую частку жыцця прапрацавала бухгалтарам. Але і за дзіцячай марай, і за рэальнай прафесіяй стаяла адна мэта – звесці да мінімуму жывыя стасункі з рэальнымі людзьмі. Усё таму, што Наталля заікалася. Любая неабходнасць жывых стасункаў выклікала страх і культывавала комплексы. Але ўсе гэтыя гады, прызнаецца Наталля, яна разумела, што ёй чагосьці не хапае. Аказалася, не хапае таго, чаго яна старанна спрабавала пазбягаць увесь гэты час, – стасункаў з людзьмі.

Сёння Наталля Абакумава кіруе цэнтрам «Актывацыя маўлення» для людзей, якія заікаюцца, і сама праводзіць трэнінгі. І – так, Наталля больш не пакутуе ад дэфекту маўлення.

Заіканне ў дзяцей і дарослых

Асабістая гісторыя

– Я пачала заікацца ў 6 гадоў. Правільней сказаць, даведалася, што заікаюся. Я прыйшла ў краму, каб штосьці купіць, але калі падышла чарга, не змагла нічога вымавіць. І тады прадавец пачала на мяне крычаць. Я ўпала ў ступар. Вось менавіта ў той момант і ўсвядоміла, што ў мяне ёсць праблема і гэта штосьці вельмі страшнае, чаго ні ў якім разе нельга праяўляць на людзях.

Я была дзіцем, і дарослыя мелі для мяне значэнне, аўтарытэт. У сям'і на мяне ніхто ніколі не крычаў... Таму гэта быў нечаканы і непрыемны вопыт, які і ўсяліў у мяне страх: страх перад маўленнем, страх, што гэта можа здарыцца яшчэ раз...

Усё адбылося ўлетку, а ўвосень, калі я пайшла ў першы клас, маўлення ў мяне ўжо не было. Усе гады вучобы мяне практычна не выклікалі на ўроках, я ўсё роўна не магла нічога адказваць. Мне было складана заводзіць новыя знаёмствы. І – так, я больш не хадзіла ў краму па прадукты ажно да заканчэння школы...

Але ў стасунках з аднагодкамі асаблівых цяжкасцяў не было. Праблема «ўключалася» ў моманты так званага абавязковага маўлення, калі спыталіся – і адказаць трэба. Памятаю, калі ў пачатковых класах школы мяне выклікалі адказваць, я потым садзілася і пад сталом раздзірала рукі ў кроў, каб даць выхад эмацыянальнаму болю, які раз'ядаў мяне знутры.

Нават пасля таго, як маўленне палепшылася, непрыняцце сябе, свайго маўлення, страхі ўсё яшчэ заставаліся. Большую частку жыцця я пражыла, будучы чалавекам са схаваным заіканнем: фармулявала фразы, рабіла паўзы, замяняла слова, г.зн. прыкладала максімум намаганняў, каб маскіраваць сваё заіканне... Паміж думкай і тым, што вымавіць, ішла велічэзная ўнутраная праца. І я цалкам дапускаю, што многія людзі нават не здагадваліся, што я заікаюся.

Як вылечыць заіканне

Заіканне 2

Дапамагаючы сабе, дапамагай іншым

– 8 гадоў таму (у 2014 годзе) я выпадкова ўбачыла ў інтэрнэце  аб'яву, што адкрыўся клуб для тых, хто заікаецца, – «Я кажу вольна!». Яго заснаваў чалавек, які сам заікаўся, – Дзяніс Сотнікаў. На жаль, гэты клуб ужо не працуе. Але ён стаў для мяне першай прыступкай, каб вырасці з чалавека з нізкай самаацэнкай і кучай комплексаў у вольную, упэўненую асобу і ўжо самой дапамагаць людзям з праблемамі заікання.

Дапамога псіхолага заключаецца перш за ўсё ў тым, каб змяніць стаўленне да заікання – прыбраць велічэзны негатыў, яміну, у якую правальваецца чалавек, які заікаецца, калі яму трэба з кімсьці размаўляць. Пазбавіцца ад страху, сораму, агіды да сябе, якія ён можа нават не ўсведамляць, заціснутасці мышачнай і псіхалагічнай, бо ўсё гэта ўключаецца адначасова.

Мы працуем з тымі, хто можа вольна размаўляць пры пэўных умовах (напрыклад, калі знаходзяцца сам-насам з сабой). Ёсць дзіўная заканамернасць: гэтыя людзі, як правіла, амаль не заікаюцца яшчэ ў дзвюх сітуацыях: калі праходзяць медкамісію ў армію і на прыёме ў спецыяліста з нагоды заікання. Гэта значыць тады, калі заікацца і можна, і трэба. І няма ўнутранага страху перад заіканнем. Дык вось наша задача – прыбраць страх і ў іншых сітуацыях!

 

Заіканне 4

Праграма Цэнтра «Актывацыя маўлення» заснаваная на трох кітах: псіхалогіі, прамоўніцкім мастацтве і акцёрстве (альбо эмацыянальным інтэлекце, працы з эмоцыямі). Працуючы ў гэтых накірунках, чалавек пачынае мяняць сваё стаўленне да заікання, адпрацоўвае новыя мадэлі паводзінаў пры стасунках з іншымі людзьмі, вучыцца праяўляць і распазнаваць свае эмоцыі. Усё гэта прыводзіць да таго, што паступова маўленне робіцца больш вольным, а заіканне перастае ўплываць на жыццё і абмяжоўваць магчымасці.

Перад пачаткам нашых заняткаў мы робім размінку (падобную робяць на ўсялякіх прамоўніцкіх, акцёрскіх курсах). Гэта размінка і для цела, і для артыкуляцыйнага апарата... Яна рыхтуе чалавека да таго, што яму трэба будзе шмат гаварыць.

Мы працуем з перакананнямі. Складаем канкрэтныя спісы: што чалавек думае пра заіканне, як сябе адчувае, што, на яго думку, пра яго думаюць людзі, з якімі даводзіцца мець стасункі, і г.д. Канкрэтна прапісваем кожнае перакананне і перапісваем яго на іншае, пазітыўнае.

Заіканне 5

Мы трэніруемся мяняць свае паводзіны ў працэсе стасункаў. Бо механізм заікання настроены на пэўную мадэль паводзінаў. Калі чалавек штосьці мяняе ў ёй, дык і заіканне знікае, бо не ўпісваецца ў звыклы стэрэатып. Напрыклад, той, хто заікаецца, вучыцца размаўляць гучна, жэстыкуляваць, мяняць інтанацыі – гэта ўсё прамоўніцкія прыёмы, якія вельмі патрэбныя для чалавека, які заікаецца. Любы перастане заікацца, калі са звыклага ціхага маўлення пяройдзе на гучнае.

Ёсць яшчэ адзін важны момант: уменне бачыць суразмоўца. Той, хто заікаецца, часцей за ўсё увесь у сваіх думках, перажываннях, удасканаленні «небяспечных» слоў, на якіх ён можа пачаць заікацца...

Як пераадолець страх заікання. Карысныя парады

– Ёсць такі спосаб, як наўмыснае заіканне, г.зн. пры стасунках вы пачынаеце заікацца спецыяльна (можна пачынаць са стасункаў са сваякамі), пры гэтым вы самі кантралюеце і вырашаеце, дзе вам заікацца, а дзе не. Самае цікавае, што гэты прыём найбольш эфектыўна працуе з людзьмі, якія заікаюцца вельмі моцна: знікаюць тыя страшныя ступары, калі яны доўга не могуць наогул нічога сказаць. Гэта спосаб для смелых, але паспрабаваць варта ўсім.

Заіканне 5

Мяняйце манеру маўлення. Паспрабуйце казаць вельмі гучна – гук робіць маўленне больш вольным. Гэта не значыць, што давядзецца цяпер пастаянна і ўсюды гаварыць на павышаных танах. Важна іншае: прывыкнуць гаварыць вольна. Можна браць верш у інтэрнэце, які выразна чытае акцёр, і, паўтараючы за ім, літаральна капіяваць інтанацыю, танальнасць, змены тэмбру, гучнасці... Гэта прыводзіць да зняцця заціскаў у целе, горле, псіхіцы. Вядома, перш чым убачыць вынікі, пройдзе час. Але ж вы ўсё жыццё практыкавалі іншую мадэль маўлення. Натуральна, што цяпер таксама патрэбны час, каб яе змяніць, стварыць новую. Гэта цікавы, займальны, творчы працэс.

Дазвольце сабе заікацца. Мы ўсе жывем у соцыуме, і нам даводзіцца ўвесь час з кімсьці кантактаваць, перыядычна ў новым асяроддзі. Пры новым знаёмстве лепей адразу прызнацца суразмоўцу, што заікаецеся. Няхай гэта будзе першая фраза. Гэта чамусьці складана зрабіць. Але прызнанне здымае велізарнае ўнутранае напружанне і тым самым дае магчымасць гаварыць вольна. Сёння перад інтэрв'ю я хвалявалася. Што ж я зрабіла? Я дазволіла сабе заікацца. Ужо толькі гэта гарантуе 80% свабоды ад заікання.

Выберыце стратэгію паводзінаў, калі пачняце заікацца: наўмыснае заіканне, павольнае ці гучнае маўленне, паўзы, плаўнае дыханне... Паспрабуйце гэта свядома выкарыстоўваць у канкрэтнай сітуацыі – і ўпэўненасць вернецца.

Выканайце некаторыя нескладаныя фізічныя практыкаванні, калі вам, напрыклад, трэба будзе публічнае выступленне або стасункі ў незнаёмай кампаніі. Гэта дапаможа пазбавіцца ад фізічнай скаванасці, расправіць плечы, зняць напружанне – з цела, з голасу. Практыкуйце дыхальныя тэхнікі, якімі карыстаюцца акцёры, прамоўцы, спевакі, так званае дыяфрагмальна-рэбернае дыханне.

Трымайце фокус-увагу на суразмоўцы, а не на тым, як вы кажаце, як прамаўляеце словы. Слухайце не сябе, а суразмоўцу. Калі гэта публічнае выступленне – падрыхтуйцеся і адрэпетуйце загадзя прамову, можна перад люстэркам.

Працуйце над самаацэнкай. Гэта важна, каб прыбраць унутраныя комплексы і адчуваць сябе ўпэўнена ў любой сітуацыі. Карысна практыкаваць тэхніку самапрэзентацыі. Яна заключаецца ў тым, каб штодня здымаць на тэлефон невялікія ролікі са сваім удзелам (чытаць на камеру вершы, прозу, імправізаваць і г.д.). Затым, пачынаючы з родных і блізкіх, паступова пашыраць аўдыторыю гледачоў. Погляд на сябе збоку, «падабайкі» і пазітыўныя каментары дапамогуць вам прыняць сябе такім, які вы ёсць.

Відэа – Андрэй Васкрасенскі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 70

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама